На мерапрыемстве была дадзена ацэнка працэдуры распрацоўкі новага закона з пункту гледжання інтарэсаў грамадскасці і выказаны экспертныя меркаванні адносна канцэптуальных палажэнняў законапраекта.

“Наяўная версія законапраекта хутчэй скіраваная на ўзмацненне кантроля за няўрадавымі арганізацыямі і стварэнне кантраляванай грамадзянскай супольнасьці”, — заявіў удзельнік брыфінга, юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў.

На мерапрыемстве адзначалася аднабаковасць дыялогу паміж грамадзянскай супольнасцю і распрацоўшчыкамі новага законапраекта: “Шэраг зацікаўленых арганізацый скіроўвалі свае прапановы да распрацоўшчыкаў законапраекта. Міністэрствам юстыцыі гэтыя прапановы прымаліся да ведама, аднак да працы з самім тэкстам прадстаўнікоў грамадскасці не дапускалі. Законапраект нават не рабіўся публічным цягам усяго бягучага года, хоць ужо праз тры месяцы дакумент мусіць быць вынесены на разгляд парламэнту”, — зазначыў Юры Чавусаў. 

Сярод станоўчых рысаў новага законапраекту – нормы пра дзяржаўную сацыяльную замову, ўвядзенне адмысловага статуса “арганізацый сацыяльнай значнасці” і заканадаўчае замацаванне ўдзелу НКА ў грамаскіх саветах пры дзяржаўных органах. Аднак, як заўважаюць удзельнікі брыфінга, адзначаныя новаўвядзенні не здольны карэнным чынам палепшыць прававыя ўмовы для дзейнасці айчынных некамерцыйных структур.

Акрамя таго, законапраект скасоўвае заяўляльны прынцып рэгістрацыі такой формы НКА, як ўстанова і асацыяцыя. Згаданы прынцып быў адной з  нешматлікіх магчымасцяў простага атрымання рэгістрацыі для структураў грамадзянскай супольнасьці. Сярод іншых істотных недахопаў — істотнае пашырэнне паўнамоцтваў кантрольных органаў і ўскладненне справаздачнасці для НКА. Таксама законапраект не ўлічвае такой балючай праблемы айчыннай грамадзянскай супольнасці, як неабходнасць мець юрыдычны адрас ў нежылым памяшканні для любой НКА.

У цэлым, паводле меркавання дырэктара Цэнтру прававой трансфармацыі Вольгі Смалянкі, у наяўнай рэдакцыі законапраекту пераважаюць адмоўныя рысы, і дакумент патрабуе дапрацоўкі з улікам меркаванняў зацікаўленых суб’ектаў, у тым ліку грамадскіх аб’яднанняў, фондаў, прафсаюзаў, рэлігійных і іншых арганізацй. “Паводле сусветных стандартаў, прававыя ўмовы дзейнасці некамерцыйных арганізацый павінны быць не горшыя за прававыя ўмовы дзейнасці тых юрыдычных асобаў, што займаюцца бізнесам. У сённяшняй Беларусі ўсё наадварот. Напрыклад, унітарныя прадпрыемствы зарэгістраваць проста і не трэба для гэтага мець нежылога памяшкання пад офіс. На жаль, законапраект не выпраўляе гэтую сітуацыю, а пагражае толькі пагоршыць  яе”, — зазначыла Вольга Смалянка.

Удззельнікі брыфінгу прэзентавалі грамадскасці каментарый да законапраекта “Аб некамерцыйных арганізацыях”, распрацаваны Цэнтрам прававой трансфармацыі.

23 снежня Міністэрства юстыцыі ладзіць круглы стол для абмеркавання праекта закона “Аб некамерцыйных арганізацыях” з шэрагам НКА. Аднак ні ўдзельнікі брыфінгу, ні шэраг іншых зацікаўленых арганізацый на мерапрыемства міністэрства не былі запрошаныя.

У звязку з гэтым падчас брыфінгу быў заяўлены намер склікаць альтэрнатыўны круглы стол для тых зацікаўленых НКА, якія не былі далучаны міністэрствам да абмеркавання і не былі запрошаны на круглы стол 23 снежня. Гэта нарада, з аднаго боку, дазволіць абмеркаваць як вынікі сустрэчы ў міністэрстве, так і ўжо агучаныя рознымі НКА каментары і прапановы да законапраекта. Мэта альтэрнатыўнага круглага стала – выпрацоўка кансалідаванага пакета рэкамендацый да тэксту праекта.

Поделиться ссылкой: