Былыя кіраўнікі правабарончага грамадскага аб’яднання “Прававая дапамога насельніцтву” заявілі аб парушэнні свабоды асацыяцый, здзейсненым беларускімі ўладамі ў 2003 годзе, калі гэтая праваабарончая арганізацыя была ліквідавана судом.

Яшчэ ў верасні 2003 года суд горада Мінска прыняў рашэнне аб ліквідацыі аб’яднання “Прававая дапамога насельніцтву”. Падставай былі названыя парушэнні заканадаўства, якія быццам бы мелі месца ў дзейнасці аб’яднання. Аднак гэтая судовая справа была толькі часткай тагачаснай хвалі судовых забаронаў няўрадавых арганізацый у Беларусі, якая была відавочна палітычна матываваная і скіраваная на знішчэнне праваабарончага руху і структураў грамадзянскай супольнасці ў краіне.

Неабходна адзначыць, што “Прававая дапамога насельніцтву” за час сваёй дзейнасці з 1998 году аказала прававую дапамогу каля 4 000 маламаёмасным грамадзянам, актыўна прадстаўляла інтарэсы інвалідаў, ветэранаў, адзінокіх маці, непаўнагадовых, беспрацоўных у судах. Вядомасці арганізацыі дадаў удзел яе прадстаўнікоў ў гучных справах, звязаных з палітычна матываванымі выкраданнямі, а таксама ў справе масавай гібелі людзей на станцыі мэтро “Няміга”.

Лідэры  аб’яднання Раіса Міхайлоўская і  Алег Волчак абскарджвалі ліквідацыю арганізацыі ў Вярхоўным судзе, але рашэнне не было зменена. Скарыстаўшы ўсе сродкі аднаўлення свабоды аб’яднанняў унутры краіны, у 2008 годзе праваабаронцы звярнуліся ў Камітэт ААН па правах чалавека, заявіўшы пра парушэнне Рэспублікай Беларусь свабоды

асацыяцый. Прыняўшы  заяву да разгляду толькі цяпер, Камітэт прыступіў да падрабязнага вывучэння акалічнасцяў справы праз камунікацыю з МЗС Беларусі і аўтарамі паведамлення.

Як адзначыў Алег Волчак, паведамленне з Камітэту ААН па правах чалавека цяпер вельмі дарэчы. Справа ў тым, што аўтары заявы не спынілі сваёй актыўнай дзейнасці на карысць правоў чалавека: Раіса Міхайлоўская ўзначальвае мінскі Цэнтр па правах чалавека, а Алег

Волчак ажыццяўляе праваабарончую дзейнасць праз зарэгістраваную ва Украіне ўстанову “Прававая дапамога насельніцтву”. Пасля падзей 19 снежня 2010 года ў кватэрах праваабаронцаў і ў Цэнтры па паравах чалавека адбыліся ператрусы.

Па дадзеных Праваабарончага цэнтру “Вясна”, за апошні месяц у краіне абылося каля 150 ператрусаў у памяшканнях грамадскіх актывістаў. І ў шэрагу выпадкаў у следчых дакумэнтах былі пазначаны ў якасці памяшкання для ператрусу назвы незарэгістраваных альбо ліквідаваных арганізацыў. Такім чынам, можа ізноў паўстаць небяспека выкарыстання супраць праваабаронцаў артыкула 193 -1  Крымінальнага кодэкса, які карае за дзейнасць у складзе незарэгістраваных арганізацыяў.

Справу каментуе юрыст Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Юрый Чавусаў: “Апошнія рашэнні Камітэта па парушэнні свабоды асацыяцый Беларусі былі ў 2006 і 2007 годах, і яны таксама датычыліся незаконнай ліквідацыі альбо адмовы ў рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў. Мы бачым, што Камітэт ізноў звярнуў увагу на стан

свабоды аб’яднанняў у нашай краіне, ізноў гэта адбываецца ў перыяд шалёнага ціску на праваабаронцаў і ўзмацнення рэпрэсій.”

Паводле слоў эксперта, разгляд справы ў Камітэце можа заняць ад аднаго да некалькіх год. У выпадку, калі Камітэт зафіксуе з боку Рэспублікі Беларусь парушэнне свабоды асацыяцый, замацаванай у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах,  ураду Беларусі можа быць скіравана рэкамендацыя выправіць парушэнне і выплаціць заяўнікам кампенсацыю.

Поделиться ссылкой: