Прадстаўнікі незалежных аналітычных цэнтраў, палітыкі, сябры камандаў дэмакратычных кандыдатаў і грамадскія лідары падсумавалі вынікі “вялікага” палітычнага году і прааналізавалі ўплыў падзей 19 снежня на грамадства. Эксперты абмеркавалі далейшыя траекторыі развіцця краіны і магчымыя стратэгіі дзеянняў для грамадзянскай супольнасці.

Як адзначалася, пасля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у знешнепалітычнай сферы сітуацыя ў Беларусі рухаецца па тым жа самым коле. Еўропа, нягледзячы на радыкальную рыторыку, рэальна сваіх дзеянняў, параўнальна з 2006 годам, істотна не змяніла. Узаемадачыненні па лініі ЕС-Беларусь адбываюцца па наступнай схеме: канфлікт з нагоды выбараў і парушэння правоў чалавека — барацьба за вызваленне палітвязняў у форме дыялога — вызваленне палітвязняў — замірэнне / уяўная лібералізацыя — новы канфлікт. Удзельнікі круглага стала абмяркоўвалі, якім чынам пазбегнуць гэтага зачараванага кола, якое, відавочна, зараз круціцца шпарчэй з-за неспрыяльнай для ўладаў эканамічнай сітуацыі. 

“Мяне вельмі цешыць, што бадай упершыню пасля мінулых  выбараў у такой прадстаўнічай кампаніі экспертаў і дзеячаў мы паступова пачалі адыходзіць ад тэмы “Што адбылося?” і пераводзіць дыскусіі ў практычную плоскасць па тэме “Што рабіць? — распавёў юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў. — У прынцыпе, я ўдзельнічаў апошнім часам у шэрагу фармальных і нефармальных дыскусій і, як мне падаецца, гэтая сустрэча была беспрэцэдэнтнай як па шчырасці, так і па канструктыўнасці размоў асоб, якія прадстаўляюць адрозныя пункты гледжання і розныя стратэгічныя пазіцыі. Калі браць падзеі 2006 года, то там сітуацыя непаразумення і нявызначанасці паміж прадстаўнікамі дэмакратычных арганізацый працягвалася большы час, чым зараз”. 

Факт прысутнасці на мерапрыемстве прадстаўнікоў Асамблеі НДА, Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў BISS, Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці “Ўсходняга партнёрства, прадстаўнікоў кампаній апазіцыйных кандыдатаў, сябраў дэмакратычных партый дае спадзяванне на кансалідацыю ў бачанні, кансалідацыю ў падыходах прыхільнікаў дэмакратычных пераўтварэнняў. 

Нагадаем, удзел у мерапрыемстве прынялі: публіцыст Аляксандар Класкоўскі, сацыёлаг Сяргей Нікалюк, палітыкі Вінцук Вячорка і Віктар Івашкевіч, палітолагі Андрэй Казакевіч і Андрэя Ягораў, грамадскія дзеячы Сяргей Мацкевіч, Алег Гулак і іншыя. 

Поделиться: