Фактычна Паўла ізалююць ад усякай інфармацыі звонку. Па-ранейшаму невядома, ці даходзяць яму ўсе перадачы. Таксама не вядома, ці перадалі яму Біблію, паведамілі “Народнай Волі” ў БХД.

Сёння маці Паўла, Таццяна Яўгенаўна, была ў Следчым  камітэце, які адмыслова створаны па справе 19 снежня са следчых КДБ і МВД. Яна дабіваецца магчымасці ўбачыцца з сынам. Следчы, які прадставіўся як Анатоль Мікалаевіч, паведаміў Таццяне Яўгенаўне, што ўбачыцца з сынам яна зможа не раней як праз месяц, а можа нават і пазней.

Таццяна Севярынец адказала следчаму, што на сайце Генеральнай пракуратуры 3 студзеня была інфармацыя, што ўмовы ўтрымання вязняў у следчым ізалятары КДБ добрыя, што яны атрымліваюць перадачы, маюць магчымасць бачыцца з роднымі і блізкімі, таму яна будзе скардзіцца ў генпракуратуру на тое, што ў СІЗА не выконваюцца гэтыя патрабаванні.

На гэта следчы заўважыў, што ў СІЗА толькі 2 кабінеты для сустрэч, таму гэты працэс ідзе павольна. Таксама ён заўважыў, што яны будуць вырашаць, калі затрыманыя могуць сустракацца з роднымі, і  папрасіў месяц яго не турбаваць. Але маці Паўла паабяцала тэлефанаваць яму штодня.

Поделиться ссылкой: