— Памятаю, аднойчы да мяне прыйшла прафсаюзная дзеячка з Ізраіля і прынесла нейкі падарунак, — гаворыць Станіслаў Станіслававіч. — Я тады ёй сказаў фразу з аднаго кінафільма: маўляў, самы дарагі падарунак, які магу прыняць, — гэта гальштук. А даражэй за гальштук — ні-ні! Але пасля гэтага мне надарылі столькі гальштукаў, што я нават не ведаў, што з імі рабіць. Але ж сам упэкаўся…

У мае часы не было закону, паводле якога падарункі дзяржаўным дзеячам разглядаліся як падарункі дзяржаве і павінны былі ісці ў музей. Таму некаторыя рэчы і дагэтуль захоўваюцца ў мяне. Напрыклад, падарунак ад Клінтана. Ён ведаў, што я збіраю карты. І падарыў мне некалькі калодаў ігральных карт у такой добрай скрыначцы.

Яшчэ былі розныя такія знакі павагі, напрыклад, люлька украінская. Краўчук падарыў.

Бразаускас у дзень нараджэня мне прэзентаваў прыгожы паляўнічы рог.

Яшчэ былі такія падарункі, якія не з’яўляюцца каштоўнасцю грашовай, а з’яўляюцца каштоўнасцю чалавечай. Такіх падарункаў было даволі многа.

Яшчэ магу распавесці цікавую гісторыю. Прыехаў неяк да мяне адзін важны кувейцкі дзеяч — гэта яшчэ было да пачатку вайны ў Кувейце — і падарыў мне медальку з гравіроўкай. Я яе паклаў некуды і забыў. Думаю, ну проста такі знак павагі. Тым больш і гліняныя медалькі дарылі, і іншыя. А пасля завітаў да мяне адзін знаёмы, пакруціў гэтую кувейцкую медальку і пытае: “Ты ведаеш, колькі яна каштуе?” Я кажу: “Не”. Як высветлілася, гэтая медалька выраблена з найчысцейшага золата вельмі высокай якасці. Жонка, калі даведалася пра гэта, забрала яе і да гэтага часу мне не паказвае. Кажа, калі будзе цяжкая хвіліна, знойдзем, як выкарыстаць.

Канешне, прыносілі і розныя напоі. Адзін індус праз майго памочніка перадаў мне бутэльку дарагога каньяка “Хенэсі”. У Японіі таксама дарылі нацыянальныя напоі.

Поделиться ссылкой: