Пра гэта карцела зведаць у чалавека, які пры камуністычным рэжыме, роўна як і пры акупацыйным нямецкім, і пры польскім, і пры цяперашнім, заўсёдна трымаўся і трымаецца Беларушчыны, той самай грамадзянскай пазіцыі, якая — па вызначэнні — нідзе і ніколі не супярэчыла нацыянальным інтарэсам.

Грамадзянскасць для Алеся Белакоза не ідэалагічны фігавы лісток, якім цынічна прыкрываюць сваё “патрыятычнае” негліжэ цяперашнія штатныя ідэолагі, а сэнс усягонага жыцця. Гэтую грамадзянскасць ён намёртва знітаваў з патрыятычнасцю, якая ў вачах цемрашалаў-невукаў бачылася ваяўнічым нацыяналізмам.

Алесь Белакоз усё свядомае жыццё пражыў у Гудзевічах, на Мастоўшчыне. І ніколі не ўлучаўся ў сістэму ўладных каардынат, калі тая сістэма супярэчыла ягоным прынцыпам. Наадварот, пярэчыў ёй, змагаўся з ёю. І яму хапіла мужнасці на працягу дзесяцігоддзяў не паддавацца ідэалагічнаму націску рэжыму, бараніць інтарэсы простых людзей, гартаваць волю вальнадумных літаратараў, выхоўваць свядомасць у тых, хто толькі пачынаў жыць. Таму і на 83-м годзе душа ягоная — не заплямленая, не спакушаная нікім і нічым.

З паэтам Міхасём Скоблам мы кіраваліся ў Гудзевічы не толькі, каб сустрэцца з патрыярхам-адраджэнцам нацыянальнай культуры, але і выканаць ганаровую місію аргкамітэта па ўшанаванні памяці Ларысы Геніюш — уручыць Алесю Мікалаевічу памятны медаль да 100-гадовага юбілею славутай паэткі. Гэты медаль ужо атрымалі Адам Мальдзіс, Данута Бічэль, Міхась Чарняўскі, Уладзімір Някляеў ды іншыя творцы… Што ні імя — постаць, гонар Беларусі… І сярод іх — Алесь Мікалаевіч Белакоз, чалавек з правінцыі, які, аднак, ніколі не быў правінцыялам. Наадварот, гэта да яго са сталіцы, з многіх іншых гарадоў ва ўсе часы ехалі людзі — літаратары, мастакі, кампазітары, краязнаўцы, моладзь…

Што іх прыцягвала, што яднала ўсіх? Верагодна, усё тое ж — прыналежнасць да ліку Грамадзян сваёй краіны, тых самых, што доўжаць гартаванне беларускай нацыі. Услед за вялікімі папярэднікамі — ці то Францішак Багушэвіч, ці то Янка Купала, Вацлаў Ластоўскі альбо Васіль Быкаў — яны ўсё на тым жа, пярэднім рубяжы змагання: за права беларусаў людзьмі звацца, за нашую мову, культуру, гісторыю, за вольную і незалежную дзяржаву… Не дзіва, што ў Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі, які цягам дзесяцігоддзяў ствараў Алесь Белакоз, пабывалі тысячы людзей з Беларусі, Амерыкі, Канады, Аўстраліі…

Падчас свайго першага візіту ў Гудзевічы — 15 гадоў таму — быў проста агаломшаны багацейшай калекцыяй матэрыяльнай даўніны, якая і ёсць культурная спадчына нашых продкаў: дзве залы для фондаў, тры — для народнага ткацтва, адна для народнай медыцыны. Толькі па лёну — паўнавартасная матэрыялізаваная энцыклапедыя: лён у кветках, у галоўках, абабіты, мочаны, сланы, цёрты, трапаны, чэсаны, у кудзелі, на прасніцы, шпулі нітак на калаўротах, на стужцы, вітушках, кругельках, цэўках, сноўніцы, кроснах…

А падвойныя дываны?! Нідзе ў Беларусі не знойдзеце такіх. Прыгажосці незвычайнай, а ткуць толькі тут, у Гудзевічах. У чатырох залах літаратурнага краязнаўства — суквецце імён, і за кожным з іх — унікальныя дакументы, якіх і ў сталічных музеях пашукаць, ды не знойдзеш.

Алесь Мікалаевіч прызнае і сёння, што стварэнне такога музея — не самамэта, а толькі сродак нацыянальна-патрыятычнага выхавання моладзі. Пачыналі ж не на голым месцы, бо яшчэ заставалася рэшта самасвядомасці ад тае хвалі нацыянальнага адраджэння, што ўзнялася ў 1926 годзе дзякуючы Беларускай сялянска-работніцкай Грамадзе. І мясцовае настаўніцтва як магло спрыяла гэтаму працэсу. Але тое было ніяк не па нутру ўладам, ішло насуперак камуністычнай ідэалогіі, якая ў 60-я гады асабліва ашчэрылася супраць усяго нацыянальнага. Проста пагражалі самасудам, арыштам, расправай.

— Кажуць, што людзі заходняга Панямоння не дужа вылучаліся беларускім патрыятызмам. Ці так гэта, Алесь Мікалаевіч?

— Бязглуздзіца. Іншая справа, што патрыятызм гэты не дэклараваўся і быў арганічнай часткай народнай душы, а яна заўсёды шануе роднае. Яшчэ ў маленстве не адзін раз чуў, як тутэйшыя месцічы абураліся, што ніколі не мелі сваіх бацькоў: “Кіруе намі то айчым, то мачаха”. Мы вярталі людзям іх годнасць, самапавагу, культуру, якімі грэбавалі розныя прышлыя — здалёчная навалач.

…У 1965 годзе Алесь Белакоз, выдатнік народнай асветы, трапіў у Мінск на курсы кіраўнікоў раённых секцый беларускай мовы і літаратуры. Ды меў неасцярожнасць арганізаваць сустрэчу сваіх калег-настаўнікаў з пісьменнікамі-вальнадумцамі. І пасыпаліся непрыемнасці. Насуперак ім ён наладзіў яшчэ адну. Пайшлі пагрозы, папярэджанні.

“Мушу прызнаць, — распавядаў ён крыху пазней свайму сябру Аляксею Пяткевічу, — што спачатку наступ на ўсё беларускае вёўся асцярожна, спакваля. Ды кожны год русіфікатары ўсё больш хамелі, а ў 70-я гады скінулі канчаткова маску высакародства ў адносінах да нашай культуры. І ўжо ў 1969 годзе мне сказалі ў КДБ адкрытым тэкстам: “Белорусский язык должен исчезнуть, а вы нам мешаете. Изменяйте свое отношение к этому языку, пропагандируйте русский. Помогайте нам, рассказывайте все, о чем говорили с Максимом Танком, с Нилом Гилевичем, с Ларисой Гениюш и с другими писателями. Если не согласитесь, от вас отвернутся родственники, покинут друзья, осудит общественность”.

Яму запісвалі вымовы, наладжвалі праверкі, абзывалі нацыяналістам, цягалі ў КДБ, а ён рабіў сваю справу. Упарта і натхнёна. Чынавенства яму даводзіла: музей не можа быць літаратурна-краязнаўчым, бо не было і няма наўкола Гудзевічаў ніводнага літаратара. “Як жа няма? А Ларыса Геніюш, якая вучылася ў мясцовай школе ў 1919—1920 гадах, а Агата Тарасевіч, таленавіцейшая, хоць і малапісьменная сялянка-паэтка з вёскі Пілкі, а Міхась Явар, Сяргей Крывец, Пятрусь Макаль, Лідзія Ялоўчык?!”

Сёння ў музеі каля 12 тысяч экспанатаў асноўнага фонду. Сярод іх — рэчы і дакументы унікальныя. Тая ж грамата апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава-Аўгуста Панятоўскага, граматы мясцовых магнатаў, лісты ад Івана Мележа, Ларысы Геніюш, Васіля Быкава, Максіма Танка, творы жывапісу, графікі, скульптуры, каменны рукамыйнік, якому больш за тысячу гадоў, — ці ж гэта не багацце?!

…Вечаровае лістападаўскае сутонне паволі агортвае гудзевіцкае наваколле. А мы ўсё гамонім з Алесем Мікалаевічам, прымасціўшыся на покуці ў старой сялянскай хаце, акурат пад абразом… Францішка Скарыны. Цяпер гэтая хаціна — ёй больш за 200 гадоў — экспанат музея. Як пераклалі нанова бярвёны, успамінае ён далей, ды начапілі страху, то абраз Божай Маці — у чысты кут, на покуць. Але ж раённаму начальству не спадабалася. Ну што возьмеш з нехрысцяў, затлумленых ідыёцкай прапагандай? Тады і аддалі покуць Францішку Скарыну. Абрамілі яго, як і ўсіх святых, вышываным ручніком, кветкамі ды пукам жытнёвых каласоў…

Сустрэцца з Белакозам і не закрануць “крамянёвае пытанне” было проста неабачліва. Па-першае, таму, што сам карыстаюся “крамянёўкай” многія гады; па-другое, шмат хто са сталічных знаёмцаў перадаваў падзяку за ягоныя, у свой час падараваныя краменьчыкі, якія спраўна гояць розныя балячкі…

“Хлопцы, гэтымі крамянямі вылечыліся сотні людзей, — усцешыўся стары настаўнік. — Найперш я сам. А калі зведаў іх гаючую сілу, то пачаў раіць ды лячыць іншых. І не толькі крамянёвай вадой. У нашым музейным аддзеле народнай медыцыны сабраны ці не ўсе лекавыя зёлкі, а гэтаксама медная вада, медныя пласціны, бранзалеты ды шмат чаго іншага. Мы і кніжку выдалі “Гудзевіцкая народная медыцына”, дзе занатаваны сабраныя намі народныя рэцэпты”.

І паведаў нам Алесь Мікалаевіч пра цуды крамянёвай вады, якая па сваёй гаючасці не саступае выцяжкам з акулавых плаўнікоў ды жабраў. Увесь сакрэт у тым, тлумачыць ён, што крамяні — а ім па некалькі мільёнаў гадоў — аддаюць свае арганічныя нарашчэнні вадзе. Гэтая акамянелая арганіка — след колішніх мікраарганізмаў. На наша шчасце, яна аказалася гаючай для нас, людзей.

Здабываюцца цуда-краменьчыкі ў мелавых шыхтах непадалёку ад мястэчка Рось. Лічыцца, што такія крамяні сустракаюцца яшчэ ў двух-трох месцах на планеце…

Ведаючы, што да Белакоза ўсё яшчэ едуць людзі з розных куткоў Беларусі, каб наталіць душу верай, праўдай і ўмацавацца духам, пытаю яго:

— Як думаеце, паважаны Алесь Мікалаевіч, ці не згасла надзея адрадзіць тую Беларусь, за якую біліся каліноўцы, пра якую марылі нашаніўцы, і за ідэалы якой змагаецца цяперашняя нацыянальна свядомая моладзь? Ці ўваскрэсне наша мова, амаль забытая, загубленая сучаснымі апрычнікамі?..

— Чакаў гэтага пытання, — азваўся гудзевіцкі патрыярх, — але не выказваю адчаю і роспачы. Памятаеце, у Ларысы Геніюш?

Ня сумуйце, дзяцюкі, па долі,

Ня хіліце гордай галавы,

Бо ня з жалю, толькі з ранаў, болю,

Воля толькі родзіцца з крыві.

Грамада і грамадзянскасць — словы аднакарэнныя. Але гэта ўсяго толькі словы. А павінна, каб грамадзянскасць стала сутнасцю грамады. І тады ў нас усё атрымаецца… Дзеля гэтага варта жыць і змагацца. Верую, што спадкаемцы будуць лепшымі за нас: падымуць выпаўшы з рук сцяг і не дазволяць больш нікому з яго глуміцца. Верую, бо мы ўжо ўдосталь наглыталіся смуроду. А трэба свежага паветра, гаючай вады, чысціні! Але перадусім — жадання дасягнуць усяго гэтага.

Ня сумуйце, дзяцюкі, начамі —

Ўжо ня ўдасца спутаць вольны дух!

Мы былі і будзем Крывічамі

Ад хваль Угры аж па сіні Буг..

Фота аўтара.

Поделиться ссылкой: