ЗВАРОТ

19 снежня 2010 году ў Беларусі адбываліся гэтак званыя выбары прэзідэнта краіны. На вялікі жаль, гэтая выбарчая кампанія працягнула бесперапынны спіс выбараў, якія не былі ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі з 1995 году.

Колькасць  прадстаўнікоў апазіцыйных партый, якім было дазволена патрапіць у склад участковых выбарчых камісій, склала 0,25% ад агульнай колькасці сяброў камісій. Незалежных назіральнікаў не дапусцілі да маніторынгу падліку галасоў. Нешматлікія дадзеныя адкрытага падліку галасоў у дзень галасавання паказваюць лічбы, якія ў разы адрозніваюцца ад афіцыйна абвешчаных вынікаў. Такім чынам, ёсць абгрунтаваныя сумневы ў тым, што А. Лукашэнка набраў неабходную для перамогі ў першым туры большую за 50% колькасць галасоў. У завяршальным Пратаколе назіральнай місіі АБСЕ зафіксаваная неадпаведнасць працэсу выбараў дэмакратычным прынцыпам і нормам, выбары прызнаныя несвабоднымі і недэмакратычнымі. Да такіх самых высноваў прыйшлі і ўнутраныя незалежныя назіральнікі.

Яшчэ  да завяршэньня галасаваньня і падліку  галасоў сілавыя структуры ўлады  пачалі фізычна распраўляцца з палітычнымі апанэнтамі А. Лукашэнкі.

19 снежня мірныя пратэсты дзясяткаў тысячаў грамадзянаў супраць фальшавання вынікаў выбараў у Мінску былі жорстка падаўленыя спецыяльнымі сіламі міліцыі.

Сотні людзей збітыя да крыві, пакалечаныя. Сямёра з дзевяці кандыдатаў у прэзідэнты былі кінуты ў турму КДБ яшчэ да афіцыйнага абвешчання вынікаў выбараў. Больш за 700 мірных дэманстрантаў былі адміністрацыйна арыштаваныя. У адказ на мірныя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў улады пачалі масавыя акцыі запалохвання.

Людзей  выкідаюць з працы і вучобы. Штодня КДБ праводзіць допыты палітычных і грамадскіх актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў, ператрусы і канфіскацыі тэхнікі ў офісах і прыватных кватэрах. У краіне адбываецца палітычны тэрор.

Асамблея  няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі заклікае палітыкаў і чыноўнікаў Эўрапейскага Саюзу, усе нацыянальныя і міжнародныя інстытуты дэмакратычных краін Еўропы праявіць волю ў адстойванні каштоўнасцяў, на якіх заснавана еўрапейская супольнасць, уступіцца за неад’емныя дэмакратычныя правы і свабоды беларусаў як аднаго з эўрапейскіх народаў. 

Асамблея  НДА заклікае:

  1. Не лічыць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі свабоднымі, справядлівымі, дэмакратычнымі, адпаведнымі стандартам АБСЕ і адпаведна не прызнаваць іх вынікаў легітымным выразам волі беларускага народу.
  2. Рашуча запатрабаваць неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і спыніць хвалю палітычнага тэрору ў краіне. Не дапусціць магчымасці для А. Лукашэнкі выкарыстоўваць вязняў як палітычных закладнікаў для гандлю ў вырашэнні пытанняў замежнай палітыкі.
  3. Стварыць міжнародную камісію з членаў Еўрапейскага Парламэнту і нацыянальных парлямэнтаў краінаў для высвятлення фактаў масавага збіцця і рэпрэсій у Беларусі 19 снежня 2010 г. і ў наступны перыяд.
  4. Спыніць палітычныя кантакты з уладамі Беларусі на афіцыйным узроўні да вызвалення ўсіх палітычных вязняў і поўнага спынення пераследу па палітычных матывах. Абмежаваць кантакты з беларускімі дзяржаўнымі органамі не вышэй за тэхнічны узровень. Спыніць кантакты з міністэрствамі і сілавымі структурамі, прадстаўнікі якіх непасрэдна ўдзельнічалі і ўдзельнічаюць у выбарчых фальсіфікацыях і палітычных рэпрэсіях.
  5. Аднавіць і пашырыць практыку забароны на ўезд у дэмакратычныя краіны Еўропы для ўсіх службовых асобаў, непасрэдна ці апасродкавана далучаных да выбарчых фальсіфікацый і палітычных рэпрэсій. З улікам папярэдняга досведу вызвалення палітычных вязняў скарыстаць усе магчымасці адрасных санкцый, скіраваных на такіх асобаў і падкантрольныя ім структуры.
  6. Вярнуцца да пытання ўдзелу Беларусі ў міжпарламэнцкай праграме «Еўранэст» пасля правядзення справядлівых парламенскіх выбараў.
  7. Спыніць удзел уладаў Беларусі ў міжурадавых праграмах у межах праграмы «Усходняе партнерства» да моманту поўнага спынення палітычнага пераследу кандыдатаў у прэзідэнты, сябраў іх каманд і грамадскіх актывістаў у сувязі з падзеямі 19-га снежня. Далейшае разгортванне супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі ў праграмах “Усходняга партнерства” і тэхнічнай дапамогі паставіць у залежнасць ад выканання афіцыйным Мінскам чатырох умоў ЕўраСсаюзу ў галіне дэмакратызацыі ў Беларусі.
  8. Кампенсаваць абмежаванне кантактаў з антыдэмакратычнай уладай істотным пашырэннем дапамогі беларускаму грамадству і грамадзянскай супольнасці:
  • скасаваць плату за шэнгенскія візы для грамадзян Беларусі;
  • інстытуцыянальна падтрымаць незалежныя мас-мэдыі Беларусі ды мас-мэдыі для беларускай аўдыторыі з іншых краін Еўропы (ТВ Белсат, Радыё Рацыя, Еўрапейскае радыё для Беларусі і г.д.), а таксама дзейнасць дэмакратычных няўрадавых арганізацый, у тым ліку ў межах Усходняга партнерства;
  • палітычна падтрымліваць партыі, рухі ды грамадзянскія ініцыятывы, якія стаяць на грунце дэмакратыі ды правоў чалавека і знаходзяцца ў апазыцыі да рэжыму;
  • распаўсюдзіць на беларускіх грамадзян праграмы падтрымкі вышэйшай адукацыі ў ЕС;
  • актывізаваць усе іншыя формы дапамогі непасрэдна беларускаму грамадству ды ахвярам палітычных рэпрэсій у краіне.

Пасля 19 снежня Беларусь стала іншай. Перамога дэмакратыі ў Беларусі – справа саміх  беларусаў, ніхто  нам не прынясе  свабоду, акрамя нас саміх. Ваша салідарнасць і падтрымка ў гэтыя цяжкія дні дапаможа нашаму народу дайсці хутчэй да дэмакратыі і свабоды.