Дом, дзе апошні час жыла Ірына Халіп з мужам Андрэем Саннікавым і сынам Данілам, знаходзіцца ў так званым ціхім цэнтры Мінска. Новы дом па вуліцы Захарава адказвае самым высокім патрабаванням паспяховых гараджан — двор пад відэанаглядам, дарагія дамафоны ў пад’ездах і нават тамбурныя дзверы трывалыя і надзейныя, нібыта зробленыя для банку ці ювелірнай крамы. Напэўна, падчас засялення гэтага прыгожага чатырнаццаціпавярховага будынку ніхто не думаў, што сродкі бяспекі паслужаць турмою для адной з жыхарак дома.
Ірына Халіп вярнулася дахаты з “амераканкі” ў суботу позна ўвечары. Для таго, каб “забяспечыць парадак” з дома вымушаны былі сысці сваякі Саннікава і Халіп. Знаходзіцца ў адным памяшканні з чалавекам на дамашнім арышце могуць толькі людзі, якія прапісаны ў гэтай жа кватэры.
Зараз наведваць Ірыну Халіп і яе непаўнагадовага сына Данілу можа толькі маці журналісткі Люцына Юр’еўна.
Патрпапіўшы ў пад’езд адразу натыкаешся на шыльду: “Вядзецца відэаназіранне”. Націскаем патрэбны нам 13 паверх. На лесвічную пляцоўку можна зайсці без праблем, ніякіх перашкодаў. Патрэбная кватэра за жалезнымі тамбурнымі дзвярыма. Побач — толькі два званкі, нягледзечы на тое, што на паверсе тры кватэры. На званкі ў абедзве “дасяжныя” кватэры ніхто не адказвае. Нечакана дзверы адчыняюцца і да ліфта выходзіць жанчына. Дама жыве па суседству ад Халіп, але ў калідор карэспандэнта “Народнай Волі” пускаць адмовілася.
Пасля трэцяга званка ў кватэру Халіп чутны рып адкрыўшыхся дзвярэй. У тамбур нехта выйшаў.
“Возле дверей девушка”, — чуецца шэпт. Зноў крокі і гук замкнутых дзвярэй.
На наступныя званкі больш ніхто не рэагуе, нягледзечы на спробы паказаць у “вочка” журналісцкае пасведчанне і просьбы паразмаўляць з прэсай.
Суседзяў з бліжэйшых паверхаў няма дома — працоўны час. Згадзіўся паразмаўляць толькі мужчына, які прыйшоў да сваёй маці, што жыве на паверх ніжэй за Халіп і Саннікава. Па яго словах, ніякіх нязручнасцяў жыхары дома пакуль не заўважылі. Большасць даведалася аб тым, што Ірына Халіп вярнулася дахаты са сродкаў масавай інфармацыі.
Падрабязнасці чытайце ў нумары “Народнай Волі” за 1 лютага.
Фота аўтара.
Поделиться ссылкой:
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!