Юрась ГУБАРЭВІЧ: “Невядома, хто прыняў рашэнне аб тым, што Мілана Міхалевіч стала невыязной з Беларусі”

3

Адным з панятых, які назіраў за следчымі дзеяннямі, стаў намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч.

“Мілана Міхалевіч патэлефанавала мне недзе каля 18.00 12 студзеня. Яна сказала, што невядомыя людзі спрабуюць увайсці ў кватэру. Я туды паехаў. Высветлілася, што ля дзвярэй Міхалевічаў знаходзіліся пяцёра супрацоўнікаў КДБ, якія будуць праводзіць вобыск. Яны дазволілі мне прысутнічаць у якасці панятога. Сярод пяці супрацоўнікаў КДБ была адна жанчына і чацвёра мужчын, прычым адзін з іх даўно працуе па справе Міхалевіча. Гэтым разам людзей, што праводзілі ператрус, чамусьці зацікавілі візітоўкі Міхалевіча і нават яго дыпломы аб заканчэнні курсаў замежных моў…

Ператрус адбываўся прыкладна чатыры гадзіны, прычым было відавочна, што недзе ў 21.30 імпэт у іх стаў знікаць, бо ўжо было відавочна, што Мілана не паспявае на цягнік “Мінск–Варшава”.

Тым не менш пасля заканчэння ператрусу Мілана Міхалевіч ўсё ж такі вырашыла адправіцца ў Польшчу: “Мы вырашылі ехаць на маім аўтамабілі”, — працягвае Юрась Губарэвіч. — Яшчэ ў Мінску заўважылі за сабой “хвост”. Нягледзячы на тое, што тыя, хто за намі сачыў, імкнуліся мяняць машыны, пераследавання было відавочным. Калі я прапускаў наперад нейкую машыну, запамінаючы яе нумар, то праз нейкі час гэтае самае аўто аказвалася побач. У суправаджэнні цэлага эскорту машын, у салонах якіх сядзелі па тры-чатыры чалавекі ў цывільным, мы праехалі Баранавічы. І вось ужо за Баранавічамі мая машына была спынена з дапамогай супрацоўнікаў ДАІ. Побач з даішнікамі знаходзіўся чалавек у цывільным — супрацоўнік Баранавіцкага КДБ. Ён сказаў, што па ягонай інфармацыі ў маёй машыне знаходзіцца Мілана Міхалевіч і яму трэба з ёй перагаварыць. Сэнс размовы звёўся да наступнага: супрацоўнік КДБ сказаў, “што кампетэнтным органам” прынята рашэнне аб тым, што Мілана Міхалевіч трапіла ў спісы невыязных з краіны да той пары, пакуль не будзе прынята рашэнне па крымінальнай справе ў дачыненні да яе мужа. Кадэбіст папярэдзіў, што працяг руху майго аўтамабіля ў бок дзяржаўнай мяжы плёну не дасць, маўляў, на мяжы ўсё роўна “здымуць” і не дадуць выехаць. Паказальна, што Мілане Міхалевіч так і не паведамілі, што гэта за “кампетэнтны орган”, які прыняў рашэнне аб тым, што яна стала невыязной з Беларусі. Ёй не паказалі ніякай паперы на гэты конт.

Нам давялося вяртацца ў Мінск. Прычым ізноў мой аўтамабіль суправаджалі амаль да самага дома Міланы Міхалевіч…

Зразумела, што ўся гэтая аперацыя мела на мэце толькі адно: аказаць псіхалагічны ціск на жонку экс-кандыдата ў прэзідэнты… Маўляў, ты ў нас пад каўпаком, мы за табой сочым…”

Нагадаем, што на пачатку бягучага тыдня Алесь Міхалевіч патэлефанаваў жонцы з ізалятара і настойліва папрасіў, каб тая ў Варшаву не ехала. Сама Мілана лічыць, што Алесь Міхалевіч выказваў гэтую просьбу “не сваімі словамі”.

Нягледзячы ні на што, зварот Міланы Міхалевіч у польскі сейм трапіў і быў агучаны.


Няма запісаў для адлюстравання