Замест паездкі ў Варшаву Таццяну Севярынец даставілі на допыт у КДБ…

“12 студзеня ў 20.40  цягніком Мінск — Варшава я павінна была адправіцца ў сталіцу Польшчы, з тым, каб выступіць там перад дэпутатамі польскага сейма”, — распавядае Таццяна Яўгенаўна. Я прыехала ў Мінск, тут у інтэрнаце БАТУ жыве мая дачка Ганна. Недзе ў 19 30 я стала выпраўляцца на вакзал, на выхадзе з інтэрната да мяне падышлі трое ў цывільным. Удакладнілі маё прозвішча, паказалі “корачкі” і пастанову аб тым, што я павінна тэрмінова з’явіцца на допыт у КДБ. Маўляў, справу нельга адкладваць… Я сказала візіцёрам, што нікуды з імі не паеду, што я іх не выклікала і што спроба завезці мяне на допыт у КДБ мае пад сабой толькі адну мэту — не даць магчымасці трапіць мне ў Варшаву”.

Жанчына паспрабавала ўратавацца ад супрацоўнікаў КДБ бегствам. “Тыя сталі мяне спакойна ўгаворваць, хапаючы то за рукі, то за дарожную сумку, маўляў, давайце мы дапаможам, сумка ж цяжкая. На вуліцы я зноў паспрабавала збегчы”, — працягвае Таццяна Яўгенаўна. Але дзе там, дарогу мне перагарадзіў сіні мікрааўтобус. Я спрабавала аббегчы яго, але машына пачала “коўзацца”… Прыйшлося ўвайсці ў “гасцінна расчыненыя дзверы” мікрааўтобуса.

Разам з дачкой Ганнай Таццяну Севярынец даставілі ў КДБ.

“Прыехалі. Я сказала Ганне, каб яна ехала дадому, а сама пайшла на допыт… У КДБ да мяне быў прадстаўлены “суправаджаючы”, які адразу забраў пашпарт”, — гаворыць Таццяна Яўгенаўна. — Допыт цягнуўся паўтары гадзіны. Мяне дапытвалі ў якасці сведкі па справе, узбуджанай па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі “Масавыя беспарадкі”. Я адказвала на пытанні, якія датычаць мяне асабіста, дала падпіску аб неразгалошванні. Дарэчы, падчас допыту я звярнулася да следчага з просьбай аб сустрэчы з сынам. Маўляў, я ж і так у вас у КДБ, і такая сустрэча магчымая. Але Паўла я так і не ўбачыла. Не дазволілі”.

Пасля заканчэння допыту Таццяна Севярынец стала патрабаваць, каб ёй вярнулі пашпарт. “Следчы сказаў, што не ведае супрацоўніка, які мяне суправаджаў і які забраў мой пашпарт”, — гаворыць яна. — На выхадзе з КДБ мяне зноў сустрэў мой “суправаджаючы”. Ён прадставіўся цікава — назваўся “псіхолагам”. Прапанаваў пагаварыць. Я адмовілася, бо веры да супрацоўнікаў КДБ у мяне няма. Пашпарт мне 12 студзеня так і не вярнулі. Пашчасціла што ў мяне з сабой была ксеракопія дакумента і я змагла здаць квіткі на варшаўскі цягнік па ёй…”

На наступны дзень Таццяна Севярынец з самага ранку зноў наведала будынак Камітэта дзяржбяспекі з мэтай забраць пашпарт: “Я напісала заяву на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў КДБ, напісала, што ў мяне 12 студзеня тут скралі пашпарт, нанеслі мне матэрыяльную і маральную шкоду. Дзяжурны яе прыняў і паведаміў, што “псіхолаг”, які забраў у мяне пашпарт, знаходзіцца на выездзе, трэба яго пачакаць… Праз паўгадзіны пашпарт і сапраўды прынеслі. Разам з заявай. Я заяву забіраць адмовілася, сказала, каб расследавалі…  Мне абсалютна зразумела, што допыт і крадзеж пашпарта напрамую звязаны з тым, каб я не змагла распавесці ў Польшчы пра тое, што творыцца тут, у Беларусі…”