З гэтай нагоды прыняты зварот, у якім гаворыцца: “Амаль месяц  мінуў з часу жорсткага разгону  мірнай акцыі і масавага збіцця грамадзянаў  на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Жыццё  многіх пацярпелых вяртаецца ў звыклую  каляіну, а фізічныя і душэўныя раны загойваюцца. Але па-ранейшаму не дае спакою той факт, што многія нашы суайчыннікі працягваюць знаходзіцца ў турмах. Не менш за 45 чалавек маюць статус абвінавачаных альбо падазраваных у крымінальнай справе аб “масавых беспарадках”. Ім пагражае тэрмін зняволення да 15 год. Яшчэ дваім палітычным актывістам прад’яўлена абвінавачанне за быццам бы здзейсненае хуліганства. Відавочна, што большасць з тых, хто сёння  знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах, не здзяйснялі аніякіх гвалтоўных дзеянняў. Аднак у несвабоднай краіне не даводзіцца спадзявацца на аб’ектыўнае судовае разбіральніцтва. 

Мы, хрысціянскія вернікі, перакананыя, што “вялікую сілу мае настойлівая малітва справядлівага” (Якуба, 5:16). Таму заклікаем Вас маліцца за тых, хто церпіць несправядлівы пераслед за свае перакананні. 

Мы прапануем абвясціць дзень 19 студзеня, калі спаўняецца месяц ад часу сумных снежаньскіх падзей, агульнабеларускім днём малітвы за палітычных вязняў. 

Мы заклікаем  вас, дарагія браты і сёстры ў  Хрысце, аб’яднацца ў гэты дзень у малітве за тых, хто несправядліва знаходзіцца за кратамі. Няхай кожны, хто мае магчымасць, звернецца да святароў і пастараў з просьбай правесці ў цэрквах малітвы за палітычных вязняў у гэты дзень альбо ў бліжэйшую да гэтага дня нядзелю – 23 студзеня”. 

Поделиться ссылкой: