— З сябраў апазіцыйных партый я там адзіны, — распачынае Юрый Аляксандравіч. — Але не гэта галоўнае. Праблемы ў мяне пачаліся пасля таго, як у другой дзень датэрміновага галасавання я стаў сведкам грубага парушэння выбарчага заканадаўства. Заўважыў, што ўрна для датэрміновага галасавання … дзіравая. У шчыліну зверху скрыні можна запраста прасунуць руку і ўкінуць усё, што заўгодна… Убачыўшы гэта, я склаў адпаведны акт і звярнуў увагу на парушэнне выбарчага заканадаўства старшыні  ўчастковай камісіі Наталлі Вяроўкі. Пасля гэтага назіральнікі, якія працуюць на ўчастку, звязаліся з назіральнікамі ад АБСЕ. Тыя таксама зафіксавалі гэтае парушэнне…

Выпадковасць ці не, аднак адразу пасля гэтага інцыдэнта Шпаку-Рыжову патэлефанавалі з працы.

— Я працую маляром у арганізацыі “Мінгарсвет”, — працягвае мужчына. — Тэлефанаваў мне мой непасрэдны начальнік, інжынер-тэхнолаг Андрэй Баркун і тэрмінова прасіў з’явіцца на работу. Я гэтага не зрабіў, бо афіцыйна з’яўляюся сябрам выбарчай камісіі і ў дні датэрміновага і асноўнага галасавання мушу знаходзіцца на ўчастку. Адзінае, чаго я зараз баюся, дык гэта таго, што мяне могуць звольніць  за так званыя прагулы. Нягледзячы на тое, што ў прысутнасці назіральнікаў ад АБСЕ Наталля Вяроўка паабяцала выдаць мне даведку, што я  сапраўды ў першыя два дні датэрміновага галасавання неадлучна знаходзіўся ў памяшканні камісіі, але пакуль (размова адбылася ў чацвер днём — Аўт.) такога дакумента я не атрымаў.

Поделиться: