Сваякі Міколы Статкевіча непакояцца, што наступствы галадоўкі могуць быць самымі цяжкімі. Дочкі палітыка жывуць у Нямеччыне. Старэйшая Кацярына кажа: “Я ведаю татаў характар і таму непакоюся станам яго здароўя. Лічу, што ён паступіў правільна і мужна, але наступствы ўчынку настолькі цяжкія, што нават страшна думаць і нешта казаць”…

Малодшая Ганна нарадзіла ў Нямеччыне сына. Яна ў роспачы: “Тата бачыў унука, калі яму было толькі паўгодзіка. Ён тады не размаўляў нават. А цяпер так можа атрымацца, што пазнаёміцца з ім, калі той стане падлеткам. Гэта жудасна”. 

Марына, паплечніца Мікалая Статкевіча, Прыгадала: “Напярэдадні гэтых падзеяў мы прачыталі з Міколам на нейкім форуме выказванне, што ў кодэксе з’явіцца дадатковы артыкул “За спробу балатавацца на выбарах”. Смяяліся… Але далейшае развіццё падзей падцвердзіла гэта. Я яго добра ведаю і ведаю, што ён пойдзе да канца. Галоўнае, што ён хацеў сказаць сваім суайчыннікам – гэта: “Ня бойцеся!”. Гэта было галоўнай мэтай. Дзеля гэтага ён пайшоў на выбары”. 

Раней на прэсавай канфэрэнцыі Мікола Статкевіч казаў: “Мы, канешне, гэтую сцяну не разбурым. Калі мы яе не разбурым, то пасунем, калі не пасунем, то наробім у ёй дзірак. І тады тым, хто прыйдзе пасля нас, будзе лягчэй”. 

У Баранавічах жыве бацька Міколы Статкевіча, які мае пэўныя праблемы са здароўем. Сын амаль кожны выхадны прыяжджаў да яго, каб падтрымаць хворага бацьку.  

Давераная асоба Мікалая Статкевіча Алесь Арэстовіч таксама ўтрымліваецца пад вартай.   Сын Арэстовіча Зміцер кажа: “У панядзелак патэлефанавалі і сказалі, што ён у КДБ. Мы туды прыехалі, нам сказалі, што там яго няма. Толькі ўначы з аўторка на сераду сястра патэлефанавала з Польшчы ў бюро няшчасных выпадкаў і ёй сказалі, што ён у КДБ.  

Прыехалі, нам зноў кажуць, што яго няма. Можа, яго хацелі на Акрэсціна, а потым вырашылі прышыць крымінальную справу. Лічу, што трымаюць яго незаконна. За што затрымалі, незразумела. Чаму не давалі інфармацыю цягам некалькіх дзён дзе ён? Цяпер ён ня ходзіць на працу і яго могуць звольніць за прагулы, бо не прыйшлі ў ЦНТУС, дзе ён працуе галоўным спэцыялістам, паперы аб яго месцы знаходжання. Вось такі Новы год у нас сёлета”.

Поделиться: