Яны цвердзяць, што заява экс-кандыдата 20 снежня падзяліла стаўленне да яго партыйцаў.

У кіраўніцтве Аб’яднанай грамадзянскай партыі тры чалавекі. Старшыня Анатоль Лябедзька дагэтуль знаходзіцца за кратамі “амерыканкі”. Яго часова замяніў ганаровы старшыня – Станіслаў Багданкевіч. На сваіх месцах два намеснікі – Леў Марголін і Яраслаў Раманчук.

Што будуць сёння абмяркоўваць партыйцы? – пытаюся Льва Марголіна:

“У парадку дня – тры пытанні: аб выніках выбарчай прэзідэнцкай кампаніі; аб становішчы ўнутры партыі і аб задачах на бліжэйшы пэрыяд”.

Пытаюся суразмоўцу, ці ўзнікне, на яго думку, падчас дыскусіі пытанне пра паводзіны кандыдата ў прэзідэнты ад АГП?

“Канечне, ўзнікне. Спецыяльна мы яго ў парадак дня не ставім. Але ж гэтай тэмы не пазбегнуць”.

На пытанне, ці ёсць у яго асабістае стаўленне да паводзінаў Яраслава Раманчука Леў Марголін адказаў так:

“Яно, вядома, ёсць. Але я не хацеў бы яго агучваць, каб ніякага ціску на іншых не аказваць. Мы як раз хочам шчыра і адкрыта паразмаўляць. І прыйсці да кансэнсусу. Трэба паслухаць Яраслава. Са мной ён сустракаўся, але з большасцю актыву – не. Таму мне не хацелася б нешта казаць пакуль што”.

А вось адзін з вэтэранаў АГП Віктар Карняенка лічыць: Раманчук заслугоўвае выключэння з партыі:

“У гэтай сітуацыі трэба ўсё ўлічваць. І я таксама ўсё ўлічваю – і тое, што на Яраслава быў ціск, і ўсё астатняе. Я думаю, што яму не месца ў АГП. Ён не толькі падвёў нашу арганізацыю, але яшчэ і вельмі моцна сапсаваў імідж гэтай арганізацыі, калі даў характарыстыкі іншым кандыдатам. Мне здаецца, што гэта вельмі сур’ёзная памылка, за якую трэба адказваць”.

Дарэчы, даклад па першаму пытанню робіць сам Яраслаў Раманчук. З гэтай нагоды ён сказаў “Свабодзе”:

“У мяне будзе даклад пра тое, як прайшла кампанія, як я яе ацэньваю. Таксама ў мяне ёсць бачанне, як мусіць будавацца партыя, як яе можна капіталізаваць на тых дасягненнях, што былі падчас кампаніі. Ёсць таксама рэкамендацыі, як павінны дзейнічаць рэгіянальныя і цэнтральныя арганізацыі, калі старшыня партыі знаходзіцца ў турме. Я асабіста лічу, што сёння немэтазгодна ставіць пытанне пра старшыню партыі, таму што адзіны старшыня, які ёсць і які ім будзе, гэта Анатоль Лябедзька”.

Я спытаў былога кандыдата ў прэзідэнты, ці гатовы ён да таго, што на паседжанні паставяць пытанне аб выключэнні яго з шэрагаў партыі?

“Паглядзім, як сябры Нацкаму будуць рэагаваць. Будзем абгрунтоўваць усе прапановы, усе пытанні дэмакратычна. Будзем галасаваць, у нас жа дэмакратыя”.

Поделиться: