Нагадаем, што яшчэ напачатку бягучага года ва Управу Партыі БНФ быў дастаўлены ліст са ЖРЭА Савецкага раёна сталіцы, ў ім паведамляся, што партыя БНФ і ГА «БНФ Адраджэнне» павінны вызваліць памяшканне па заканчэнні тэрміну арэнды — у сакавіку 2011 года.

У лісце таксама адзначалася, што новыя дамовы арэнды заключацца не будуць.

Фармальнай прычынай называецца тое, што нібыта цягам 3-х месяцаў у 2010 годзе ўзнікалі запазычанасці па аплаце арэнды.

Аднак паводле старшыні парты БНФ Аляксея Янукевіча, названыя прычыны  цалкам надуманыя. Максімальныя пратэрміноўкі аплаты, што ўзнікалі цягам мінулага года, складалі 3 дні.: “Шчыра кажучы, сітуацыя вакол мінскага офіса нашай партыі застаецца падвешанай”, — прызнаўся “Народнай Волі” старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Ад майго імя было накіравана некалькі лістоў у Камітэт дзяржмаёмасці, у Мінгарвыканкам на імя старшыні Ладуцькі. З адказаў, атрыманых з гэтых дзяржустаноў, вынікае, што ніхто не хоча браць адказнасць на сябе. Нас пусцілі па бюракратычным коле. Мінгарвыканкам адказвае, што гэта пытанне ў кампетэнцыі ЖРЭА Савецкага раёна сталіцы, ЖРЭА ківае ў бок Камітэта дзяржмаёмасці, Камітэт дзяржмаёмасці раіць звяртацца ў Мінгарвыканкам і ЖРЭА… З гэтага можна зразумець, што ў рэшце рэшт рашэнне аб тым ці пакінуць нашай партыі мінскі офіс на Машэрава 8 будзе насіць выключна палітычны характар…”

У той жа час Аляксей Янукевіч адзначае, што па настроях адказных за гэтае пытанне чыноўнікаў можна зразумець — офіса на Варвашэні 8 у БНФ не будзе.

“Днямі намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў наведаў Мінгарвыканкам. Дзе сустракаўся з намеснікам старшыні спадаром Каўтовічам”, — гаворыць Янукевіч. — У ходзе размовы Каўтовіч нагадаў, што у партыі БНФ у мінулым годзе былі пратэрміноўкі па аплаце арэнды памяшкання, а ЖРЭА ў такіх выпадках павінна дзейнічаць строга… Намеснік старшыні Мінгарвыканкама намякаў, што ў сталіцы ёсць шмат іншых памяшканняў, за якія можна плаціць танней…”

Нягледзячы на гэта сіаршыня партыі БНФ гаворыць, што пошукі новага памяшкання для партыйнага офіса яшчэ не распачыналіся: “За офіс на Варвашэні, 8 мы будзем змагацца да канца”, — адзначыў ён.

Поделиться: