Нагадаем, на гэтым тыдні такі статус быў прысвоены намесьніцы старшыні МФ Насьце Палажанцы.

У міжнародную арганізацыю быў дасланы наступны зварот:

«Міжнародная моладзевая арганізацыя “Малады Фронт”, зарэгістраваная ў Чэхіі, звяртаецца да Вас з просьбай прызнаць кіраўніка арганізацыі Змітра Дашкевіча і аднаго з каардынатараў МФ Эдуарда Лобава вязнямі сумлення.

Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў былі скрадзены невядомымі людзьмі наўпрост на вуліцы. Суткі пра іх месцазнаходжанне не было анічога вядома, і толькі пасля пададзеных заяў аб іх выкраданні міліцыя распаўсюдзіла заяву пра затрыманьне хлопцаў. Па інфармацыі міліцыі, іх затрымалі за збіццё невядомых людзей кулакамі і металічнымі абцугамі. На Дашкевіча і Лобава завялі крымінальную справу па ч.3 арт. 339 КК – асабліва злоснае хуліганства. Ім пагражае ад 3 да 10 год зняволення.

Па нашай інфармацыі, у дачыненні лідэраў “Маладога Фронту” была здзейснена правакацыя з мэтай прадухіліць іх ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 19 снежня і ізаляваць апазіцыянераў ад далейшай актыўнай дзейнасці.

Завядзенне крымінальнай справы па “бытавым”, не “палітычным” артыкуле, што зяўляецца вядомым яшчэ з савецкіх часоў хітрым крокам спецслужб, скіравана на адцягненне ўвагі міжнародных арганізацый ад лёсу абвінавачаных. Не так даўно мы бачылі падобны прыклад у дачыненні беларускага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, да якога праваабарончыя арганізацыі ставіліся з вялікай перасцярогаю і недаверам. Як вынік – нават заангажаваны беларускі суд зняў самыя сур’ёзныя абвінавачванні з Аўтуховіча, але прадпрымальнік, застаўшыся без міжнароднай падтрымкі, быў пакараны вялікім тэрмінам зняволеньне.

Не дазваляйце беларускім уладам зноў падмануць Вас!

Зміцер Дашкевіч – вядомы беларускі апазіцыянер, які быў прызнаны вязнем сумлення па сваёй ранейшай крымінальнай справе аб удзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Аўтарытэт Дашкевіча, як аднаго з лідэраў хрысціянска-дэмакратычных сіл Беларусі, бяспрэчны. Эдуард Лобаў таксама неаднаразова праяўляў сябе як шчыры, мужны і сумленны чалавек.

Не пакідайце лёс нашых паплечнікаў без увагі, не давайце злачыннаму рэжыму распраўляцца з беларускімі дэмакратамі з ціхай згоды міжнародных праваабарончых арганізацый!

З павагаю,

Прэс-служба Міжнароднага Руху Беларускай Моладзі «Малады Фронт» (зарэгістраваны ў Чэскай Рэспубліцы)