Людзям тэлефануюць і прапаноўваюць прыйсці ў міліцыю, напрыклад, Фрунзенскага раёна Мінска, каб даць тлумачэнні наконт свайго месцазнаходжання ўвечары 19 снежня. Абанентам кажуць, што іх тэлефоны зафіксавалі ў зоне, дзе адбывалася шматтысячная дэманстрацыя супраць парушэння законаў падчас правядзення прэзідэнцкіх выбараў.

Ларыса Красоўская жыве ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Яна не можа схаваць свайго абурэння:

“Я ў шоку! Якое права мела кампанія Velcom даваць мой тэлефон спецслужбам ці ў міліцыю?! Я плачу грошы! Як гэта можна без майго ведама і згоды?! Патэлефанавалі мне з міліцыі і кажуць, каб я прыйшла і дала тлумачэнні наконт тых падзей. Кажуць: “Мы ведаем, што вы былі на Плошчы”. А я што — хаваю гэта? Я ім так і сказала: “Так, была. І што?”. Я маю права быць там, дзе мне патрэбна. Яны сказалі, што хочуць мяне дапытаць у якасці сведкі. Дык прабачце, кажу ім, у вас жа ёсць геніяльны “шэдэўр”, які паставіла БТ пра Плошчу. А яны мне сцвярджаюць, што ім патрэбны іншыя сведчанні.

Я сказала, каб дасылалі позву афіцыйна, як трэба, каб пазначылі, навошта мяне выклікаюць і ў якасці каго. Мне што, няма чаго рабіць болей? Яны думаюць, што зараз усё кіну і пабягу? Я на пенсіі і працую. Дзяўчынку знайшлі?!”

Наталля таксама ўжо пенсіянерка, але яна прасіла не называць яе прозвішча ў газеце:

“Самае брыдкае, што сотавых аператараў у нас так мала. Няма куды кінуцца, бо тэлефон мабільны ўсё роўна патрэбны. Ведаеце, я магла быць на сустрэчы са сваім каханкам. Якая каму справа да майго прыватнага жыцця? Цяпер я папросту з-за іхніх нейкіх планаў павінна закласці мужчыну, каб у яго потым з жонкай былі нейкія праблемы? Нас нашы адносіны задавальняюць. І навошта мне ісці і распавядаць гісторыю майго кахання? Ці мала дзе і што я рабіла ў тую нядзелю. У савецкія часы мае паводзіны маглі, магчыма, назваць амаральнымі. Але за гэта не здымалі адбіткі пальцаў, як у якога злодзея”.

Уладзімір быў на акцыі ўпершыню. Ён таксама вельмі здзівіўся, калі пачуў запрашэнне па мабільным тэлефоне:

“Ведаеце. Я глядзеў версію БТ пра Плошчу. Не ведаю, на каго гэта разлічана, але я цяпер дакладна ведаю, што яны не толькі праслухоўваюць усіх нас, дарэчы, незаконна, але і запісваюць нашы размовы. Я раней ніколі не хадзіў на акцыі і на гэтую не збіраўся. Але калі пачуў, што Лукашэнка перамагае ды яшчэ з вялікім адрывам, то я так абурыўся, што ўжо не мог быць дома. Ну, сказалі б яны, што ў яго 51%, можа, яшчэ і сышло б, а так… Я пайшоў паглядзець, што там за акцыя, паслухаць, што там людзі будуць казаць. Прыйшоў на Кастрычніцкую, а там на ўсю равуць рэпрадуктары. Не даюць нічога пачуць. Калі людзі пайшлі на плошчу Незалежнасці, дык нават неяк лягчэй стала. Я дайшоў да Плошчы, пабыў там літаральна хвілін 20 і сышоў. Нават стаў ганарыцца сваім народам. Столькі людзей выйшла! Я думаў, што больш за 100.000. Калі пачуў па БТ, што каля 100 чалавек, дык, думаю, чаму я раней такі дурны быў і як я мог тады верыць гэтай уладзе. Я ў міліцыю пайду, але тады, калі дашлюць позву. Няхай дапытваюць. Мне няма чаго хаваць”.

У вулічнай акцыі 19 снежня большасць удзельнікаў не былі прадстаўнікамі палітычных партый ці рухаў. Амаль палова з тых, хто прыйшоў на акцыю, раней ніколі не ўдзельнічалі ў вулічных мерапрыемствах. Гэта паводле меркавання назіральнікаў. Палітыкі лічаць, што, магчыма, спецслужбы даручылі міліцыі складаць базу так званых неблаганадзейных элементаў, бо амаль на кожнага апазіцыянера інфармацыя ўжо ёсць.

Палітык Лявон Баршчэўскі выказаў сваё меркаванне:

 “Лічу, што гэта банальны страх. Улады дзейнічаюць па прынцыпе: усіх знойдзем і кожнага запалохаем. Гэта абсурдна, бо кожны мае права быць там, дзе хоча. А выклікаць кожнага — значыць, дэманстраваць сваю слабасць. Як правільна ахарактарызаваў тое, што адбываецца, журналіст Анджэй Пачобут: “Калі вы мяне не любіце, то павінны баяцца”.

Такая практыка можа прывесці да таго, што на наступную вулічную акцыю зноў прыйдуць тыя ж людзі, але яны прывядуць з сабой новых людзей”.

Людзям, якія наведалі міліцыю па званку на мабільны, далі там тлумачэнні наконт свайго ўдзелу ў акцыі. Некаторыя здалі адбіткі пальцаў і сфатаграфаваліся для картатэкі, бо не ведалі, што супрацоўнікі не маюць права рабіць гэта без згоды чалавека, якога дапытваюць у якасці сведкі. Не ўсе ведалі, што сведка — гэта той, хто кажа пра іншых, а не пра сябе. Застаецца пакуль невядомым, ці будуць складаць адміністрацыйныя пратаколы на ўсіх іншых удзельнікаў акцыі, акрамя тых, амаль 700, якія трапілі за краты адразу. На ўсіх у Мінску камер не хапіла і людзей павезлі ў Жодзіна. Ці хопіць камер, каб пасадзіць адразу 50.000 чалавек? Ці гэта будуць рабіць паэтапна?..


Поделиться ссылкой: