Гарадское кіраўніцтва адрэагавала на сітуацыю. Але…

— Я галадаю не моўчкі, вывесіў плакат на хаце, — расказаў “Народнай Волі” Міхаіл Козел. – І ў тураўскі гарвыканкам схадзіў, расказаў, што мяне падштурхнула да такога кроку. Потым да мяне прыйшоў старшыня гарвыканкама Ігар Леанідавіч Міцюрыч. Ён адзіны звярнуў увагу на мой пратэст. Абацяе дапамагчы, але толькі ўвесну. Бо зараз на Тураўшчыне аб’ядналі калгасы, і з працай сапраўды цяжка.

— І што – да вясны галадаць?

— Атрымліваецца, што так… Грошай у мяне няма нават на ежу. Я ўжо цэлы год не магу працаўладкавацца. Пасля выбараў 2006 года, калі ўваходзіў у ініцыятыўную групу Мілінкевіча, быў вымушаны з’ехаць — працы для мяне ў родных мясцінах не было. Уладкаваўся ў Мінску будаўніком. Але, ведаеце, я хачу жыць і працаваць у Тураве, таму вярнуўся. Але ж нічога не змянілася. Мяне і зараз непажадана браць на працу, бо я лічуся апазіцыянерам. Быў выпадак, калі мясцоваму відэацэнтру быў патрэбны фатограф, і я па аб’яве звярнуўся да кіраўніка цэнтра. А ён сказаў, што мусіць узгадніць маю кандыдатуру ў ідэалагічным аддзеле Жыткавіцкага райвыканкама. Ну і, зразумела, на працу не ўзялі. 

— А не спрабавалі ў мясцовую службу занятасці звярнуцца? Можа, яны што прапанавалі б? Хапае ж непрэстыжных работ, але якія даюць заробак…

— З гэтага і пачалося. Мне ў службе занятасці прапанавалі пайсці жывёлаводам у СУП «Каленскае». Далі тэлефоны, сказалі, што адтуль у цэнтр прыйшла заяўка. Я з’ездзіў у “Каленскае”, але мяне на працу не ўзялі. Спаслаліся на тое, што быццам бы месц у іх няма. І я быў вымушаны абвясціць галадоўку. Вырашыў трымаць яе максімальны тэрмін, толькі калі са здароўем пачнуцца праблемы – спыню.

— А не спрабавалі самастойна знайсці працу?

— Спрабаваў, канешне. Але ў Тураве небагата прадпрыемстваў, таму і беспрацоўных хапае. Хто з’язджае, хто на разавыя працы пагаджаецца, хто за кошт бацькоў-пенсіянераў жыве. І не пратэстуюць. А я стаміўся. Летам таксама ў фермераў працаваў, калі ім патрэбна была дапамога. Але ж гэта праца на дзень. Яны збіраюць людзей уранку, а увечары разлічваюцца. Грошы невялікія, але ж у зімку і гэтага няма.

— Як рэагуюць на галадоўку вашы знаёмыя і наогул людзі ў Тураве?

— Па-рознаму. Ёсць тыя, хто дапамагае і маральна, і чым можа. Але ёсць і такія, якія кажуць: “Што? Амерыканскія грошы скончыліся? Дык ідзі працуй у калгас”. І не вераць, што мяне не бяруць нават у калгас жывёлаводам з-за палітычна матываваных прычын. Не вераць, што такое можа быць…