Ганаровыя граматы, дыпломы, падзякі — менавіта так яшчэ нядаўна раённае і абласное начальства адзначала працу настаўніцы гісторыі Талькаўскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Наталлі Ільініч. А 27 студзеня 2011 года, пасярэдзіне навучальнага года, з ёю не працягнулі працоўны кантракт. Як магло здарыцца, што ўчора яе лічылі прафесіяналам, а сёння папрасілі са школы?

“Хіба гэта злачынства?”

Наталля Ільініч сустракала нас у двары сваёй хаты. Адчувалася: яна хвалюецца, балюча перажывае гісторыю са звальненнем. Здагадка спраўдзілася, калі зайшлі ў хату, — ужо ў сенцах адчуваўся пах валяр’янкі, сардэчных кропель. ”Да гэтай пары не магу аправіцца ад шоку, ціск падскочыў, — прыбіраючы са стала лекі нібыта апраўдвалася Наталля. — Апошнія дні ў школе… Няўжо такое магчыма?”.

Загад аб яе звальненні (зараз гэта замікшыравана пад зручную юрыдычную фармулёўку “не падоўжылі кантракт”) дырэктар школы Наталля Меркуль падпісала некалькі дзён таму. Не дапамаглі ні былыя прафесійныя заслугі Наталлі Ільініч, ні просьбы даць магчымасць дапрацаваць да канца навучальнага года. У ліпені ёй споўніцца 50 год, і, маючы працоўны стаж 25 гадоў Наталля Валянцінаўна магла б выйсці на пенсію па выслузе гадоў і атрымліваць хоць невялічкую пенсію. А так апынулася на вуліцы фактычна без капейчыны. Жыві як хочаш. І няма нікому справы да таго, што Наталля — адзіны кармілец у сям’і, якую складаюць яна і дачка-студэнтка. Адным словам, ніхто не палічыўся з ёю ні як з чалавекам, ні як з прафесіяналам. А што да апошняга, то цяжка сказаць, ці многа за гісторыю Талькаўскай школы працавала ў ёй такіх адданых працы, высокапрафесійных настаўнікаў.

Наталля Ільініч выкладае гісторыю амаль 26 гадоў. За гэты час яе вучні не аднойчы перамагалі на рэспубліканскіх і абласных краязнаўчых конкурсах. Намаганнямі Наталлі ў навучальнай установе працуе краязнаўчы музей, фальклорна-краязнаўчы гурток. Кожнае лета яна з вучнямі ходзіць у турпаходы па родным краі, свой метадычны дзень “бавіць” у архівах, займаецца даследчай працай. У 2004 годзе Наталля Ільініч выдала кнігу «Талька і наваколлі”. Школа, гісторыя, краязнаўства — яе жыццё, яго сэнс. І няма ў гэтых словах ніякай рытарычнасці. Калега Наталлі Ільініч, яе былая вучаніца, а зараз настаўніца гісторыі Мар’інагорскай школы Алена Віктараўна Корзюк, з якой мне давялося размаўляць, шчыра прызналася, што “ўрокі Наталлі Валянцінаўны — узор для пераймання”. “У Пухавіцкім раёне яна адна з лепшых гісторыкаў, — выказвала сваё меркаванне Алена Корзюк. — У нашай сістэме ёсць такое паняцце, як практыка метадычных аб’яднанняў, калі настаўнік запрашае на свой урок калег з іншых школ. Дык на ўрокі Ільініч у Тальку імкнуліся трапіць многія. Пра такіх, як Наталля Валянцінаўна, кажуць — чалавек на сваім месцы”.

Але гэтага месца яе пазбаўляюць. Наталля лічыць, што пазбаўляюць з-за яе грамадзянскай пазіцыі. Сядзела б ціха — не чапалі. Але ж яна і не крычыць, нікому свае погляды не навязвае. Аднак і маўчаць не можа, калі ўлады дзейнічаюць супраць яе волі, волі аднавяскоўцаў. З аднаго такога канфлікту, на думку Наталлі, і распачаўся ціск на яе з боку ўлад.

— У кастрычніку 2009 года ў нашай вёсцы аб’явілі, што будуць аб’ядноўваць Талькаўскі сельскі Савет з Блужскім, — расказвае Наталля. — Адбыўся сход, на якім прысутнічалі прадстаўнікі Пухавіцкага райвыканкама. Жыхары Талькі аднагалосна прагаласавалі супраць гэтага аб’яднання. Але праз тры дні ў газеце “Пухавіцкія навіны” выйшла заметка, што большасць з прысутных ідэю падтрымала. Людзей такая хлусня вельмі абурыла — як жа так нахабна ігнаруецца наша меркаванне. Вырашылі пісаць зварот у абласны і раённы Саветы. А да заявы дабавілі яшчэ і крытыкі, што дарогі ў Тальцы дрэнныя, ліхтары не гараць. Адначасова напісалі заяву аб адкліканні дэпутатаў Талькаўскага сельскага Савета, бо якія ж яны народныя абраннікі, калі не бароняць правы гэтага народа, а наадварот прагаласавалі за ліквідацыю Талькаўскага сельскага Савета. Свае подпісы пад заявамі паставілі пяць чалавек. Сярод іх была і я. Адзіная працуючая, астатнія — пенсіянеры. Прайшло літаральна некалькі дзён і з райвыканкама прагучала прапанова звольніць мяне з працы. Але былая дырэктар Данута Міхайлаўна Багдзевіч, нягледзячы на гэту сітуацыю, працягнула на год мой працоўны кантракт. Загад падпісала на зімовых канікулах — 11 студзеня 2010 года. А пасля канікул мяне ўцягнулі ў яшчэ адзін канфлікт.

Наталля Ільініч мае на ўвазе гісторыю гадавой даўніны, калі яе і яшчэ пяцярых настаўнікаў з розных школ Мінскай вобласці начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення адукацыі Таіса Данілевіч запрасіла да сябе на размову і ўльтыматыўна прапанавала: альбо праца ў школе, альбо членства ў апазіцыйных партыях, сябрамі якіх яны з’яўляюцца.

Настаўнікі ад такой “прапановы” адмовіліся, скандал выйшаў за дзверы чыноўніцкага кабінета, пра яго напісалі ў СМІ. Рэзананс быў велізарны. На “размову” ў кабінеце Данілевіч вымушана была рэагаваць пракуратура, бо настаўнікі Наталля Ільініч і Алесь Язвінскі з Нясвіжа напісалі заяву на імя пракурора Мінскай вобласці з просьбай правесці пракурорскую праверку таго, што адбылося ў Мінаблвыканкаме.

Усе гэтыя дзеянні мелі вынік. З працы настаўнікаў ніхто не звольніў, хоць амаль усе засталіся сябрамі апазіцыйных партый. 1 верасня гэтага навучальнага года Наталля Ільініч з добрым настроем ішла на працу: усе яе часы ў школе захавалі, класнае кіраўніцтва пакінулі, вярнулі метадычны дзень, якога адразу пасля канфлікту ў Мінаблвыканкаме пазбавілі. Але наперадзе былі прэзідэнцкія выбары, у баку ад якіх Наталля не засталася.

–Я ўвайшла ў ініцыятыўную групу Кастусёва, — расказвае Наталля. — Збірала за яго подпісы, а таксама за Алеся Міхалевіча. Хіба гэта злачынства?.. 5 студзеня ў маім доме адбыўся вобыск, як я думаю, у сувязі з падзеямі 19 снежня ў Мінску. Прыйшлі як быццам бы шукаць зброю і наркотыкі, а забралі камп’ютар і флэшку з фотаапарата, часопіс “Аrche”, нумар “Нашай Нівы”. І ўжо 11 студзеня дырэктар паставіла мяне перад фактам, што працоўны кантракт, які заканчваецца 27 студзеня, яна не прадоўжыць. Я спадзявалася, што дасць да канца навучальнага года дапрацаваць. Не дала.

Тлумачальная запіска

Наталля Віктараўна Меркуль — дырэктар новы, прызначаны ў Талькаўскую школу 1 верасня 2010 года. Дагэтуль працавала ў Мар’інай Горцы завучам у адной са школ. І атрымліваецца, што сваю дзейнасць на новым месцы пачала са звальненняў. Магчыма, у невялічкай вясковай школе настаўнікаў болей, чым патрабуе штатны расклад. Але чаму пад скарачэнне трапіла менавіта 49-гадовая Наталля Ільініч? Да таго ж Наталля Валянцінаўна выкладае грамадазнаўства і гісторыю ва ўсіх класах, з 5-га па 11-ы. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што ў школе ёсць яшчэ адзін настаўнік гісторыі — былая вучаніца Наталлі Ільініч Юлія Бяляева, але яна зараз працуе ў пачатковай школе і гісторыю не выкладае. Напэўна, перш чым пайсці на ўрок, прычым адразу ва ўсе класы, Юліі Васільеўне трэба шмат папрацаваць над падрыхтоўкай матэрыялаў, скласці планы і г.д. Адным словам, спатрэбіцца нейкі час. Падаецца, так мяркуе і дырэктар. У размове са мною яна прызналася, што зараз “сядзіць на тэлефоне”, шукае замену Ільініч. Навошта тады было звальняць?

“Палітыкі тут няма”, — амаль першае, што я пачула ад Наталлі Віктараўны Меркуль, калі прыехала ў Талькаўскую школу. Яна сцвярджала, што не працягнула кантракт з Ільініч з прычыны яе непрафесійных хібаў, якіх у Наталлі Валянцінаўны хапае. Але што гэта за хібы? У тлумачальнай запісцы, адказваючы на пытанне Ільініч, чаму з ёю не прадоўжылі кантракт, дырэктар адзначыла: “Проверка школьной документации показала, что Вы к ее ведению относитесь небрежно: есть случаи пропусков записей уроков, неправильная запись даты урока, исправление оценок (администрация помогала Вам исправить по инструкции), неправильное выставление оценок за четверть”.

Магчыма, я, скончыўшы школу 25 гадоў таму, крыху адстала ў сваіх меркаваннях , якім павінна быць сучаснае навучанне, бо лічу, што галоўнае ў працы настаўніка не тое, як запоўнены школьны журнал, а як арганізаваны навучальны працэс, ад якога залежаць веды школьнікаў… Але гэта так, лірыка, маё меркаванне…

Яшчэ адну прычыну ўказала дырэктар у запісцы — на зімовых канікулах Ільініч два дні адсутнічала ў школе.

— Гэта 30 і 31 снежня, — абураецца Наталля Ільініч. —  Але 31-е дырэктар для ўсіх аб’явіла днём адгулаў. А 30-га ў школе быў навагодні агеньчык, але ў мяне настрой быў не святочны і я вырашыла не ісці, а паехала працаваць у архіў. Потым я пісьмова патлумачыла прычыну сваёй адсутнасці ў школе, але гэта палічылі ўжо заднім чыслом, а цяпер вось выставілі як прычыну маёй недысцыплінаванасці.

…Скажу шчыра: размовы з дырэктарам Наталляй Меркуль у мяне не атрымалася. Не захацела яна каментаваць сітуацыю з Наталляй Ільініч, спаслалася на тое, што ўвогуле зараз у водпуску па сямейных абставінах, а ў школу заехала на некалькі хвілін па неадкладнай справе. “Мне столькі тэлефануюць, нават з Педуніверсітэта дацэнт званіў, просяць яе пакінуць у школе. На што я кажу: калі яна такі добры спецыяліст, забірайце, калі ласка, а мне трэба займацца гаспадарчымі справамі, трэба захаваць школу”.

Што мела на ўвазе Наталля Віктараўна? Што значыць захаваць? Пазбавіцца ад непажаданых, тых, хто не падзяляе “палітыку партыі”? Яна кажа, што ў яе словах іншы сэнс.

Справа ў тым, што Талькаўскай сярэдняй школе амаль 100 гадоў. Старыя драўляныя будынкі, дзе месцяцца большасць класаў, настаўніцкая, бібліятэка былі пабудаваныя яшчэ ў далёкім 1932 годзе. Нават цяжка ўявіць, як яны захаваліся да нашых дзён. Але сёння гэта не гонар, а галаўны боль адміністрацыі. Школа падпадае пад страшнае азначэнне “не тыпавая”. Гэта ўсё роўна, што неперспектыўная вёска, якая вымірае і ад якой мясцовым кіраўнікам лягчэй пазбавіцца, чым падтрымліваць у ёй жыццё — жыхароў мала, а святлом, прадуктамі, дарогамі забяспеч! З 2008 года над школай вісіць пагроза закрыцця. Па-першае, колькасць дзяцей увесь час змяншаецца, па-другое, у школе шмат бытавых праблем — туалет на вуліцы, трубы ацяплення састарэлі. Спонсары ў бок такіх школ не глядзяць, а ў раённай адміністрацыі на ўсіх грошай не хапае. Вось на ўсіх гэтых справах і сканцэнтравала сваю ўвагу і дзейнасць новы дырэктар. А здавалася б, які добры аргумент для рознага кшталту правяраючых — педкалектыў, прафесіяналы, якімі не кожная гарадская школа можа пахваліцца. І Наталля Валянцінаўна Ільініч — першая з іх.

Але ж, відаць, не прафесіяналізм настаўнікаў зараз галоўнае…

Салідарнасць

Мне вельмі хочацца верыць, што гісторыя Наталлі Ільініч не скончылася. Сёння дырэктара школы Наталлю Меркуль завальваюць лістамі, тэлефоннымі званкамі былыя вучні і калегі Наталлі Ільініч, бацькі дзяцей, у якіх яна выкладае гісторыю. Усе яны просяць не звальняць з працы настаўніцу Ільініч.

“Ніхто не зрабіў столькі для школы і ўсёй Талькі, колькі зрабіла Наталля Валянцінаўна”, — казала мне ў размове Алена Корзюк. Яна спецыяльна прыязджала ў Тальку, да дырэктара Наталлі Меркуль, прасіць за сваю былую настаўніцу, а зараз — калегу. “Так, я заступілася за сваю настаўніцу. Мне было б проста сорамна гэтага не зрабіць”.

Марына Камароўская, студэнтка 2-га курса БДУ таксама падпісала ліст у абарону Наталлі Ільініч.

— Няшмат настаўнікаў могуць так патлумачыць матэрыял, як гэта робіць Наталля Валянцінаўна, — упэўнена студэнтка. — Усе, хто з ёю займаўся на факультатыве, а потым здаваў уступнае тэсціраванне па гісторыі, паступілі, прычым на бюджэтныя аддзяленні. Яе паважаюць і цэняць.

Званок Леды Уладзіміраўны Кузняцовай застаў мяне ўжо у Мінску. Яна даведалася, што ў Тальку са сталіцы прыязджалі журналісты і вырашыла абавязкова расказаць пра калегу, з якой працавала ў Талькаўскай сярэдняй школе 13 гадоў.

–Я выкладала рускую мову і літаратуру. Калі я даведалася пра звальненне Наталлі Валянцінаўны, не паверыла. — Леда Уладзіміраўна ўзрушана сітуацыяй да гэтага часу. — Такія настаўнікі, як Ільініч — гонар школы. Яна не тыповы педагог, рэдкі. Для яе перш за ўсё — навучальны працэс, урокі, гісторыя, у тым ліку і роднага краю. Яна стварыла ў школе краязнаўчы гурток, склала летапіс школы, дамаглася, каб мінскі бард Аляксей Галіч меў часы ў школе і вучыў нашых дзяцей старажытным беларускім песням. З дзецьмі яна стаптала столькі сцежак у наваколлі! У архівах працуе ўвесь час, шукала сляды паўстання Каліноўскага ў Тальцы. Баюся, што я не пералічу ўсяго таго, што зрабіла Наталля Валянцінаўна. Такіх настаўнікаў трэба берагчы і дараваць ім такія дробязі, як памылкі ў школьным журнале. Не гэта галоўнае ў працы настаўніка. А ў нас зараз вітаецца паслухмянасць, стараннасць у тым сэнсе, каб пэўную колькасць макулатуры клас сабраў, падпіску на “Мінскую праўду” аформіў…

Неабыякава паставіліся да лёсу Наталлі Ільініч і яе суседзі. Стараста вёскі Талька Ніна Андросік падчас размовы са мною паўтарала некалькі разоў: Наталля Ільініч павінна працаваць у школе:

–Мы суседзі, Наталля вучыла дваіх маіх дзяцей. Яна настаўніца ад Бога. І чалавек цудоўны. А яе погляды? Я, напрыклад, вельмі падтрымліваю Лукашэнку. Галасавала за яго. Але паважаю і выбар Наталлі. І мне падаецца, гэта яе права, яна ж нікому не навязвае свае погляды. Тым больш — у школе. Яна павінна застацца і вучыць дзяцей.

Маўчаць толькі настаўнікі Талькаўскай школы. Старшыня прафкама Людміла Махаронак напісала на імя дырэктара сухую заяву: “Профсоюзный комитет УО «Тальковская государственная общеобразовательная школа» обращается к Вам с просьбой о продолжении трудовых отношений с учителем истории Ильинич Н.В. на 1 год». І ўсё. Ні сходаў ніякіх, ні пратэстаў: сёння звольнілі Ільініч, заўтра такім чынам могуць абысціся з астатнімі. Наталля іх не асуджае: “Магчыма, яны не ўпэўнены, што я не вінаватая, таму і бараніць не хочуць. Але больш падобна на тое, што баяцца. Баяцца, што школу зачыняць і яны без працы застануцца. А ў нас у Тальцы нідзе не ўладкавацца — акрамя школы і бальніцы толькі лясніцтва, піларама і чыгунка. Але гэта мужчынская праца, дый свабодных вакансій там няма”.

Афіцыйна

–Няўжо Пухавіцкаму раёну не патрэбны такія спецыялісты, як Наталля Ільініч? — запыталася я ў начальніка раённага аддзела адукацыі Таццяны Чарнышовай.

Наша размова адбывалася ў яе кабінеце. Мне падалося, што адчувала сябе Таццяна Мікалаеўна няёмка. Бо разумела — сітуацыя абсурдная, дзікая. І любыя яе тлумачэнні не выглядаюць абгрунтаванымі, сур’ёзнымі. Паўтаруся: гэта маё меркаванне. А казала чыноўніца наступнае:

— Она раньше думала обо всех своих поступках? Обо всех своих шагах? Они были взвешены, они были оправданы с точки зрения идеологии? Человек преподает историю, обществоведение. Это главная наука, она проводник политики государства. Каждое слово должно быть взвешено, каждый поступок, каждый шаг. Надо было думать о том, какие будут последствия. Да, грамоты есть…

— А что она делала? — пацікавілася я.

— Она сама знает, что она делала и чего не делала.

— Бывшие ученики говорят, что она на уроках о политике никогда не говорила. А ее взгляды — разве это повод увольнять человека?

— Она не уволена, с ней не продлили контракт.

— Сути это не меняет: человек остался на улице.

— У всего есть причина и следствие. Вот причина, видно, есть. Не просто так, не с неба это все упало. Почему она не скажет честно о той причине. Она знает о ней.

— А вы знаете эту причину?

— Спросите у нее… По этому вопросу надо не ко мне обращаться. А к тому органу, который этим занимается. Взять у них интервью. У тех, кто ведет следствие какое-то. Если бы я что-то знала, я не имею права ничего говорить. Обращайтесь в эти структуры… Что касается моей точки зрения, то законодательно все правильно. Закончился контракт. Человек не обратился с заявлением. Директор не знала о ее намерениях. В школе два учителя истории, 59 учащихся… Директор ждала заявления…. Если хороший учитель, она может найти более достойную работу. Это право директора, и я не могу давить на директора, приказывать ей. Так она считает. Она руководитель, система у нас контрактная. Контракт истек, она его не продлевает.

— Но при этом директор сама признается, что ищет учителя истории со стороны?

— Учителя у нас есть, в том числе и истории. Эта вакансия будет закрыта буквально в понедельник.

— А директора не волнует, что Ильинич одинокая, у нее дочь-студентка…

— Здесь много нюансов, о которых не хотелось бы говорить… Директор — наниматель, он вправе решать.

— Нюансов политических?

— Я не знаю… Я не буду даже это комментировать. Законодательство директор не нарушила, остальное — не обсуждается.

— Вы как руководитель системы образования района можете помочь: учитель, о котором все в один голос говорят как о высоком профессионале, фактически остался на улице.

— Позвонил ее коллега из БГУ, говорил, что она читала лекции студентам. Я ему предложила: возьмите ее к себе. Он пожаловался, что у них сокращение штатов. Если бы она была ценна для кого-то, ей бы, наверное, предложили работу.

— Ваш ответ звучит как отговорка. Я ведь спрашиваю ваше мнение.

— Может быть, будем рассматривать разные варианты. Сейчас директор принял такое решение.

— Вы согласны с таким решением?

— Я не буду комментировать действия своего директора. Не буду еще и в том плане, что работаю заведующей РОО недавно, я работала директором Дружнинской средней школы.

— Но человек остался на улице! Вы как заведующая отделом образования райисполкома со своей стороны планируете предпринимать какие-то шаги, чтобы помочь ей с трудоустройством?

— Над этим вопросом, конечно, подумаем. Думаю, сможем решить. Но не сейчас, не сиюминутно. Контракт истек, пусть будет так, как будет, чтобы не нарушать никаких законов. Учитель — хороший, значит, будет устроен на работу…

На гэтым мы і развіталіся. Па маёй ініцыятыве. Хоць і Таццяна Мікалаеўна пачала дэманстратыўна займацца справамі. Развітваючыся, я яшчэ раз запытала: “Можа, усё ж такі Наталлі Ільініч звярнуцца з заявай на ваша імя?” На што пачула: “Пусть обращается с заявлением. Будет возможность, мы обязательно ей поможем…”

Мінск–Талька–Мар’іна Горка–Мінск.

Апошні званок? (фотарэпартаж)

Апошні званок? (фотарэпартаж)

Талькаўская школа

Апошні званок? (фотарэпартаж)

Дзеці выходзяць са школьнай сталоўкі

Апошні званок? (фотарэпартаж)

Ганаровыя граматы, дыпломы, падзякі Наталлі Ільініч

Апошні званок? (фотарэпартаж)

Пісьмы бацькоў у падтрымку настаўніцы

Поделиться ссылкой: