З бегам дзесяцігоддзяў рынак мала ў чым памяняўся, хіба што (у адрозненне ад 50-60-х гадоў) тут ужо не сустрэнеш мноства вясковых падвод, каля якіх ішоў бойкі гандаль саланінай, свежанінай, ды ўсім тым, што прапаноўвала гараджаніну вёска.

Пачынаючы з сярэдзіны 90-х гадоў, рынак імкліва трансфармаваўся ў велізарную барахолку, дзе гандлявалі і па-сёння гандлююць усім, што мае попыт. Тут проста не праціснуцца між радамі, бо і зверху і знізу на вас цісне тавар, пераважна замежны.

Да нядаўняга часу было на рынку і сваё “Поле цудаў” – пляцоўка з гандлёвымі радамі, дзе прадавалася ўсялякая драбяза, іншы раз проста з долу. Але ўвесну ўлады вырашылі кардынальна памяняць аблічча ўсяго вялікага рынку, прывесці яго да цывілізаваных формаў. Пачалі з “Поля цудаў”, якое вырашылі папросту ліквідаваць.

Адміністрацыя рынка аб’явіла тэндар на будаўніцтва новых гандлёвых радоў ралетнага тыпу. Як тлумачыць старшыня праўлення Слуцкага раённага спажывецкага таварыства Генадзь Куліцкі, пасля дэмантажа старых прылаўкаў будуць устаноўлены ралетныя рады, больш прыдатныя і для прадаўцоў і для пакупнікоў.

Мяркуецца, што ўстаноўка ралетаў пачнецца ў студзені-лютым. Пераможца тэндара, а ён і будзе гаспадаром абноўленых гандлёвых радоў, будзе здаваць гандлёвыя кропкі ў арэнду ўсім, хто пажадае.

Але перавага будзе аддавацца случакам. А вось колькі будзе каштаваць тая арэнда – пакуль невядома. Адно зразумела, новае “Поле цудаў” не будзе цэнава-дэмакратычным, як было да нядаўняй пары.

Поделиться ссылкой: