Канстанцін Лукашоў — патомны геолаг. Намаганнямі ягонага дзеда — акадэміка Канстанціна Ігнацьевіча Лукашова яшчэ ў 1960-я гады пры Акадэміі навук Беларусі была створана лабараторыя геахімічных праблем, на базе якой у 1971 годзе узнік Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР. Па слядах Канстанціна Ігнацьевіча пайшоў і ягоны сын Валянцін, справу прадоўжыў і малодшы з Лукашовых — Канстанцін Валянцінавіч.

— Можа, не сціпла гэта гучыць, але спадзяюся, што як навукоўца мяне цанілі, — каменціруе сваё звальненне Канстанцін Лукашоў. — Але з грамадскага гледзішча я ўвесь час быў не зусім зручным чалавекам, бо ніколі не падтрымліваў дзеючую ўладу і не хаваў сваіх поглядаў. Чаму мяне звольнілі — на словах я ведаю, але доказаў у мяне няма. Афіцыйна ўсё выглядала так. Яшчэ ў мінулым годзе скасавалі наш аддзел, і былі паперы, што з 1 студзеня павінны быць звольнены амаль 38 супрацоўнікаў. Але мяне перавялі ў іншы аддзел. Аднак 20 студзеня ўсё перайгралі і, карыстаючыся тым, што было папярэдняе звальненне, вярнуліся да яго. Можа, гэта супадзенне, але перайгралі пасля публікацыі ў “Советской Белоруссии”, якая ўтрымлівала спіс быццам бы Урада народнага выратавання, дзе фігуравала маё прозвішча.

— І ніхто з калег не выступіў у абарону?

— Наадварот. Вельмі моцна прафсаюз стаў у абарону, але гэта не дапамагло, бо зашмат ёсць кулуарных рэчаў… А калі развітваліся, то я адчуваў сябе няёмка — ні ў адрас кожнага нават на пахаваніі столькі добрых слоў скажуць. Так што станоўчы момант быў…

— Чым зараз будзеце займацца?

— Яшчэ не вырашыў. Напэўна, спатрэбіцца нейкі час, каб усвядоміць, што скончыўся 18-гадовы этап майго жыцця, які я прысвяціў навуцы ў галіне геалогіі…

Поделиться ссылкой: