Дакладная колькасць людзей, якія знаходзяцца на бальнічных ложках, дагэтуль невядомая.

Аляксей Рзаеў адбываў 15 сутак арышту і трапіў у тую сотню “шчасліўцаў”, якіх выпусцілі раней пазначанага тэрміну. 21 снежня яго з камеры забралі ў бальніцу. Медыкі зафіксавалі пабоі і высокі ціск, які выкліканы чэрапна-мазгавой траўм. У выніку хлопца проста адпусцілі дахаты. Хаця на наступны дзень яго дапыталі ў міліцыі і намякнулі, што лепш не падаваць скаргу на дзеянні іх калегаў.  Аляксей падпісаў паперу, што прэтэнзій да міліцыянтаў не мае. Ён патлумачыў, што не хоча мець праблем, бо ўсё роўна не верыць, што нехта ўсур’ёз пакарае тых, хто яго збіваў на вуліцы.

Застаецца незразумелым пытанне, на якой фармальнай падставе ўлады вызвалілі каля сотні арыштаваных.

Паводле заканадаўства, суд выносіць пастанову аб тым, што абвінавачаны ў нейкім адміністрацыйным правапарушэнні караецца згодна з тым ці іншым артыкулам папярэджаннем, арыштам або штрафам. Арыштаваны падчас адбыцця пакарання можа дабівацца, каб судовую пастанову прызналі незаконнай. Дзеля гэтага ён мае магчымасць скардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі і чакаць адказу. Пры гэтым ён усё роўна будзе знаходзіцца за кратамі. Былі выпадкі, калі пракуратура скасоўвала судовыя пастановы як не адпавядаючыя заканадаўству. Але каб выпусцілі проста так, нягледзячы на рашэнне суда, — такога раней не было. Тым больш што згодна заканадаўствам, супрацоўнікі адміністрацыі спецпрыёмніка ці нейкага іншага ізалятара абавязаны выконваць судовую пастанову. У адваротным выпадку ім не пазбегнуць крымінальнай адказнасці. А якім жа чынам цяпер без адмены судовых пастаноў яны ўзялі і адпусцілі столькі чалавек на волю?

Неафіцыйна вядома, што адпускалі найбольш збітых людзей, і ў першую чаргу не з матыву міласэрнасці, а таму, што не хапае камер.

Поделиться ссылкой: