Сабіра Атакішыева, маці палітзняволенага Івана Гапонава расказала пра некаторыя падрабязнасці арышту свайго сына.

— Я ведала, што ён ідзе туды, на плошчу, у нас размова была. Не без гонару магу сказаць: хоць  дзеці дарослыя ўжо, яны cа мной размаўляюць, дзеляцца думкамі, а Ваня —  асабліва. Я ведала, што Ванечка ідзе на плошчу выказаць сваю нязгоду. І ў апошні момант я сказала: «Ванечка, ты разумееш, што ты іншага грамадзянства?» У нас гэтае пытанне ўзнімалася.

Я была здзіўлена, наколькі Ваня са сваім цвярозым падыходам да розных рэчаў быў упэўнены, што гэта мірная акцыя. Я кажу: “Сынулечка, натоўп ёсць натоўп, у якім бы ён выглядзе ні быў. Няхай гэта будзе нават масавае гулянне — натоўп ёсць натоўп”. Ён кажа: “Не, мама, масавасць адыгрывае вельмі вялікую ролю”.

Ён патэлефанаваў недзе на пачатку дванаццатай ночы, адразу сказаў: “Мама, я ў аўтазаку. Тут вельмі жорстка, мяне арыштавалі”. Я нават не адразу зразумела, што такое аўтазак…

Гэта было 19 снежня. 20-га мы абзванілі ўсе нумары тэлефонаў, яго знайсці не магла. 21 снежня  звярнулася ў Расійскае консульства, мне там далі «гарачы» нумар тэлефона і сказалі, што ў любым выпадку яны будуць яго шукаць. Раніцай 21-га мы ў інтэрнэце знайшлі ў спісах людзей менавіта з гэтага аўтазака. Аказалася, што сярод арыштаваных у тым аўтазаку была дзяўчына з мабільным тэлефонам, і яна проста запісала ўсіх, хто знаходзіўся з ёй, і хуценька смс-кай адправіла. Фактычна падпольны атрымаўся спіс. Так мы яго знайшлі. Я звязалася з праваабаронцамі. Мне пацвердзілі, што Ванечка знаходзіцца на Акрэсціна…

Калі ён адбыў 10 сутак, пра гэта было сказана па тэлебачанні. Круціўся ролік менавіта з ім. І акцэнт быў менавіта на тое, што ўсё-ткі ён грамадзянін іншай краіны.

29 снежня сына адпусцілі. Мы спрабавалі даведацца пра час, калі гэта будзе, каб прыехаць яго забраць. Але ён прыехаў сам. Літаральна на пару гадзін. Натуральна, мяне як маму цікавіла, ці няма траўмаў, удараў… Але не было ніякіх удараў, сінякоў, ран — нічога.  Адзінае, сказалася хранічная хвароба страўніка.

А потым да нас прыйшлі з нашага мясцовага ўчастка… (Мы жывём у пасёлку Свіслач Пухавіцкага раёна.) Запыталіся, дзе Іван Гапонаў, сказалі, што пагаварыць трэба, нават не вядома, з нагоды чаго прыйшло з Мінска такое распараджэнне. «Ды вы не хвалюйцеся, мы пагаворым і адпусцім». Я на ўсялякі выпадак хуценька сунула яму свой тэлефон.

Ён быў гадзіны тры ў гэтым пастарунку. Потым ператэлефанаваў і сказаў: “Мама, мяне забіраюць назад на Акрэсціна. Яшчэ на трое сутак”. Я кажу: “На падставе чаго? Што? Як? Ты ж адсядзеў на Акрэсціна 10 сутак!” Адказ быў такі: я, кажа, сам не зразумеў, але мне інкрымінуюць актыўны ўдзел.

Літаральна ў тую ж ноч старэйшы сын напісаў ад свайго імя ліст у Расійскае пасольства. Мы стэлефанаваліся з Ваніным татам, ён цяпер ва Украіне, і ён таксама напісаў ліст у амбасаду. Раніцай, калі я патэлефанавала ўдакладніць адрас, каб напісаць пісьмовую заяву, у амбасадзе ўжо ведалі,  хто я. Як толькі я сказала, што я мама Вані Гапонава, мне адказалі, што ўжо падключылі МЗС, ужо працуюць. У гэты ж вечар прадстаўнік Расійскага пасольства ўжо нанёс візіт да Ванечкі. Мне перадалі, што самаадчуванне добрае, што ўсё нармальна, але настрой —  не вельмі… Асабіста я вельмі ўдзячная супрацоўнікам Расійскай амбасады —  і як за расійскага грамадзяніна, і проста па-чалавечы.

Я атрымліваю ад сына лісты. Вядома, разумею, што ёсць цэнзура, і як раней, пагаварыць мы не можам. У асноўным гэта жыцейскія размовы. «У мяне ўсё добра, нічога не баліць, настрой добры. Але, з іншага боку, як пісьменнік я нарэшце магу ўбачыць жыццё ў іншым аспекце… «

Са слоў адваката і работнікаў Расійскай амбасады я ведаю, што ён сядзеў у камеры №58, там восем чалавек з эканамічнымі абвінавачаннямі. Потым яго перавялі ў камеру №77. Нараканняў на ўмовы ўтрымання не было. Мы адразу ж змаглі перадаць Вані цёплыя рэчы. Але я ўсё роўна хвалююся: ліст жа могуць не прапусціць на волю, калі ён напіша, што вельмі дрэнна?..

Калі ён прыйшоў дадому 29 снежня, наша сустрэча была сумбурнай, усе яму імкнуліся на радасцях распавесці нешта.  Я спытала, як у камеры на Акрэсціна, бо чытаю такія “ужастики” пра ўтрыманне ў аўтазаках, а таксама —  якое было стаўленне да расіян. Ён адказаў, што ўмовы ўтрымання вельмі жорсткія, нечалавечыя. Перад тым як яго пасадзілі ў камеру, яны ў калідоры прастаялі лбом да сцяны. Але дадаў: “Мама, гэта ёсць, гэта непазбежна”.

І я зразумела, што была цалкам далёкая ад усяго, што адбываецца… Я выгадавала траіх дзяцей і вельмі ганаруся тым, што яны сёння менавіта такія, якія ёсць. Вось разгортваюцца падзеі, тыя, якія ёсць, але я думаю: “Ваня — малайчына! Не пабаяўся, пайшоў. Не таму пайшоў, што ўсе туды ідуць —  не, ён канкрэтна ішоў выказаць сваю нязгоду. З тым, што на самай справе няма дэмакратыі, што па тэлевізары фактычна распавядаюць толькі аб адным кандыдаце ў прэзідэнты, што насамрэч няправільна, мякка кажучы…”

Ваня ў гэтым жыцці знайшоў сябе. Ён піша. Вядома, ён яшчэ не сфарміраваўся як пісьменнік, як паэт. Але ў яго гэта атрымліваецца. І я яму часта пішу ў лістах: “Сынок, пішы! Нават калі момант такі, што ты заленаваўся, не спыняйся. У цябе зараз ёсць магчымасць убачыць нешта іншае — усе думкі занатоўвай.

У гэтым годзе мы спадзяваліся, што Ваня паступіць на філфак і патрапіць на бюджэтнае аддзяленне. Але не хапіла балаў усяго ледзь-ледзь… На платнае ісці ён адмовіўся, хоча працаваць і выдаць сваю кнігу.

«Я нікога не забіваў, нічога не краў, збройнага супраціву нікому не аказваў. Сумленне маё чыстае. І мне застаецца толькі глядзець гэты “мультфільм” пра сваё жыццё…» Так напісаў 22-гадовы Іван Гапонаў у адным са сваіх лістоў.

Іван Гапонаў і яго сям’я жывуць у Беларусі з 1996 года. “Калі мы сюды прыехалі, Ваня пайшоў у чацвёрты клас, — кажа спадарыня Сабіра. — Фактычна ўсё яго жыццё — тут”. Іван, маці якога родам з Кіргізіі, а бацька — з Расіі, скончыў школу ў Беларусі і добра валодае беларускай мовай.

Спачатку сям’я жыла ў Мінску, потым пераехала ў пасёлак Свіслач Пухавіцкага раёна. У Беларусь прыехалі з Латвіі ў статусе грамадзян Расіі, якімі сталі яшчэ ў 1995 годзе. У сям’і было трое маленькіх дзяцей — Іван, яго брат і сястра. Пераезду ў Беларусь паспрыяла тое, што ў бацькі Івана на той час тут была праца, а маці, наадварот, у латвійскім Вентспілсе працу страціла. “З трыма маленькімі дзецьмі я рушыла сюды ў надзеі, што ўладкуюся”, — згадвае Сабіра Атакішыева. На радзіму ў Кіргізію паехаць было немагчыма, а ў Расіі нікога са сваякоў няма.

Пражыўшы ў Беларусі 15 гадоў, спадарыня Сабіра і яе дзеці называюць Беларусь “нашай краінай”. Зараз беларускія ўлады пачалі рыхтаваць дакументы на пазбаўленне Івана Гапонава віда на жыхарства. Але з Беларусі яму проста няма куды ехаць.

Фота REUTERS/Васіль Фядосенка.