ЕФЖ звярнулася з адпаведнымі лістамі ў Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі, Палату прадстаўнікоў, Савет міністраў і Міністэрства інфармацыі, паведамляе прэс-служба БАЖ.

«8 лютага 2011 года адзначаецца другая гадавіна ўступлення ў сілу Закона „Аб сродках масавай інфармацыі“. Практыка яго прымянення засведчыла яго слабыя бакі і недэмакратычную сутнасць», — гаворыцца ў зваротах ЕФЖ.

Арганізацыя адзначае ў якасці «слабых бакоў» закона дазвольны парадак рэгістрацыі і дадатковыя падставы для папярэджанняў СМІ, неабароненасць журналістаў-фрылансераў, пытанні акрэдытацыі (у тым ліку карэспандэнтаў замежных СМІ), рэгуляванне дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі ў інтэрнэце і некаторыя іншыя моманты.

«Беларуская асацыяцыя журналістаў, арганізацыя-сябра Міжнароднай Федэрацыі журналістаў, а таксама Офіс прадстаўніка АБСЕ па свабодзе медыяў прапаноўвалі свае заўвагі да праекта закона „Аб СМІ“ яшчэ на стадыі яго прыняцця, але большасць гэтых прапаноў не былі ўлічаныя, — адзначаецца ў лістах. — Міжнародная федэрацыя журналістаў разам з іншымі міжнароднымі арганізацыямі неаднаразова заклікала беларускія ўлады распачаць неадкладныя медыя-рэформы і прапаноўвалі сваю экспертную дапамогу ў гэткім рэфармаванні. Усе гэтыя заклікі былі праігнараваныя ўладамі Беларусі».

ЕФЖ заклікала беларускія ўлады «скарыстаць экспертны патэнцыял міжнароднай супольнасці, а таксама экспертаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці ўнутры краіны, каб палепшыць медыя-заканадаўства і прывесці яго да міжнародных стандартаў у галіне свабоды выказвання».

«Свабода прэсы з’яўляецца фундаментальным правам, якое прызнаецца Арганізацыяй аб’яднаных нацый, а таксама Еўрапейскай Канвенцыяй правоў чалавека і Еўрапейскай Хартыяй фундаментальных правоў. Права журналістаў працаваць вольна з’яўляецца ключавым элементам здаровага і жывога грамадства», — адзначаецца ў зваротах Еўрапейскай федэрацыі журналістаў.

Поделиться ссылкой: