Гэтая вера ўмацавалася пасля таго, як ён атрымаў ліст ад следчага: “В соответствии с требованиями ч.1 ст.115 УПК Республики Беларусь уведомляю Вас о том, что в отношении Вашей дочери Полаженко Анастасии Владимировны, подозреваемой в совершении преступления, 22 ноября 2010 года избрана мера пресечения в виде заключения под стражу и она содержится в СИЗО КГБ Республики Беларусь по адресу: г.Минск, ул.Комсомольская, д.30”. Чаму 22 лістапада? Адкуль гэтая дата? Можа, Насту трымаюць не за падзеі 19 снежня? Што ж яна зрабіла 22 лістапада і чаму яе тады не затрымалі? Адказу пакуль бацька не атрымаў. 

Усё, што тычыцца гэтай справы — вялікая таямніца. Не толькі адвакаты, абвінавачаныя, а нават сваякі арыштаваных не маюць права разгалошваць матэрыялы следства. Бацька Насты Ўладзімір Палажанка таксама даў падпіску аб неразгалошанні таямніцы следства.

“Падпіску я сапраўды даў, але мне абсалютна невядома якую менавіта таямніцу я магу раскрыць, калі я не маю ніякай інфармацыі. Матэрыялаў справы мне не паказвалі, адвакатка мне сказала, што інфармаваць мяне пра ход следства не можа, бо сама дала падпіску. Таму мне незразумела, як магу рассакрэціць матэрыялы справы, якіх я не ведаю. Следчы Алег Барысевіч сказаў мне толькі, што ён можа гаварыць пра тое, як Наста сябе адчувае і больш нічога. Лістоў ад дачкі я не атрымліваю, не атрымліваюць іх і яе сваякі, якія яе, дарэчы, вельмі любяць. Яны ёй даслалі некалькі лістоў і ніякага адказу. Зразумела, што яна не атрымала лістоў і ёй не далі магчымасць напісаць нешта на волю”, — кажа ен.

У такіх умовах чалавеку неабходна мець хоць нейкую інфармацыю. Мы ведаем, што адвакаты не могуць па некалькі дзён трапіць да сваіх падабаронных. 

— Я быў здзіўлены, што такая вядомая ўстанова, якую ў народзе празвалі амерыканкай, не мае ўмоў для нармальнай працы следства. Толькі два пакоі для сустрэчаў адвакатаў са сваімі падабароннымі! Ну, калі такі напруг з квадратнымі метрамі, то зрабілі б хаця б нейкі графік, каб усе адвакаты мелі магчымасць сустракацца, калі ёсць такая патрэба. Парадокс — такі вялікі будынак і няма месца. А, можа, папросту няма жадання?

Наста не зяўлялася сябрам выбарчага штабу ніводнага з кандыдатаў. На плошчы яна выступіла з вельмі кароткай прамовай. Як вы лічыце, чаму яе забралі ўначы і дагэтуль трымаюць у камер?.

— Я лічу, што гэта палітычны пераслед за яе перакананні. Наста з’яўляецца намесніцай лідэра самай масавай моладзевай дэмакратычнай арганізацыі, з якой улады безвынікова змагаюцца ўжо не першы год. Улады скарысталіся крымінальнай справай для таго, каб паспрабаваць паралізаваць дзейнасць усіх дэмакратычных партый і арганізацый. Гісторыя сведчыць, што гэта практыка ўсіх дыктатараў — Нерон спаліў Рым, каб знішчыць хрысціян, Гітлер падпаліў Рэйхстаг для барацьбы з дэмакратамі, Сталін забіў Кірава, каб знішчыць сваіх апанентаў. Улада, калі ўбачыла, што, нягледзячы на ўсе перашкоды, якія чыніліся часам усёй перадвыбарчай кампаніі, на вуліцу выйшлі дзесяткі тысяч чалавек, яна вельмі спалохалася. 19 снежня большасць з тых, хто выйшаў на вуліцу, а потым быў збіты, затрыманы і арыштаваны — гэта людзі, якія раней не ўдзельнічалі ў вулічных дэманстрацыях. Улада, калі аддавала загад на жорсткі разгон, разлічвала напалохаць увесь народ. Усе шматлікія ператрусы, звальненні, допыты, абвінавачанні — працяг гэтай палітыкі тэрору. Дзяржаўная прапаганда буксуе, бо пры наяўнасці інтэрнэту, каму трэба ведаць праўду, той яе заўсёды знойдзе.

Вы, як бацька, чым больш за ўсё занепакоены?

— Перш за ўсё гэта здароўе, бо яно ў яе не ідэальнае. Таксама мяне турбуе, што маладая дзяўчына знаходзіцца ў ізаляцыі ў той час, калі яна не ўяўляе ніякай пагрозы для грамадства. Наста вучыцца ў Еўрапейскім Гуманітарным унівэрсытэце. Прадстаўнікі ЕГУ казалі мне, што праблем з навучаннем у яе ня будзе. Яны мне тэлефануюць, падтрымліваюць. Мяне кранула тое, што студэнты сабралі грошы і прынеслі мне 80 еўра. Сказалі, што сабралі для Насты, каб яе падтрымаць. Ва ўнівэрсытэце паўсюль плакаты з фатаграфіяй Насты з патрабаваннем яе вызвалення. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што справа цалкам палітычная і Наста ніякая не крымінальніца, як і тыя, якія знаходзяцца разам з ёй цяпер пад вартай.

Што вы думаеце наконт перспектываў у гэтай справе?

— Я вельмі баюся, што рэпрэсіўная машына можа раскруціцца па максімуму. Пры такой сытуацыі Наста можа на доўгі час апынуцца за кратамі. Я разлічваю на рэакцыю суайчыннікаў і на падтрымку міжнароднай супольнасці. У такіх умовах улада вымушана будзе адмовіцца ад вар’яцкіх захадаў. Спадзяюся, што чакаць гэта давядзецца ня доўга”.

Поделиться ссылкой: