Кампанія прафесійнай салідарнасці была ініцыявана Радыё “Рацыя”, якое вяшчае на Беларусь з Беластоку.

Вядучы Польскага тэлебачання Кшыштаф Земец даслаў беларускім калегам такія словы:

– Любыя браты, беларусы! Дваццаць, трыццаць, сорак гадоў таму мы, палякі, знаходзіліся ў падобнай да вашай сітуацыі: у нас закрывалі газеты, не дазвалялі свабоды слова, голасна казаць пра тое, што думаеш, пісаць, запісваць на відэа… Але мы вытрымалі, далі рады, знайшлі ў сябе сілы, каб перажыць тыя горшыя часы, а калі сітуацыя змянілася, каб стаць вартаўнікамі свабоды слова і паказваць усім: як выглядае рэчаіснасць, які свет насамрэч. Я спадзяюся, што ў вас таксама хопіць сіл і мужнасці, якія вы цяпер праяўляеце, хаця сёння гэта заканчваецца для вас арыштамі, турмамі, стратай працы. Але вы не губляеце таго, што ў чалавеку самае галоўнае – чалавечай годнасці, нацыянальнага гонару і патрыятызму, якія ў вас ёсць, а гэта самыя каштоўныя рэчы.

Можна знішчаць чалавека, забіраючы ў яго працу, спрабуючы пасварыць яго з сям’ёй і сябрамі, але дух свабоды і годнасці, што жыве ў нас унутры, ніхто ў нас адабраць не можа. Цяпер вы паказваеце і нам і ўсяму свету, асабліва Заходняй Еўропе, што ёсць пэўныя вартасці, за якія варта заплаціць нават такі кошт як арышт, вязніца ці іншыя знявагі, якія цяпер зазнаеце.

Прыйдзе час і вашага свята і вы будзеце ганарыцца тым, што цяпер праявілі такую вялікую мужнасць. Трымайцеся — мы з вамі. І мы глядзім на вас, бо свабода Беларусі азначае таксама свабоду Польшчы. Сіла Беларусі гэта таксама сіла Польшчы – мы едзем, як кажуць, “у адным возе.” У нас ёсць супольныя справы, і асабліва справа вашай і нашай годнасці. Усяго вам найлепшага: здароў’я і вытрымкі!

Да ведама.

Па выніках мінулых прэзідэнцкіх выбараў як мінімум 27 прадстаўнікоў прэсы былі затрыманы, больш за 20 журналістаў пацярпелі ў выніку гвалтоўных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, 10 журналістаў былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і затрыманы на тэрміны ад 10 да 15 сутак. Шасцёра журналістаў і сябраў БАЖ знаходзяцца пад вартай пасля абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.

Поделиться: