Усе яны трапілі ў засценкі КДБ пасля выбараў прэзідэнта Беларусі 2010 года…

Тут гісторыя  паўтараецца. У тым сэнсе, што і напярэдадні выбараў прэзідэнта 2006 года “амерыканка” таксама “гасцінна” расчыніла свае камеры для палітычных сядзельцаў. Шэсць месяцаў у ізалятары СІЗА КДБ правёў каардынатар незарэгістраванай арганізацыі “Партнёрства”, якая займалася назіраннем за выбарамі; Цімафей Дранчук трапіў за краты якраз за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі…

Паколькі інфармацыі аб тым, у якіх умовах у СІЗА КДБ утрымліваюцца вязні, не так шмат, “Народная Воля” вырашыла пагутарыць з Цімафеем Дранчуком, які мае ўласны досвед знаходжання ў “амерыканцы”…

— Першае, што хачу адзначыць: СІЗА КДБ адрозніваецца ад іншых падобных устаноў, —  гаворыць Дранчук. — У “амерыканцы” 18 камер. Дарэчы, мала хто ведае, што “амерыканку” раней называлі “цыркам”. Камеры ў “амерыканцы” размешчаны па коле, некаторым гэта нагадвае цыркавы манеж. Адсюль і назва…

У 12 з 18 камер па меншай меры 5 гадоў таму былі стацыянарныя унітазы, у астатніх шасці — не. Камеры там розныя — ад двух да чатырох месцаў. Кожная з іх, у першую чаргу з-за геаметрыі будынка “амерыканкі”, падобная на труну — камеры вельмі вузкія. У чатырохмясцовай камеры знаходзяцца двух’ярусныя нары, у двухмясцовай нары, адпаведна, аднаярусныя. Акрамя нар у камеры ёсць рукамыйнік. Калі няма туалета, то ў камеры стаіць звычайнае пластмасавае вядро з накрыўкай і каля акна стаіць невялічкі столік, за якім адначасова могуць сядзець не больш за два чалавекі.

Цімафей, распавядзі пра ўнутраны распарадак, які ўсталяваны для вязняў “амерыканкі”…

— Тамтэйшы ўнутраны распарадак вельмі жорсткі і канкрэтны. Там усё па раскладзе, якому вязні вымушаны падпарадкоўвацца. У “амерыканцы” ўсе дзеянні адбываюцца “па коле” — ад першай да васемнаццатай камеры. Дзень пачынаецца з таго, што ахоўнік стукае ў камеру ў шэсць раніцы — так абвяшчаецца пад’ём. Адразу пасля пад’ёму вязні павінны засцяліць ложкі. У тых камерах, дзе ёсць стацыянарны туалет, у арыштантаў ёсць магчымасць падрамаць, але ўжо на засцеленых ложках. Сядзельцы тых камер, дзе няма туалета, адразу пасля пад’ёму выводзяцца па патрэбе. Гэта даволі доўгі працэс —  туалетаў там усяго два, а па правілах нельга, каб людзі з розных камер паміж сабой перасякаліся. Займае гэта прыкладна гадзіну. Пасля гэтага, недзе ў 7.00—7.30 раніцы, адбываецца ранішняя праверка. У гэты час ніхто не павінен ляжаць на нарах, усе вязні выстройваюцца, каб паказаць правяраючым, што менавіта столькі чалавек знаходзіцца ў камеры. Дзяжурны па камеры павінен далажыць, што камера прыбрана. Зразумела, што камера павіна быць чыстай заўжды, але генеральную ўборку зняволеныя робяць прыкладна раз на тыдзень. Пасля ранішняй праверкі па камерах разносяць сняданак.

Пасля сняданку, бліжэй да 9 гадзін раніцы, вязням прыносяць лекі. Пасля прыёму лекаў у вязняў “вольны” час, калі можа адбыцца прагулка, а можа і не адбыцца… Пяць гадоў таму там было ўсяго шэсць дворыкаў для прагулак. Адпаведна, вязняў з усіх камер на свежае паветра вывесці разам не могуць, асабліва калі ўсе вязні з асобна ўзятай камеры патрабуюць выканання сваіх правоў цалкам (зняволеным дазваляецца прагулка цягам дзвюх гадзін), але часта практыкуюцца гадзінныя прагулкі… Частку вязняў вядуць на прагулку да абеду, а астатніх —пасля яго. Абедзенны час у “амерыканцы” пачынаецца прыкладна ў 12.00—12.30. Зноў-такі развозяць па камерах ежу. Варта адзначыць, што харчаванне ў СІЗА КДБ і сапраўды добрае ў параўнанні з іншымі падобнымі месцамі. Там нават некалькі кухараў пазменна працуюць. Ежу яны гатуюць, хоць танную, але амаль хатнюю: у рацыёне вязняў “амерыканкі” — кашы, бульба ў мундзірах з селядцом, супы…

Пасля абеду ў тамтэйшым раскладзе — час адпачынку, у вязняў ёсць пара гадзін на сон. Перапыніць яго можа выклік да следчага і адваката альбо турэмны паштальён, які прыносіць выпісаныя для вязняў газеты. Недзе ў 17.00 пачынаюць развозіць вячэру. Пасля яе можна паглядзець тэлевізар, калі ён ёсць у камеры. Для прагляду навін і серыялаў адведзены канкрэтны час. Ні ў які іншы час тэлевізар уключаць нельга.

— Зараз ідзе інфармацыя аб тым, што вязні СІЗА КДБ ледзьве не круглыя суткі апякуюцца лекарамі. Як з сядзельцамі працавалі дактары, калі ў “амерыканцы” сядзеў ты?

— Адразу адзначу, што лекі ў камеры СІЗА КДБ трымаць забараняецца. Выключэнне складаюць толькі тыя прэпараты, якія вязню дазволіў лекар. Іх прапаноўваюць вязням чатыры разы на дзень — раніцай, пасля абеду, вечарам і перад самым адбоем. Калі я знаходзіўся ў “амерыканцы”, то прыёмных дней у лекара было два на тыдзень — панядзелак і чацвер. З раніцы вязень, які хоча трапіць да доктара, павінен папярэдзіць пра гэта дзяжурнага. І ў раёне абеду вязень трапляе на прыём да ўрача, які прымае ў тым жа будынку. Пяць гадоў таму вязняў аглядаў звычайны тэрапеўт, ні пра якіх профільных урачоў размова нават не ішла. Помню, родныя перадалі мне вітаміны “Чарніцы фортэ”, яны карысныя для вачэй. Але тамтэйшы доктар строга забараніў мне іх перадаваць. Я атрымаў іх толькі тады, калі пераехаў у СІЗА на Валадарскага.

Тваім сваякам, як і сёння сваякам вязняў “амерыканкі”, таксама “з боем”  удавалася перадаваць табе пасылкі, лісты, газеты?..

— Такой сітуацыі, з якой сутыкнуліся сваякі вязняў “амерыканкі” сёння, у нас не было. Не было такога псіхалагічнага прэсінгу. Першыя лісты ад родных я атрымаў дзён праз пяць-шэсць знаходжання ў СІЗА КДБ. І не таму, што іх спецыяльна трымалі, а хутчэй з-за таго, што родныя разбіраліся, куды ліставаць. Зараз сітуацыя іншая: вязні, затрыманыя на Плошчы 19 снежня,  не маглі паведаміць ведаць аб сабе сваім родным цягам трох тыдняў. Невядома, ці атрымліваюць яны лісты з дому. Безумоўна, гэта моцны псіхалагічны ўдар для людзей, якія зараз знаходзяцца там.

Што тычыцца перадач, то  атрымліваў я іх рэгулярна. Я думаю, што і сёння для вязняў СІЗА КДБ няма з гэтым праблем. (Хаця з лістоў, якія атрымліваюць зараз сваякі вязняў “амерыканкі”, вядома, што да іх даходзяць не ўсе передачы. — Аўт.)

Там сістэма такая: калі перадача трапляе да ахоўніка, то ён абавязаны яе данесці на працягу сваёй змены. Па правілах унутранага распарадку, ахоўнік, які прыносіць перадачу, разам з ёю павінен прынесці і спіс, напісаны роднымі вязня, каб той ведаў, што канкрэтна яму перадалі.

— Цімафей, на тваю думку, што самае цяжкае для вязняў “амерыканкі”?

— Безумоўна, першы час там вельмі цяжка псіхалагічна. Там усе дні падобныя адзін да аднаго. Няма з кім пагаварыць — перад табой увесь час адны і тыя ж людзі. У час майго знаходжання там бібліятэка СІЗА КДБ была такой маральна састарэлай, што і пачытаць не было чаго. Дарэчы, кожны вязень мае асабісты грашовы рахунак. З гэтых грошай можна замаўляць кнігі. Праўда, “хуткасць” выканання заказу пакідае жадаць лепшага — кнігі могуць набываць некалькі тыдняў. Ні кніг, ні газет перадаваць нельга. Трэба чакаць, калі на газеты цябе падпішуць родныя…

Самы галоўны мінус “амерыканкі” — невядомасць. Вязні знаходзяцца ў інфармацыйнай блакадзе, яны не ведаюць, што з імі будзе далей, што робіцца для іх вызвалення тут, што пра іх тут думаюць і гавораць…

Поделиться ссылкой: