Пасля таго як медыцынская экспертыза цалкам абвергла магчымасць бацькоўства, Бекасаў стаў дабівацца вяртання ўласных грошай. Але ў сённяшняй Беларусі гэта аказалася нерэальна…

Нагадаем сутнасць справы. У 1973 годзе Івану Бекасаву было 30 гадоў. Малады чалавек марыў набыць ва ўласнасць новенькі матацыкл “Іж”.

Для таго каб стаць уладальнiкам “жалезнага каня” i ўвасобiць-такi сваю мару ў жыццё, Iван Iванавiч быў вымушаны шукаць блат. “Я пазнаёмiўся з гандляркай Тамарай Свiрыдовiч. Яна на той час працавала ў ЦУМе. Там бывалi ў продажы матацыклы, – узгадвае Бекасаў. – У нас з гэтай жанчынай быў кароткi раман, i ў рэшце рэшт запаветны талон на атрыманне матацыкла я атрымаў i недзе ў маi 1973 года стаў шчаслiвым уладальнiкам матацыкла маркi “Iж”. З таго часу i не бачыў гандлярку, якая паспрыяла пакупцы… Аднак прыкладна праз год яна мяне расшукала».

Высветлiлася, што жанчына зацяжарыла i што бацька будучага дзiцяці, па сцвярджэнні Тамары Свірыдовіч,  не хто iншы, як Iван Бекасаў. “Не трэба было доўга думаць, каб скемiць, што дзiця не ад мяне, – гаворыць ён. – Мы ж з гэтай жанчынай не бачылiся на той момант ужо на працягу года… Аднак яна не адступала. Пагражала судамi. I ў рэшце рэшт пачалося…”

Праз суд жанчына стала дабiвацца, каб бацькам быў прызнаны Iван Бекасаў i каб алiменты плацiў менавiта ён. У судовай заяве iсцiца ўказала, што “ў лiстападзе 1972 года ўступiла з адказчыкам у блiзкiя зносiны, у чэрвенi 1974-га зацяжарыла, а ў лiстападзе 1974-га адказчык сышоў ад яе”. Доказы Бекасава да ўвагi не прымалiся. Не была прызначана і экспертыза, якая б магла пацвердзіць ці абвергнуць яго бацькоўства.

Нягледзячы на тое што Iван Iванавiч увесь час адмаўляў факт бацькоўства i дачку, якая нарадзiлася ў Тамары Свiрыдовiч, сваёй не прызнаваў, суд прызнаў бацькам менавiта яго, i, згодна з судовым рашэннем, менавiта Бекасаў, як законапаслухмяны грамадзянін, плацiў алiменты чужой дзяўчынцы.

Такiм чынам, з 1976-га па 1991 год Iван Бекасаў заплацiў алiментаў на суму 12.490 савецкiх рублёў. У Савецкiм Саюзе гэта былi немалыя грошы. I пару матацыклаў за iх купiць можна было б лёгка…

Бяда Івана Бекасава была ў тым, што за савецкім часам ён не змог правесці медыка-біялагічную экспертызу. Такая магчымасць з’явілася ў яго толькі  ў 1994 годзе.  Экспертыза выключыла магчымасць таго, што бацькам дзіцяці Тамары Свірыдовіч з’яўляецца Іван Бекасаў. Але на той момант дачцэ Тамары Свірыдовіч ужо споўнілася 18 гадоў, і аліменты плаціць было ўжо не трэба. Адзінае, чаго дабіўся Бекасаў, — гэта тое, што з пасведчання аб нараджэнні дзіцяці, якому ён плаціў аліменты, у графе “бацька” знікла ягонае прозвішча…

Здавалася б, кропкі над «і» расстаўлены і нехта верне Бекасаву тыя грошы, якія ў якасці аліментаў ён амаль 16 гадоў плаціў чужому дзіцяці… Толькі хто? Тамара Свірыдовіч? Як вынікае з логікі падзей, яна наўмысна ўводзіла ў зман суды, якія прынялі рашэнне аб выплаце аліментаў. І запраста можа зараз гаварыць, што ўсе аліменты траціла на дачку.

Тады застаецца дзяржава? Але памылковае і ў рэшце рэшт адмененае “аліментнае” рашэнне было прынята  судом Беларускай ССР – дзяржавы, якой больш не існуе…

Тым не менш Іван Бекасаў яшчэ ў 1996 годзе звярнуўся ў суд з іскам, у якім патрабаваў, каб Тамара Свірыдовіч вярнула грошы.

Суд іск да разгляду не прыняў, спасылаючыся на тое, што адказчыца ў свой час памылялася ненаўмысна… І спецыяльна нікога ў зман не ўводзіла. Па меншай меры суд так і не знайшоў доказаў зваротнага.

“А як жа экспертыза, якая цалкам абвергла магчымасць майго бацькоўства?” — сам у сябе пытаецца Іван Іванавіч.

Так ці іначай, 16 гадоў жыцця Іван Бекасаў патраціў на тое, каб аднавіць справядлівасць. Ён тройчы пісаў лісты на імя Аляксандра Лукашэнкі, верыўшы ў тое, што “спадар прэзідэнт разбярэцца”.

“Адмены судовага рашэння я дабіваўся доўга, але ўсё ж дабіўся… Пасля адмены рашэння ісціца адразу адмовілася ад свайго іску, адчуваючы правал сваёй аферы, — пісаў Бекасаў Аляксандру Рыгоравічу. — За час усіх гэтых судовых спрэчак я пацярпеў як маральна, так і матэрыяльна. Таму і патрабаваў вяртання сваіх матэрыяльных сродкаў. Аднак нашы суды ўсіх узроўняў, у тым ліку і пракуратура, маю просьбу ігнаруюць. І даказваюць мне, што суд на законных падставах прызначыў мне плаціць аліменты, паколькі ісціца памылялася ў тым, хто бацька яе дзіцяці.

Усе юрысты да якіх я звяртаўся тлумачаць, што такога закона – вылічваць аліменты для жанчын, якія памыляюцца, — няма”.

Ліст Бекасава быў спушчаны ў Генеральную пракуратуру Беларусі. Адтуль напрыканцы кастрычніка бягучага года Бекасаву прыйшоў прагназуемы адказ – рашэнне суда ад 17 верасня 1996 года неаднаразова правяралася, падстаў для яго адмены няма.

Шчыра кажучы, вярнуцца да гэтай гісторыі нас вымусіў не чарговы адмоўны для Бекасава адказ Генпракуратуры. Тут крыху іншае. Чалавек, які цягам 16 гадоў дабіваўся справядлівасці, расчараваўся ў дзяржаве, якая гарантуе абарону ягоных правоў: “У сваім адказе пракуратура спасылаецца на законнасць рашэння суда, якое было прынята ў 1996 годзе. Менавіта суд, на маю думку, і павінен быў прыняць рашэнне, каб мне вярнулі грошы, але гэтага зроблена не было, а пракуратура лічыць гэта рашэнне законным. У сучасных беларускіх пракурораў няма разумення, што незаконна забранае павінна вяртацца. Мяне абрабавала дзяржава, і на сваім прыкладзе я ўпэўніўся, што рабаўніцтва ў сучаснай Беларусі адпавядае закону.

І вось што я хачу з гэтай нагоды сказаць: у мяне няма веры ні прэзідэнту, ні пракуратуры, ні судам… Ёсць спадзяванне, што нешта ў Беларусі зменіцца да лепшага пасля змены ўлады…”

Поделиться ссылкой: