A. У сувязі з тым, што Пражская дэкларацыя саміту Усходняга партнёрства зноў пацвердзіла, у тым ліку і адносна Беларусі, адданасць прынцыпам міжнароднага закона і асноўным каштоўнасцям, у іх ліку дэмакратыі, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека і асноўных свабод,

B. У сувязі з тым, што Савет 25 кастрычніка 2010 г. «заклікаў ўлады Беларусі забяспечыць правядзенне прэзідэнцкіх выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і нормамі дэмакратычных выбараў АБСЕ і ААН,

C. У сувязі з тым, што Беларусь прыняла на сябе абавязацельствы ўлічыць рэкамендацыі АБСЕ і Офіса дэмакратычных інстытуцый і правоў чалавека адносна ўдасканальвання Выбарчага кодэкса Беларусі з мэтай прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў і кансультавацца адносна прапанаваных змен з АБСЕ; у сувязі з тым, што парламент Беларусі прыняў рэформу Выбарчага кодэкса без папярэдняй кансультацыі з АБСЕ,

D. У сувязі з тым, што Савет «зноў пацвердзіў сваю гатоўнасць пашыраць дачыненні з Беларуссю ў залежнасці ад развіцця Беларусі ў кірунку да дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і вяршэнства закона, а таксама гатоўнасць дапамагаць Беларусі ў дасягненні гэтых мэтаў»,

E. У сувязі з тым, што Савет, пасля ацэнкі прагрэсу ў Беларусі, вырашыў працягнуць абмежавальныя захады супраць пэўных афіцыйных асоб Беларусі, але прыпыніць ўжыванне візавых санкцый на паездкі ў ЕС да 31 кастрычніка 2011 г.,

F. У сувязі з тым, што ў адпаведнасці з заявамі ПА АБСЕ і Офіса дэмакратыі і правоў чалавека АБСЕ «Аб папярэдніх высновах адносна прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі» пэўны прагрэс можна адзначыць падчас выбарчага працэсу, але ён азмрочаны сур’ёзнымі парушэннямі падчас галасавання і гвалтам у дзень выбараў 19 снежня,

G. У сувязі з тым, што больш за 700 чалавек былі зняволены за іх удзел у дэманстрацыі 19 снежня ў Мінску, большасць з іх была вызвалена пасля адбывання кароткіх тэрмінаў зняволення паводле адміністрацыйных прысудаў, тым часам як 24 апазіцыйныя журналісты і актывісты, у тым ліку 6 кандыдатаў у прэзідэнты, былі абвінавачаны «ў арганізацыі масавых беспарадкаў» і ім пагражае да 15 гадоў зняволення, а яшчэ 14 чалавек могуць быць асуджаны такім жа чынам неўзабаве,

H. У сувязі з тым, што разгон міліцыяй дэманстрацыі 19 снежня 2010 г. і далейшыя захады праваахоўных органаў супраць дэмакратычнай апазіцыі, свабоды медыяў і грамадзянскай супольнасці былі асуджаны прэзідэнтам Еўрапарламента, высокімі прадстаўнікамі ЕС і Генеральным сакратаром ААН,

I. У сувязі з тым, што адвакаты, якія прадстаўляюць дэмакратычных актывістаў, апазіцыянераў і іх родных, не дапускаюцца да зняволеных,

1. Прызнае, што адпаведна з папярэднімі высновамі ПА АБСЕ і Офіса дэмакратычных інстытуцый і правоў чалавека аб тым, што прэзідэнцкія выбары 19 снежня 2010 г. не адпавядалі міжнародным стандартам свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў; прызнае, што ў гэтым галасаванні была страчана чарговая магчымасць для дэмакратызацыі Беларусі, і заклікае, у сувязі са шматлікімі сур’ёзнымі парушэннямі, адзначанымі АБСЕ, да новых выбараў, якія б былі праведзены адпаведна з свабоднымі і дэмакратычнымі нормамі і стандартамі АБСЕ;

2. Асуджае ўжыванне супраць пратэстуючых грубай сілы міліцыяй і КДБ у дзень выбараў, асабліва жорсткі напад на У.Някляева, парушэнне правоў на свабоду сходаў і выказвання, а таксама правоў чалавека і выказвае заклапочанасць спробамі ўлад Беларусі ўзяць пад апеку Данііла Саннікава, 3-гадовага сына кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і журналісткі Ірыны Халіп, якія застаюцца зняволенымі з 19 снежня; асаблівую занепакоенасць выказвае станам здароўя Мікалая Статкевіча, які ўжо месяц трымае галадоўку;

Поўны тэкст рэзалюцыі чытайце ў заўтрашнім нумары «Наронай Волі».