“Мала проста перамагчы на выбарах, важна, каб перамога была ўстойлівай. Гэта паказаў і досвед Украіны”, – падкрэсліла ўдзельніца круглага стала, філосаф Юнэля Сальнікава. 

Такім чынам, пры  любых выніках прэзыдэнцкіх выбараў,  трэба і пасля 19 снежня працаваць з грамадзянамі, каб тыя не ўхіляліся ад грамадска-палітычнага жыцця і займалі актыўную грамадзянскую пазыцыю.  

Тым болей, як акрэслілі ўдзельнікі дыскусіі, сымвалічны капітал, якім павінна валодаць эліта, каб уплываць на беларускае грамадства, дэмакратычныя сілы паступова страчваюць.Такой растаноўцы сіл ёсць аб’ектыўная прычына: дзяржава робіць усе намаганні, каб дэвальваць сымвалічны капітал сваіх апанэнтаў. 

Паводле словаў кіраўніка Выканаўчага бюро Асамблеі НДА Сяргея Лісічонка, удзельнікі абмеркавання заўважылі, што калі ў 1990-х гадах у дэмакратычных сіл здараліся перамогі і дасягненні, то цяпер мы пахваліцца гэтым ня можам. У прыватнасці адзначалася, што страчванню гэтага сымвалічнага капітала садзейнічае стварэнне ўладамі квазіграмадскіх структур. Напрыклад, дзейнічаў адзін саюз пісьменнікаў, які падтрымліваў дэмакратычныя каштоўнасці. Для дадатковага кантролю над грамадствам улады стварылі новы, праўладны. Адпаведна, у вачах грамадскасці знізіўся сымвалічны капітал колішняга пісьменніцкага саюзу. Прыблізна тое самае адбываецца і з дэмакратычнымі сіламі. А, між іншым, у нашай краіне існуюць ня толькі два саюзы пісьменнікаў, але яшчэ два саюзы журналістаў, два прафсаюзы, дзве арганізацыі польскіх меншасцяў. 

Падчас мерапрыемства  адбыліся чатыры спавешчанні. Палітоляг Андрэй Казакевіч выступіў на тэму “Сучасны беларус выбірае… Схільнасці, жаданні і страхі напярэдадні выбараў”. Палітолаг Валерый Булгакаў распавядаў пра “Прэзыдэнцкія выбары: выклік палітычнай апазыцыі, грамадзянскай супольнасці грамадству. Варыянты адэкватнага адказу ў актуальнай сытуацыі”. Палітык Вінцук Вячорка падчас выступу “Электаральныя перавагі беларусаў у прасторы, часе, каштоўнасным вымярэнні” на гістарычных прыкладах паказаў, наколькі пройгрышным апынуўся няўдзел беларусаў у палітычных працэсах. Публіцыст Сяргей Нікалюк разважаў пра “Жыццё пасьля 19-га. Сцэнарый развіцця падзей і месца ў ім 3-га сэктару”. 

На круглым  стале “Як заахвоціць беларусаў выбіраць: рэцэпты ад хваробы “дурыбары” таксама ўдзельнічалі грамадскія лідэры Віталь Васількоў, Віктар Карніенка, Хрыстафор Жаляпаў, экс-дыпламат Пётар Садоўскі, рэжысэр Валерый Мазынскі і іншыя. 

Поделиться: