“Трошкі распавяду, як я тут жыву, каб вы не хваляваліся. Раніца ў мяне пачынаецца а шостай! Такі да, жыццё ўсё ж такі прымусіла, не ўсё ж аб 11 падымацца! Я ўмываюся і п’ю каву. Недзе ля 7-й я пачынаю прачынацца… І каб ачухацца канчаткова, ну хаця б на працэнтаў эдак 80%, я выпіваю яшчэ адну каву і дадаю да рацыёну якую вашу кашку. […] А 8-й у нас праверка, там я здаю табе лісты. З 9.30 да 11.30 на гадзінку-другую можна выбрацца на прагулку. Я, шчыра кажучы, выбіраюся не так часта, паколькі, на жаль, пазнавата засынаю, таму да гадзін 11 стараюся паспаць. Забіць нечым цэлы дзень складана, паколькі ў адрозненні ад той жа Валадаркі тут нельга перадаваць сваёй літаратуры, каб вучыцца, ці тое, каб чытаць нешта карыснае і сабе ў задавальненне.

З літаратуры тутэйшай мне перадаюць выключна жаночыя раманы! Не дарэмна я іх ніколі не чытала! Тут для гэтага часу больш чым дастаткова! У дадатак да любоўных раманаў па тэлевізары нам пачалі паказваць сэрыял “Найноўшая гісторыя Беларусі”. А я яшчэ мела смеласць калісьці казаць, што нашы турмы толькі завочна маюць назву “выхаваўчых устаноў”!

Ну, і без “жоўтай прэсы” карцінка была б няпоўнаю! Я не ведаю, што цяпер адбываецца ў свеце і якія навіны ў нашай Сінявокай, але пра новую дзяўчыну Малахава і эратычную фотасесію Валачковай я ў курсе! Дзякуй “Камсамолцы”! Гэта адзіная газета, якую прыраўнялі да ўзроўню любоўных раманаў і якую перадаюць мне ў камеру. Пэўна, “Народнай Волі”, “БелГазеце” і “Нашай Ніве”, як і шэрагу іншых СМІ, трэба паболей надаваць увагі свецкай хроніцы. Без гламуру ў турме ніяк! […]

Усім вялікае прывітанне! Мне ўсіх вельмі не хапае!

P.S. Мне, дарэчы, перадалі тры паштовачкі, што былі без усялякіх пазнак. Я, на жаль, нават не ведаю, ад каго яны, але ўсё роўна вельмі і вельмі прыемна”.

Поделиться ссылкой: