“Кампанія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Рэспублікі Беларусь падыходзіць да фінальнай стадыі. Усё больш відавочнымі робяцца сцэнары і ролі асобных фігурантаў на палітычнай сцэне. Праяснілася пазіцыя Масквы ды Еўропы, што тычыцца беларускіх падзей, —  гаворыцца ў заяве.  

Апошнія беларуска-расійскія ўгоды і асабліва заявы расійскага прэм’ера Пуціна сведчаць: беларускі рэжым гатовы падпарадкавацца Расіі ў эканамічнай сферы, а ў перспектыве нават гатовы да поўнай інкарпарацыі нашай народнай гаспадаркі ў расійскую. 9 снежня ў Маскве А. Лукашэнка абвясціў пра намер да канца года ратыфікаваць усе дамовы па Адзінай эканамічнай прасторы з Расіяй. Гэта будзе азначаць значны крок па здачы нашага нацыянальнага суверэнітэту”.

“Палітычная наіўнасць асобных дзеячоў дазволіла уцягнуць некаторыя структуры беларускай дэмакратычнай апазіцыі ў небяспечныя гульні з Крамлём, — лічыць Кастусёў. — Такім чынам  яны сталі разменнай манетай ў працэсе прымусу беларускага дыктатара да здачы нашага нацыянальнага суверэнітэту. Элементы заігрывання з Захадам, якія выкарыстоўваліся Лукашэнкам у мэтах самазахавання, не маглі і не могуць падмануць анікога. Усе падзеі бягучай палітыкі сведчаць: Расія паставіла на беларускіх выбарах на прарасійскага кандыдата — і найбольш прарасійскім ізноў апынуўся Лукашэнка, спадзеючыся, што ўсведамленне гэтага факту стане момантам ісціны для ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі”.

Падобна на тое, што апошнія маскоўскія дамоўленасці далі нарэшце сэнс удзелу кандыдата ад партыі БНФ у выбарчай гонцы.

“На сёння фронт барацьбы за незалежнасць і фронт змагання з дыктатурай спалучыліся ў адну лінію — у лінію абароны нацыянальных інтарэсаў беларускага народа. На гэтым прынцыпе Партыя БНФ грунтавала свой удзел у бягучай выбарчай  кампаніі, паслядоўна  і без ілюзій успрымаючы палітычныя рэаліі:

1) у сённяшняй Беларусі няма палітыка-прававых умоваў для правядзення свабодных і справядлівых выбараў.

2) гэтыя “выбары” выкарыстоўваюцца Масквою як нагода для наступу на беларускую незалежнасць з мэтай пастаноўкі дыктатара ў пазіцыю яшчэ большай залежнасці ад расійскай палітычнай і эканамічнай падтрымкі, ажно да непасрэднага кантролю за беларускай маёмасцю, прадпрыемствамі , фінансавай і валютнай сістэмай, межамі, войскам і іншымі інстытутамі суверэннай дзяржавы.

Ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу і пагаршэння замежнаэканамічнай кан’юнктуры аўтарытарны рэжым робіцца больш уразлівы для шантажу з боку Масквы.

Пры такіх умовах удзел нацыянальна-дэмакратычных сілаў у гэтай палітычнай кампаніі можа ставіць толькі адну мэту: абарону незалежнасці.

Ад імя ўсіх беларускіх незалежніцкіх сілаў заклікаю ўсіх беларусаў на Плошчу 19 снежня дзеля абароны нашага нацыянальнага суверэнітэту. Пад Бел-Чырвона-Белым Сцягам – у абарону незалежнасці!” — гаворыцца ў заяве.

Поделиться: