На прыступках Дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта людзі сталі збірацца яшчэ за гадзіну да афіцыйнага пачатку сустрэчы з кандыдатам…

“Калі раптам адчуеш камунальныя пахі, і жыццё цябе возьме ў пятлю”, — нібы сумным прароцтвам гучаў з калонак, усталяваных на прыступках “ін’яза” хлопцамі з ініцыятыўнай групы Раманчука, голас Лявона Вольскага.

Менавіта тыя самыя “камунальныя пахі” і сталі перашкодай таму, каб Раманчук сустрэўся з выбаршчыкамі ў актавай зале лінгвістычнага ўніверсітэта…

Нагадаем, што на ўчарашняй прэс-канферэнцыі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька дэманстраваў журналістам дазвол на правядзенне сустрэчы ў памяшканні БДЛУ, падпісаны рэктарам гэтай установы спадарыняй Баранавай. Але літаральна за некалькі дзён да сустрэчы давераным асобам Раманчука паведамілі аб немагчымасці правядзення мерапрыемства ў сценах ВНУ, дзе Раманчук некалі вучыўся. Прычына да простага банальная: нібыта ва універсітэце прарвала каналізацыйныя трубы і вось ужо пяць дзён сантэхнікі не могуць ліквідаваць аварыйную сітуацыю…

“Нас туды не пусцяць, не разыходзьцеся, сустрэча з Раманчуком адбудзецца на свежым паветры”, — супакойвалі прысутных сябры ініцыятыўнай групы Раманчука.

Трэба адзначыць, што цэнтральны ўваход у БДЛУ за гадзіну да сустрэчы быў адкрыты. Туды-сюды хадзілі студэнты, хаця здавалася б у выпадку сур’ёзнай аварыі заняткі ва ўніверсітэце маглі б і адмяніць… Бо непрыемны пяцідзённы “водар” ад прарванай каналізацыі, здавалася б, не зусім спрыяе нармальнаму вучэбнаму працэсу…

Не пацвердзілася і версія аб тым, што падчас сустрэчы Раманчука з выбаршчыкамі у БДЛУ будзе праходзіць сустрэча даверанай асобы Аляксандра Лукашэнкі Анатоля Рубінава з прыхільнікамі дзеючага кіраўніка дзяржавы. Карацей, кіраўніцтва ВНУ прыняло рашэнне не пускаць Раманчука ў будынак…

Сам кандыдат у прэзідэнты з’явіўся на месцы падзей, што называецца, хвіліна ў хвіліну. Шчыра кажучы, непрыемна здзівіла тое, што Раманчук, маючы на руках пасведчанне кандыдата ў прэзідэнты, нават не паспрабаваў выклікаць на размову каго-небудзь з кіраўніцтва ўніверсітэта. Ніхто не чакаў ад Раманчука штурму адміністрацыйнага будынка, але ж патрабаваць уцямнага адказу, чаму яго не пускаюць унутр, Яраслаў здавалася б мог… Тым больш побач цярпліва мерзлі дзве сотні яго прыхільнікаў, якія прыйшлі на сустрэчу.

Замест гэтага Раманчук узлез на імправізаваную трыбуну і сустрэча пачалася. У сваёй прамове кандыдат у прэзідэнты ўзгадаў, што даўно знаёмы з рэктарам БДЛУ Наталляй Баранавай. Узгадваў Раманчук і пра тое, што ў свой час разам з Баранавай выступаў за тое, каб у 1989 годзе быў зняты з пасады рэктар гэтай ВНУ: “Але зараз мы з Наталляй Баранавай па розныя бакі барыкад”, — рэзюмаваў ён.

Увогуле сустрэча на марозным паветры з кандыдатам у прэзідэнты працягнулася крыху больш за гадзіну. За гэты час Раманчука распыталі і пра прапанову ўзначаліць кабінет міністраў, і пра праблемы моладзі, і пра безупыннае п’янства беларусаў. “Шчыра кажучы, я сам не п’ю”, — прызнаўся кандыдат. — Але зараз зраблю афіцыйную заяву: у выпадку сыходу ў адстаўку Аляксандра Лукашэнкі я абяцаю выпіць “з горла” бутэльку добрага французскага віна”. Ці доўга яшчэ хадзіць Раманчуку ў цвярэзніках — даведаемся пасля 19 снежня.

Што тычыцца самога дня галасавання, то Раманчук у звыклай для сябе манеры заклікаў беларусаў выйсці на плошчу ў 20.00: “Я іду туды, каб мне не было сорамна перад свай маці, роднымі, сябрамі. Не скарыстаць шанц для перамогі мы не маем права”, — казаў ён.

На прамое пытанне, ці ёсць у апазіцыі план правядзення акцыі на той самай плошчы, Раманчук адказаў станоўча. Праўда, падрабязнасцяў не агучыў…

Поделиться: