— Затрымалі мяне ўдзень 17 студзеня, калі я прыйшоў да будынка КДБ, з тым каб зрабіць рэпартаж са сваякамі вязняў СІЗА. Раптам да мяне выйшаў чалавек “у цывільным” і загадаў прайсці з ім. Завялі ў будынак КДБ. Забралі пашпарт і рэдакцыйнае пасведчанне, прычым сказалі, што цягам паўгадзіны правераць дакументы і адпусцяць… Праз паўгадзіны да мяне і сапраўды выйшла “група таварышаў” у цывільным, але не дзеля таго, каб адпусціць… Мяне пасадзілі ў машыну і павезлі дахаты — на ператрус. Ператрэслі кватэру, забралі пару флэшак, відавочна, што шукалі ўсё, што можа мець дачыненне да падзей 19 снежны 2010 года ў Мінску. Пасля ператрусу мяне павезлі назад у КДБ. Там быў допыт. Мяне дапытвалі ў якасці сведкі аб усім вядомых падзеях… Паказвалі фотаздымкі нейкіх людзей, прасілі, каб я іх апазнаў. Такія паказанні я даваць адмовіўся…

З допыту ў КДБ мяне зноў павезлі на ператрус. Праўда, на гэты раз на кватэру майго брата. Справа ў тым, што падчас асабістага дагляду ў мяне знайшлі плацежку за камунальныя паслугі, у якой значыўся адрас кватэры брата. Там таксама ўсё ператрэслі, але нічога не забралі…

— І потым ты апынуўся ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска?

— Так. Там на мяне быў складзены пратакол за “ўдзел у несанкцыянаванай акцыі”. Маўляў, я, перадаючы рэпартаж з месца падзей, яшчэ і паспяваў выкрыкваць нейкія лозунгі. Потым быў суд. Я адразу запатрабаваў адваката. Мне, канечне, прапаноўвалі прызнаць віну і тым самым скараціць сабе тэрмін, але я вырашыў гэтага не рабіць. Я ж ні ў чым не вінаваты, навошта мне прызнавацца? Я проста рабіў сваю працу.

 На судзе з боку абароны выступілі журналісты, якія сказалі, што я і сапраўды выконваў прафесійныя абавязкі, нічога не выкрыкваў… З боку абвінавачання выступалі тыя самыя міліцыянеры, якія складалі на мяне пратакол у РУУС. Яны сцвярджалі, што быццам бы бачылі мяне на плошчы… У выніку — 14 сутак арышту…

— Падчас адсідкі на Акрэсціна на  цябе спрабавалі ціснуць, можа, на допыты цягалі?

— Не, у гэтым сэнсе сядзелася спакойна — ніхто мяне нікуды не выклікаў… Што да ўмоў на Акрэсціна, то нічога там асабліва не мяняецца (цяперашні арышт Гарэцкага не першы для яго. — Аўт.). Праўда, пакармілі толькі на трэція суткі зняволення. Растлумачылі, што зараз у іх такія парадкі… Аднак перадачы з волі да мяне даходзілі рэгулярна, за што вялікі дзякуй сябрам і родным. Спачатку я сядзеў з людзьмі, якія падазраваліся ў здзяйсненні крымінальных злачынстваў, а потым мяне  перавялі ў камеру да “палітычных”. Сядзеў разам  з адным з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту Валерыем Сядовым, былым супрацоўнікам МЗС  Валерыем Кавалеўскім, актывістам незарэгістраванага “Маладога фронту” Уладзімірам Яроменкам, якога пазней перавялі ў СІЗА на Валадарскага, і сябрам АГП  Усеваладам Шашыраным. Там, за кратамі, мы, безумоўна, стараліся трымацца, падтрымлівалі адзін адного, бо там цяжка ў першую чаргу маральна…

Поделиться ссылкой: