Алесь паведаміў “Народнай Волі” пасля адбыцьця 10-сутачнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў: “Калі мяне затрымлівалі, а гэта было бліжэй да будынку Галоўнага паштамту, то мне так далі дубінкай па галаве, што я паваліўся і на нейкі час страціў прытомнасьць.

Ачуняў, калі мяне закідвалі ў аўтазак. Там нас трымалі на падлозе і не давалі нават падняць галавы. Калі ж нас вывелі ў пастарунак міліцыі, то я заўважыў, што прапаў гаманец, у якім былі грошы і дзве крэдыткі. Я казаў пра гэта і ў міліцыі і следчым КДБ, якія нас дапытвалі падчас адбыцця арышту. Іх гэта абсалютна нікога не цікавіла. Кадэбэшнік абыякава сказаў, што я магу падаць скаргу і ўсё. Лічу, што гаманец выцягнулі з кішэні тыя, якія мяне збілі з ног на вуліцы. Калі б не палітычная акцыя, то можна было б казаць пра разбойны напад з мэтай рабаўніцтва. Але якая мне цяпер розніца, калі скралі грошы? Мабільнік быў схаваны добра, а то мог бы і яго не далічыцца”.