“Расказаць пра падобную прапанову мяне вымусіла аўтамабільная аварыя, у якую я разам са сваімі даверанымі асобамі трапіў у суботу на трасе Мінск–Гомель”, — сказаў Раманчук.

Адзначым, што 11 снежня ў 40 кіламетрах ад Рагачова аўтамабіль, у якім знаходзіўся Раманчук, сутыкнуўся з “Аўдзі”, якая знянацку выехала з абочыны на дарогу якраз перад машынай, у якой знаходзіўся кандыдат у прэзідэнты і ягоныя давераныя асобы, у тым ліку вядомы эканаміст Леанід Заіка. Што ж тычыцца другой машыны, то там за рулём быў… міліцыянер у цывільным.

“Аналізуючы сітуацыю па гарачых слядах, я палічыў, што гэтая аварыя — выпадковасць, але праз пэўны час прыйшоў да высновы, што аварыйная сітуацыя магла быць справакавана наўмысна. Можа, такім чынам мяне хацелі “папярэдзіць”… Гэта дзіўна, асабліва ведаючы тое, што літаральна за пару дзён да аварыі на мяне выходзілі людзі з Адміністрацыі Лукашэнкі і прапаноўвалі супрацоўніцтва…”

Дзіўна яшчэ і тое, што амаль у тым жа месцы ледзь не трапіў у аварыю яшчэ адзін кандыдат — Віталь Рымашэўскі, толькі яму насуперак раптам паехаў ЗІЛ…

“Народная Воля” не бярэцца адназначна сказаць, ці была насамрэч сустрэча кандыдата ў прэзідэнты Раманчука з таемнымі людзьмі, якія працуюць у Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, але тое, што кірўнік дзяржавы выказваў гатоўнасць запрасіць некаторых апазіцыянераў ва ўрад, чулі многія.

— Не так даўно на мяне выйшлі двое высокапастаўленных чыноўнікаў, якія працуюць у Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, — падзяліўся падрабязнасцямі Раманчук. — Яны прасілі не называць іх прозвішчы і пасады. Гэтыя людзі прапаноўвалі супрацоўніцтва. І справа тут не ў пасадзе ці тым, што Раманчук хоча быць міністрам, справа ў тым, што людзям ва ўладзе імпаніруюць нашы падыходы да рэфармавання беларускай эканомікі. Калі гаварыць канкрэтна, то мне прапаноўвалі дзве пасады — прэм’ер-міністра і віцэ-прэм’ера па эканамічных пытаннях. Зразумела, адразу згоды я не даў, бо я чалавек партыйны. Таму візіцёрам я вылучыў некалькі ўмоў: поўны карт-бланш на правядзенне эканамічных рэформ у краіне і магчымасць прывесці з сабой каманду эканамістаў-прафесіяналаў. Візіцёры паабяцалі, што мае ўмовы будуць даведзены на “самы верх” — да кіраўніцтва краіны. На тым і развіталіся. Больш з гэтымі супрацоўнікамі Адміністрацыі Лукашэнкі мы ніяк пакуль не кантактавалі…

Пакуль невядомыя з Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі не выходзяць на сувязь з Раманчуком, той просіць міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова, старшыню КДБ Вадзіма Зайцава і Генеральнага пракурора краіны Рыгора Васілевіча разабрацца з кіраўніком прэзідэнцкай Адміністрацыі Уладзімірам Макеем. Падставай для накіравання заявы сілавікам стала нашумелая заява, якую Макей зрабіў у эфіры тэлеканала РТР-Беларусь. Хто не чуў — нагадаем.

“Зараз ужо рыхтуюцца групы баевікоў, ужо закупляюцца цёплыя рэчы, піратэхнічныя і нават выбуховыя рэчывы, — сказаў Макей. — Таму апазіцыйныя кандыдаты нацэльваюць людзей, нацэльваюць сваіх прыхільнікаў на правакацыі, на стварэнне цудоўнай “карцінкі” для заходняга тэлебачання, каб потым сказаць: “Вось, бачыце, якая яна, ўлада, жорсткая, як яна жорстка абыходзіцца са сваімі выбаршчыкамі”.

Лагічна ўзнікае пытанне: “Чаму ж вы ўсё ведаеце, але нічога не робіце?..”

Заява Палітсавета Аб’яднанай грамадзянскай партыі, падпісаная Раманчуком, выглядае ў гэтай сітуацыі трапным контраргументам. “Мы заклікаем Куляшова і Зайцава ў бліжэйшыя дзень-два выявіць і прыцягнуць да адказнасці баевікоў, якія рыхтуюць выбухі, — кажа Раманчук. — Калі насамрэч гэтыя факты пацвердзяцца, то яны павінны быць агучаны для шырокай грамадскасці. Але хутчэй за ўсё ніякіх баевікоў, якія рыхтуюць дэстабілізацыю абстаноўкі, няма. Гэта проста ўладная правакацыя. І калі заява Макея з’яўляецца хлуснёй з мэтай пасеяць страх сярод людзей напярэдадні выбараў, то генеральны пракурор павінен прыцягнуць Макея да адказнасці. Са свайго боку яшчэ раз адзначу: акцыя 19 снежня ў 20.00 на Кастрычніцкай плошчы будзе насіць выключна мірны характар. Кандыдаты ў прэзідэнты не будуць заклікаць браць штурмам адміністрацыйныя будынкі і кідаць камянямі ў АМАП. На плошчы ўсё пройдзе ў межах Канстытуцыі Беларусі”.

Поделиться: