“Ці будуць пакараныя тыя, хто мяне збіў?”

3

“На плошчы Незалежнасці я апынуўся згодна з уласнымі перакананнямі, — распачынае аповед Леанід. — У мяне ёсць сумненні, што галасы выбаршчыкаў у Беларусі лічаць правільна, таму я і пайшоў.

Падчас мітынгу я знаходзіўся недзе ў трэцім шэрагу дэманстрантаў, якія стаялі ля ўвахода ў Дом урада. Калі на плошчы Незалежнасці першы раз з’явіліся байцы спецназа, стала страшна. Бо яны пачалі збіваць тых, хто стаяў зусім блізка ад увахода ў Дом урада. Паміж шарэнгамі мітынгоўцаў і спецназаўцаў была зусім невялікая адлегласць — метраў 5—7. І вось у гэтым невялікім “карыдорчыку” я раптам убачыў хлопца з рассечанай у кроў галавой. Я нахіліўся, каб дапамагчы яму. І ў гэты момант я сам атрымаў моцны ўдар дубінкай па галаве. Людзі, якія ўцягнулі мяне ў натоўп мітынгоўцаў, пазней расказвалі, што я заліўся крывёй і страціў прытомнасць… Да машыны “хуткай дапамогі”, якая стаяла бліжэй да Чырвонага касцёла, мяне неслі на руках. Там я прыйшоў у прытомнасць. Пасля аказання першай дапамогі мяне адвезлі ў 2-ю бальніцу Мінска. І, натуральна, урачы “хуткай дапамогі” расказалі, адкуль мяне прывезлі і чаму я атрымаў такую траўму… У бальніцы я пакінуў усе свае каардынаты.

І 30 снежня мяне выклікалі ў РУУС Маскоўскага раёна сталіцы. Выклікалі па тэлефоне. Цікавасць да маёй персоны растлумачылі тым, што быццам бы “трэба паразмаўляць наконт траўмы галавы”. Я пайшоў. Перад тым як прыняць у мяне заяву наконт таго, што супрацоўнікі міліцыі, якія дзейнічалі на плошчы, неабгрунтавана прымянілі сілу да мірных грамадзян, мне было зададзена некалькі дзіўных пытанняў. На пытанне, ці належу я да ліку сябраў нейкіх палітычных партый, я адказаў, што з’яўляюся сябрам “партыі спачуваючых”. Таксама міліцыянераў цікавіла, адкуль я даведаўся пра мітынг. Я растлумачыў, што пайшоў на плошчу па звычцы, бо выбары ў Беларусі фальсіфікуюцца. На пытанне, з кім я быў на плошчы разам, я адказаў, што быў не адзін, а быў разам са сваім сумленнем…

У рэшце рэшт заяву ў мяне прынялі. Супрацоўнікі міліцыі, якія яе прымалі, намякнулі, што шанцаў на тое, што будуць пакараны тыя, хто мяне збіў да непрытомнасці, няшмат. Яны сказалі: маўляў, вы ж дарослы чалавек, самі ўсё разумееце…

Так, я разумею, што пісаць заявы на супрацоўнікаў міліцыі, якія збіваюць свой жа народ, не мае сэнсу, яны і так застануцца беспакаранымі… І ўсё ж я чакаю хоць нейкага адказу з РУУС Маскоўскага раёна Мінска. Мяне, можа, па наіўнасці, але ўсё ж  цікавіць адказ на пытанне, ці будуць пакараныя тыя, хто мяне збіў. Заява была мной напісана 30 снежня мінулага года, адказу пакуль няма…

На жаль, аповед Леаніда Кулакова не адзіны. Ёсць мноства сведчанняў, што байцы спецназа, якія ўдзельнічалі ў разгоне мітынгу на плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня, праяўлялі неапраўданую жорсткасць…

Самы яркі прыклад — гісторыя 21-гадовай Маі Абрамчык, якая была збіта 19 снежня недалёка ад плошчы Незалежнасці. Пры затрыманні дзяўчына не магла ісці самастойна — у “аўтазак” яе неслі на руках. Пазней Маі была зроблена аперацыя на наге. Аднак у выпісцы са шпіталя, якую атрымала Абрамчык, значыцца, што прычынай яе знаходжання ў бальніцы стала “бытавая траўма”. А скарга Маі Абрамчык на неапраўдана жорсткія дзеянні супрацоўнікаў міліцыі далучана да крымінальнай справы аб “масавых беспарадках”, узбуджанай пасля падзей 19 снежня.


Няма запісаў для адлюстравання