Пасьля закрыцьця выбарчых участкаў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску зьбіраюцца тысячы людзей, якія пратэстуюць супраць фальсыфікацыі выбараў. Калёна рушыць да Дому ўраду на плошчы Незалежнасьці. На мітынгу перад Домам ураду кандыдаты ў прэзыдэнты заяўляюць пра намер весьці перамовы з урадам.

Пасьля таго, як адбылося біцьцё шкла і ламаньне дзьвярэй у Доме ўраду, прадстаўнікі сілаў правапарадку – спэцназ МУС і АМАП – ідуць у наступ на людзей, якія сабраліся на плошчы. Сілы правапарадку жорстка зьбіваюць людзей, нягледзячы на ўзрост і пол.

Затрыманых зьбіваюць, трымаюць у аўтазаках, пазбаўляюць неабходнай мэдычнай дапамогі, зьневажаюць і запалохваюць.

20 сьнежня на плошчы Незалежнасьці адбываецца невялікая (некалькі дзясяткаў чалавек) акцыя пратэсту. Яе ўдзельнікаў зьбіваюць і затрымліваюць.

Усяго 19-20 сьнежня затрымана больш за 800 чалавек, у тым ліку 7 з 10 кандыдатаў у прэзыдэнты.

Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на першай пасьля выбараў прэсавай канфэрэнцыі, інтэрпрэтуе падзеі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці як спробу дзяржаўнага перавароту.

Міністар унутраных справаў Анатоль Куляшоў паведамляе, што органы правапарадку маюць інфармацыю пра ўсіх удзельнікаў масавай акцыі 19 сьнежня і што ўсе яны будуць прыцягнутыя да адказнасьці.

31 чалавеку, у тым ліку 5 кандыдатам у прэзыдэнты, выстаўлена крымінальнае абвінавачаньне паводле артыкулу аб арганізацыі масавых непарадкаў і ўдзеле ў іх.

Асобы, абвінавачаныя па справе аб масавых непарадках, абмежаваныя ў магчымасьці карыстацца дапамогай адвакатаў: адвакаты тыднямі ня могуць дамагчыся сустрэчаў з сваімі падабароннымі.

Кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч зь першага дня арышту пачаў галадоўку, якую трымае дагэтуль.

Хваля рэпрэсіяў не перасьціхае па ўсёй краіне на працягу месяца. Дзясяткі палітычных і грамадзкіх актывістаў і журналістаў дапытаныя, у іх кватэрах прайшлі ператрусы з канфіскацыяй носьбітаў інфармацыі. Ператрусы з канфіскацыяй інфармацыйных носьбітаў прайшлі ў шэрагу рэдакцый незалежных выданьняў, у офісах партый і грамадзкіх арганізацый. Шмат людзей выкліканыя на допыты і размовы на падставе інфармацыі, атрыманай ад апэратараў мабільнай сувязі, паводле якой уладальнікі пэўных нумароў тэлефонаў знаходзіліся ўвечары 19 сьнежня ў раёне плошчы Незалежнасьці.

Дагэтуль працягваюцца арышты і асуджэньні на адміністрацыйныя арышты асобаў, на думку ўладаў прычынных да падзеяў 19 сьнежня.

Улады дэманструюць гатовасьць забраць ад родных Данілу Саньнікава – сына кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і Ірыны Халіп, якія знаходзяцца пад вартаю і якім выстаўлены крымінальныя абвінавачаньні.

Беларускае тэлебачаньне паказвае стужку “Плошча: жалезам па шкле”, а дзяржаўныя газэты публікуюць падборку дакумэнтаў, у якіх выкладаецца афіцыйная інтэрпрэтацыя падзеяў 19 сьнежня.

У Беларусі паўстаў рух салідарнасьці і аказаньня дапамогі вязьням, пацярпелым і іх сем’ям.

Заходнія краіны рэзка рэагуюць на палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, вынікі выбараў не прызнаныя краінамі Эўразьвязу і ЗША. Польшча ў аднабаковым парадку ўводзіць візавыя забароны для беларускіх чыноўнікаў, датычных да рэпрэсій. ЗША і Эўразьвяз заяўляюць, што рыхтуюць санкцыі адносна афіцыйнага Менску.

Поделиться: