У літаральным сэнсе слова ў Зелянко няма ніводнага здаровага ўнутранага органа — хворыя сэрца, страўнік, выдалена шчытападобная залоза, вялікія праблемы са зрокам… Таму кожны пражыты дзень для мужчыны ў літаральным сэнсе – Божы падарунак.

Тым не менш усімі сіламі Міхаіл Зелянко чапляецца за жыццё. А для таго, каб жыць, трэба працаваць і хоць нешта зарабляць. Але знайсці хоць нейкую працу, сумяшчальную з медыцынскімі дыягназамі, Міхаілу Зелянко ў родным Магілёве проста немагчыма…

Дзяржава прымушае ліквідатараў чарнобыльскай катастрофы паміраць. Гэта не гучная заява – гэта, на вялікі жаль, рэчаіснасць. І справа тут нават не ў тым, што “мудрэйшым” указам Аляксандра Лукашэнкі тыя маленькія льготы, якія мелі чарнобыльцы, былі адабраныя… Кіраўніцтва нашай краіны вырашыла, што Беларусь стане больш багатай і заможнай, адабраўшы ў чарнобыльцаў апошняе…. Чарнобыльцы, якія паклалі ўласнае здароўе, ратуючы краіну ад радыяцыйнай навалы, не патрэбныя ў сённяшняй Беларусі.  Лёс Міхаіла Зелянко – прамое гэтаму пацвярджэнне…

– У 1986 годзе я працаваў кіроўцам самазвала, – распачынае свой аповед Міхаіл Сцяпанавіч. – Дзесяць разоў мяне камандзіравалі ў рэгіёны Беларусі, забруджаныя радыяцыяй, – Быхаўскі, Касцюковіцкі, Краснапольскі… Праца была смяротна небяспечнай: на самазвале я вывозіў радыеактыўныя элементы да месца іх захавання – у спецыяльныя могільнікі… Праўда, праз гады чыноўнікі Магілёўскага аблвыканкама “высветлілі”, што ў забруджаных радыяцыяй раёнах я быў толькі аднойчы, хаця насамрэч камандзіроўкі расцягнуліся на перыяд з 1986-га па 1987 год…

Радыяцыя – бомба запаволенага дзеяння. І якім бы здаровым чалавек ні быў, яе наступствы абавязкова адаб’юцца на здароўі чалавека. Так з Міхаілам Зелянко ў рэшце рэшт і адбылося.

– У 2009 годзе я ўжо не падымаўся з ложка самастойна, думаў: не сёння дык заўтра памру. Была патрэбна тэрміновая аперацыя. У Магілёве яе зрабіць не маглі, адправілі ў Гомельскі навукова-практычны інстытут радыяцыйнай медыцыны. Там мне выдалілі шчытападобную залозу – па-сутнасці, дактары вярнулі мяне з таго свету.

Пасля аперацыі Зелянко атрымаў другую групу інваліднасці, але тэрмінам толькі на адзін год.

– Гэты тэрмін скончыўся якраз тады, калі я толькі-толькі змог самастойна перамяшчацца, – працягвае Міхаіл Зелянко. – А далей мяне выклікалі ў медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію Магілёва і са словамі “На хлеб мы вам далі, на масла заробіце самі” другую групу інваліднасці змянілі на трэцюю, працоўную.

Самі – дык самі. Міхаіл Зелянко распачаў пошукі працы.

У выпісцы, якую Зелянко далі ў Магілёўскім абласным МРЭК, напісана: “Можа працаваць вахцёрам, дыспетчарам, размеркавальнікам работ, слесарам па дробным рамонце”.

– Прачытаўшы гэтае заключэнне, я адчуў сапраўдны шок, – прызнаецца Міхаіл Сцяпанавіч. – У якія вахцёры ці дыспетчары мяне возьмуць, калі мне забаронены начныя змены? Як магу працаваць слесарам па дробным рамонце, калі ў мяне катаракта і вельмі дрэнны зрок: бачу менш за палову таго, што бачыць здаровы чалавек?! Я ўжо не кажу, што пералічаных вакансій днём з агнём не знайсці і перадаюцца яны ў Магілёве ледзь не па блаце.

Тым не менш спробы ўладкавацца на працу законным шляхам у Зелянко былі.

– А што значыць “уладкавацца на працу”? Абавязкова трэба праходзіць медыцынскую камісію, — распавядае Зелянко. – А там адразу ўсе дыягназы пераносяцца ў даведку са словамі: “Мы ж клапоцімся пра ваша здароўе”. Скажыце, які працадаўца аформіць мяне ў штат, убачыўшы медыцынскую даведку, дзе распісаны вось такія, далёка не ўсе, мае дыягназы: эндакрынная афтальмапатыя, артэрыяльная гіпертэнзія 2-й ступені, другасны астыяпатоз, артэрыясклероз аорты, каранарных артэрый?.. Легальна з такім букетам хвароб мяне ніхто на працу не возьме, бо па сутнасці я жывы труп… Каб проста дыхаць і жыць, мне кожны дзень трэба прымаць лекі, а некаторыя прэпараты я павінен прымаць і па тры разы на дзень…

Карацей, апынуўся Зелянко ў бязвыхаднай сітуацыі.

– Увесь «клопат” дзяржавы пра чарнобыльцаў я адчуў на сабе, — працягвае мужчына. – Спачатку я абскардзіў прашэнне Магілёўскага МРЭК у Мінску. Я выказаў нязгоду з тым, што ў мяне адабралі другую групу інваліднасці, перакваліфікаваўшы яе ў трэцюю працоўную. Але сталічная міжведамасная навукова-экспертная камісія, нават без мяне, на адлегласці ў 250 кіламетраў ад Магілёва, вызначыла, што мне будзе дастаткова і трэцяй працоўнай групы…

І вось зараз мая пенсія складае 350 тысяч рублёў у месяц. Мінімум 100 тысяч я трачу на лекі, 50 аддаю за кватэру… Хто адкажа, як пражыць на астатнія 200 тысяч цэлы месяц?

Ад бязвыхаднасці Зелянко напісаў ліст Лукашэнку. У ім ліквідатар-чарнобылец ставіць перад кіраўніком дзяржавы даволі вострыя пытанні і дзеліцца перадвыбарнымі разважаннямі.

“Чаму планамерна “зверху” праз выканкамы, МРЭКі і іншыя інстанцыі заніжаецца небяспечнасць і наступствы атрыманых захворванняў? – піша Зелянко. – Чаму заніжаецца ступень удзелу грамадзян у ліквідацыі аварыі на ЧАЭС (а часцяком увогуле стараюцца не заўважаць гэтага ўдзелу, каб не павялічыць іх заслугі)? Можа, нацыя стане здаравейшай, калі зменшыць небяспечнасць наступстваў ад аварыі на ЧАЭС на паперы? Можа, інвалід стане здаравейшым і  больш сытым, калі дзяржава сваім стаўленнем вымушае яго ісці да кантэйнера са смеццем?

Перад тым як адправіцца на выбарчы ўчастак, хацелася б ведаць, як жыць беспрацоўнаму інваліду на 100 долараў, калі ўсе, па вашых падліках, жывуць на 500”.

Свой ліст у Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы Зелянко падпісаў проста: “З павагай, жывы пакуль яшчэ ліквідатар аварыі на ЧАЭС”.

Фота аўтара

Поделиться ссылкой: