Намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксандр Шышко прызнаўся журналістам, што ягонае ведамства накіравала афіцыйны ліст у Саўмін з прапановай павялічыць тарыфы на праезд у грамадскім транспарце.

Чыноўнікі лічаць, што 700 рублёў за квіток у Мінску і 600 рублёў у іншых гарадах — гэта недастаткова, каб падтрымліваць галіну ў больш-менш нармальным стане.

“Растуць кошты на паліва і запчасткі, — патлумачыў прычыну звароту ў Саўмін Аляксандр Шышко. — Нашы прадпрыемствы атрымліваюць субсідыі з бюджэту, але яны невялікія, таму прадпрыемствы працуюць стратна”. Чыноўнік зазначыў, што з працы звальняюцца вадзіцелі, якія не задаволены заробкамі.

Сёння, дарэчы, гэта дастаткова распаўсюджаная практыка: павышаць заробкі адных за кошт другіх. Так, павышэнне тарыфаў на навучанне ў ВНУ, якія са студзеня падскочылі на 25—30 працэнтаў, у навучальных установах патлумачылі тым, што трэба плаціць большыя заробкі выкладчыкам. Цяпер, трэба разумець, на заробкі вадзіцеляў грошы будуць браць у пасажыраў.

Праўда, прадстаўнік Міністэрства транспарту і камунікацый заўважыў, што павышаць кошты трэба не аднамаментна, а паступова — такая пазіцыя ведамства. Але гэтае “аднамаментна” — павялічэнне на 40—70 працэнтаў. “Калі б сёння ўстанавілі тарыф у межах 1000–1200 рублёў, гэта падцягнула б нашы прадпрыемствы”, — адзначыў Аляксандр Шышко.

Апошнім разам кошты на праезд у грамадскім транспарце ў Беларусі павышаліся ў сакавіку мінулага года. Зараз, напрыклад, жыхары і госці сталіцы плацяць за праезд у метро і на наземным транспарце 700 рублёў. Папярэдняя цана на талончык — 600 рублёў — пратрымалася амаль два гады, са жніўня 2008-га. Але цяпер, мяркуючы па ўсім, гэтага не здарыцца. Бо кошты пасля прэзідэнцкіх выбараў папаўзлі ўверх і на адукацыю, і на харчаванне, і на гарэлку. А грамадскі транспарт што — выключэнне?

І яшчэ адзін момант. Як вынікае з афіцыйных даных, апублікаваных на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, сярэдняя заработная плата на транспарце ў лістападзе 2010 года складала 1593,7 тысячы рублёў і саступала сярод сектараў прамысловасці толькі будаўнікам, у якіх сярэдні заробак быў 1842,3 тысячы рублёў.

Поделиться ссылкой: