Па-першае, віншую вас з вызваленнем. Што вы можаце паведаміць пра абставіны  вашага вызвалення, дакладней, змены  меры стрымання?

— Дзякуй за віншаванне! Па-першае, сёння, 4 студзеня, ў 11 гадзін павінна была адбыцца мая прэс-канферэнцыя на гэты конт. Але ўчора, пасля таго, як я даў некалькі каментароў для “Нашай Нівы”, мяне выклікалі ў КДБ і паведамілі, што мая прэс-канферэнцыя будзе разглядацца як парушэнне падпіскі аб неразгалошванні тайны следства. І што ў любым выпадку правесці яе мне не дадуць, а мая мера стрымання ў любы момант можа быць зноў заменена на знаходжанне пад вартай.

Па-другое, я не лічу сябе на свабодзе, пакуль у зняволенні знаходзяцца мае сябры і паплечнікі, іншыя кандыдаты. І я, як магу, буду спрыяць іх вызваленню.

Я дзякую ўсім, хто праявіў сваю салідарнасць з намі, хто выказаў сваю падтрымку Я  быў здзіўлены, колькі людзей перажывала за мяне, малілася, выказвала словы  падтрымкі маёй сям’і. Гэта быў для мяне прыемны сюрпрыз.

— А што вы можаце сказаць  пра змест запіскі  на імя кіраўніка  дзяржавы?

— Я сапраўды пісаў  такую запіску, але, на жаль, пра яе змест паведаміць не магу, паколькі я даў падпіску аб неразгалошванні  тайны следства. Магу толькі запэўніць, што нічога такога, што магло б пашкодзіць іншым, я ў ёй не пісаў.

— Якія  вашы далейшыя планы?

— Цяжка казаць пра  нейкія планы ў маім становішчы. Я буду рабіць усё, каб дабівацца  вызвалення іншых затрыманых па гэтай  справе. Сваё вызваленне я расцэньваю, як маленькі шанец, як першы крок уладаў.

А што вы можаце патлумачыць  тым, хто ў сваіх  каментарах называе  вас здраднікам?

— Мая пазіцыя, нягледзячы ні на што, застаецца нязменнай. Хай перачытаюць тое, што я казаў да 19 снежня.

Усім сваім зламыснікам  я кажу – не радуйцеся, а паплечнікам – не турбуйцеся, мая пазіцыя засталася нязменнай, яна такая, якая была да 19 снежня, 19 снежня і пасля 19 снежня. Такая яна застаецца і зараз, і ніякія тлумачальныя лісты яе не зменяць. Я зараз не магу агучваць шмат якія рэчы, тым не менш яшчэ раз падкрэсліваю, што мая пазіцыя застаецца ранейшай, такой, што была агучаная падчас выбарчай кампаніі.

Поделиться: