“Мяне затрымалі ноччу,  ў 0.30 20 снежня, недалёка ад плошчы Незалежнасці. Я ўжо сыйшоў з плошчы да сваёй машыны. А ў сілавікоў ў гэты час, відавочна, была “апошняя хваля зачысткі”. Мяне затрымалі на вуліцы Валадарскага. Супрацоўнікі міліцыі ў поўным абмундзіраванні (у шлемах і з дубінкамі)  не рэагавалі на тое, што я праваабаронца. Дзіўна, што з імі не было ніводнага афіцэра, з якім можна было б перагаварыць. Справа ў тым, што на той самай плошчы мы, праваабаронцы, спакойна кантактавалі з кіраўніцтвам міліцы. Кіраўніцтва МУС праінфармавана пра тое, што БХК вяло назіранне за выбарчым працэсам. Карацей, мяне завялі ў “аўтазак”. Ніхто нічога не хацеў слухаць, ніякія тлумачэнні не прымаліся. Мяне не білі, ўсё адбывалася больш-менш прыстойна. Прывезлі на Акрэсціна. Забралі ўсе асабістыя рэчы, рэмень, шнуркі. Тры гадзіны я прастаяў тварам да сцяны. Але на Акрэсціна мяне прыняць адмовіліся, бо прыёмнік-размеркавальнік быў перапоўнены. Адтуль мяне павезлі ў Кастрычніцкі РУУС сталіцы. Ніхто не тлумачыў прычыну затрымання. У РУУС я падыйшоў да нейкага палкоўніка, прадставіўся. Той не назваўся, толькі сказаў: “Чакайце, мы ва ўсім разбярэмся”.

Чакаць давялося да самага ранку. Мяне завялі ў кабінет. Там сядзелі два капітаны. На маю просьбу выдаць пратакол затрымання і агучыць прычыну яны маўчалі. Я даведаўся, што мяне абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу. Пасля гэтага мяне спрабавалі завесці на “адкатку пальцаў” і фотаздымку. Пасля маіх тлумачэнняў, што такое магчыма толькі пасля рашэння суда, ад гэтай ідэі адмовіліся.

З раніцы пасадзілі ў “аўтазак” і павезлі ў суд. У адкрытае судовае пасядджэнне я не трапіў. Увесь час я правеў у так званым “стакане”. Памяшканне памерам 1,20 на 80 сантыметраў, разлічанае на днаго чалавека. А нас там было пяцёра… Не сесці, не абаперціся на сцены, бо яны ўсе ў свежай пабелцы.

У рэшце рэшт да мяне прыйшлі. Прапанавалі падпісаць пратакол аб тым, што мне будуць вернуты ўсе асабістыя рэчы. На маё заканамернае пытанне, што такі пратакол павінен быць падпісаны толькі пасля судовай пастановы, мне адказалі: “Пастанова ёсць”. У пастанове напісана, што мая справа “разглядалася ў адкрытым пасяджэнні”, і судзя вынес рашэнне аб адпраўцы  справы на даследванне. Па-першае, судовае пасяджэнне не было адкрытым, у будынак суда ўвогуле нікога не пускалі, не паклікалі на разгляд справы і мяне. Па-другое, у судовай пастанове напісана, што судзя не здолеў упэўніцца, што я прадстаўнік праваабарончай арганізацыі і што не ўстаноўлены дакладна час майго затрымання. Што перашкаджала яму выклікаць мяне ў залу суда, каб усё гэта ўдакладніць?”.

Алег Гулак мяркуе, што ягоная справа “будзе пахавана ў Кастрычніцкім РУУС”. Сам жа праваабаронца рыхтуе скаргі на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.

Поделиться ссылкой: