Пётр Пракаповіч: “Увядзенне расійскага рубля на тэрыторыі Беларусі не плануецца”

3

Сваю прэс-канферэнцыю галоўны банкір пачаў, што называецца, на пазітыве. Лейтматывам абавязковай у такіх выпадках прамовы сталі запэўніванні Пракапавіча ў тым, што, хоць і не без праблем, але беларускі рубель – стабільны і нічога яму ў бліжэйшай перспектыве не пагражае.

Парадваў Пракаповіч і заявай аб тым, што курс нацыяльнага рубля да кошыка асноўных сусветных валют не пахіснецца ні ў гэтым годзе, ні ў бліжэйшай пяцігодцы. Зараз калідор “хістання” беларускага рубля закладзены ў межах+/- 8%. Гэта значыць, што, напрыклад, долар ЗША  ў  2011 годзе не павінен падаражэць больш чым на 240 рублёў. Пракапавоіч, праўда, заўважыў, што гэта магчыма ў тым выпадку, калі ў ЗША раптам не надумаюць зрабіць дэвальвацыю долара.

Скептычна паставіўся Пракаповіч і да магчымага ўвядзення Еўрасаюзам эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі: “Эканамічныя санкцыі ў ХХІ стагодзе, калі вобразна казаць, —  гэта дзікунства. Не думаю, што Еўрасаюз пойдзе на гэта”, —  заўважыў галоўны банкір краіны.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта “Народнай Волі” аб тым, ці магчымая ў бліжэйшай будучыні ў межах адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана адмова ад беларускага рубля і пераход нашай краіны на рубель расійскі, Пётр Пятровіч сказаў:

— Гэта немагчыма, і нават не можа разглядацца. Але магчыма іншае, што спатрэбіцца нашай глабальнай эканоміцы. Так, пераход на адзіную валюту — гэта нармальная перспектыва для ўсіх, у тым ліку і для адзінай эканамічнай прасторы. І сёння ўжо і Казахстан прапанаваў сваю схему. Я думаю, што і мы прапануем сваю схему стварэння адзінай валюты. Зразумела, ні сёння, ні заўтра. Але гэта не будзе валюта канкрэтнай краіны, гэта будзе валюта адзінай эканамічнай прасторы. Усе будуць мець роўныя ўмовы і магчымасці для яе выкарыстання. Гэта працэс не блізкі, гэты працэс патрабуе вялікай працы… Вы ведаеце, што Еўрапейскі Саюз ішоў некалькі дзесяцігоддзяў да ўвядзення еўра. І нам неабходна прайсці пэўны перыяд часу, каб вырашыць гэтую задачу. Гэта нармальная перспектыва, гэта перспектыва, якая адпавядае сённяшняму дню, адпавядае ХХІ стагоддзю, і ў гэтым накірунку мы павінны ўсе рухацца.


Няма запісаў для адлюстравання