Натальля Радзіна: "Я выйшла на свабоду толькі з-за вашай салідарнасьці"

4

Радыё Свабода: “Віншую з выхадам на свабоду і якія зараз маеце пачуцьці?”

Радзіна: “Зараз шчасьце, безумоўна. Шчасьце, што ты на свабодзе. І вельмі вялікая падзяка людзям, якія выказвалі салідарнасьць з намі ўвесь гэты час”.

Радыё Свабода: “Як вы сябе зараз пачуваеце?”

Радзіна: “Фізычна добра”.

Радыё Свабода: “Нам якіх умовах вас вызвалілі і як гэта адбывалася?”

Радзіна: “Гэта падпіска аб нявыезьдзе. Я ня маю права зараз жыць у Менску. Я павінна зьехаць у Кобрын, дзе я нарадзілася і дзе ў мяне рэгістрацыя. І ўвечары ў нядзелю я павінна быць ужо там. Падчас сьледзтва і суду я не павінна знаходзіцца ў Менску, і ўсе мае перасоўваньні павінныя ўзгадняцца са сьледчым”.

Радыё Свабода: “Як вы пачуваеце сябе ў падобнай сытуацыі і як бачыце сваю далейшую дзейнасьць?

Радзіна: “Я буду працаваць журналісткай і гэтага мне ніхто ня можа забараніць”.

Радыё Свабода: “Што вы ведалі ў турме пра тое, што адбываецца вакол вас?”

Радзіна: “Я амаль нічога ня ведала, бо газэтаў не было. Я ведаю, што мне выпісалі “Народную Волю”, але я атрымала толькі адзін нумар. Потым мне яе забаранілі і проста не давалі. Увесь гэты час я атрымоўвала толькі “Камсамольскую праўду” і “Аргумэнты і факты”, але там не было амаль ніякай інфармацыі аб нашай справе, яе было вельмі мала. Не было тэлевізара, не было лістоў. Лістоў я ні ад кога не атрымлівала. За месяц я атрымала толькі адзін ліст ад сваёй маці. Першыя два дні я яшчэ крыху нешта ведала, бо ў першы дзень патрапіла ў адну камэру з Настай Палажанкай, у другі дзень з Ірынай Халіп. Але затым мяне перавялі ў камэру з арыштаванымі паводле эканамічных спраў і я больш нічога абсалютна ня ведала”.

Радыё Свабода: “Ці ведалі гэтыя людзі чаму вы ў турме і як яны ставіліся да вас?”

Радзіна: “Гэта людзі апалітычныя, а ставіліся па-людзку. Нармалёвыя адносіны былі”.

Радыё Свабода: “Як ставіліся да вас сьледчыя, ахоўнікі?”

Радзіна: “Увогуле стаўленьне да жанчын там было нармалёвае”.

Радыё Свабода: “У чым вас асабіста вінавацілі?”

Радыё Свабода: “Мяне зьвінавацілі ў тым жа, што і ўсіх арыштаваных: у чым зьвінавацілі Андрэя Саньнікава, Уладзімера Някляева, Мікалая Статкевіча і ўсіх іншых людзей, зь якімі мы праходзім паводле адной крымінальнай справе”.

Радыё Свабода: “Якія вашыя бліжэйшыя пляны на дзейнасьць, што вы будзеце рабіць, калі вернецеся ў нядзелю ў Кобрын?”

Радзіна: “Я буду працаваць журналістам, я буду працаваць рэдактарам charter97. І я буду рабіць усё, каб людзі, якія знаходзяцца зараз за кратамі, каб яны выйшлі на свабоду. Бо перш за ўсё неабходная салідарнасьць. Бо я ведаю, што я выйшла на свабоду толькі з-за вашай салідарнасьці. І кожны чалавек, кожны журналіст, кожны палітык, які хоць адно слова напісаў ці сказаў у маю падтрымку, ён зрабіў тое, што сёньня адбылося – што я выйшла на свабоду”.

Радыё Свабода: “Якія вашыя спадзяваньні на тое, што будуць вызваленыя іншыя палітвязьні?”

Радзіна: “Мне цяжка нешта пра гэта казаць. Усё залежыць ад салідарнасьці нашай і ад салідарнасьці сьвету”.

Чытайце таксама:

Время выбирать


Няма запісаў для адлюстравання