Для тых, каму ДА…

Ніхто так шчыра не радуецца надыходу зімовых святаў, як дзеці. Абавязковыя Дзед Мароз і Снягурачка прынясуць цукеркі і падарункі, створаць казку. Для малых усё проста, а вось бацькам прыйдзецца паламаць галаву, каб знайсці свята, якое адпавядае ўсім дзіцячым патрабаванням.

Самай пафаснай будзе ёлка ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі. Так званая прэзідэнцкая ёлка пройдзе ў некалькі этапаў. Першае прадстаўленне “Чатыры чароўныя ключы” збярэ толькі выдатнікаў, сірот і дзяцей з чарнобыльскіх зон. Затое з 25 снежня па 6 студзеня кожны школьнік зможа паглядзець прадстаўленне. Варта адзначыць, што патрапіць на дзіцячае шоу могуць дзеці і з Мінска, і з рэгіёнаў. Нягледзячы на высокі статус мерапрыемства (сам прэзідэнт запрашае), кошт квітка не моцна адаб’ецца на бацькоўскай кішэні — ад 10 да 30 тысяч беларускіх рублёў.

Трохі таннейшыя квіткі ў Малы зал Палаца Рэспублікі. За шоу “Чараўнік краіны Оз, ці Казка аб згубленым жаданні”, якое чакае гледачоў з 23 снежня па 9 студзеня, прыйдзецца аддаць 17 тысяч.

Калі вы хочаце прывіць сваім нашчадкам добры густ, то навагоднія тэатральныя пастаноўкі — для вас. Беларускі дзяржаўны тэатр лялек ужо прадаў усе квіткі на шэраг спектакляў. Варта цікавіцца ў касах, на якія прадстаўленні з 25 снежня па 10 студзеня яшчэ можна патрапіць. Дзяцей чакаюць лепшыя казачныя гісторыі: “Кот у ботах”, “Марозка”, “Чырвоная шапачка”, “Чароўная лямпа Аладзіна” і іншыя класічныя пастаноўкі. Кошт квітка 10 тысяч беларускіх рублёў. Спектаклі дзённыя, праходзяць у 11.00 і 14.00.

Прыгоды ля навагодняй ёлкі чакаюць дзяцей у канцэртнай зале “Мінск”. 29 і 30 снежня і з 3 па 6 студзеня адбудуцца класічныя дзіцячыя ёлкі з Дзедам Марозам і Снягурачкай. Свята “У гасцях у казкі” збярэ самых родных і любімых дзіцячых герояў. Малых сустрэнуць Чабурашка, Кракадзіл Гена, Ліса Аліса, Кот Базіліа і іншыя казачныя персанажы. Кошт квітка — 12, 15 і 20 тысяч беларускіх рублёў.

Цікава, што на адной пляцоўцы к/з “Мінск” адбудзецца адразу некалькі святочных ёлак. Спектакль “Самы навагодні падарунак” ставіць “Рускі дзіцячы тэатр”. Адметная рыса гэтага мерапрыемства — салодкі падарунак, які кожны можа атрымаць замест квітка. Праўда, і пропуск на гэтае свята не танны — ад 25 да 35 тысяч.

Сучасны мастацкі тэатр з 25 снежня па 9 студзеня таксама пакажа два святочныя спектаклі — “Навагоднія канікулы ў Прастаквашына” (квіткі ад 10 да 20 тысяч рублёў) і “Навагоднія прыгоды Малыша і Карлсана” (ад 10 да 15 тысяч). Знаёмыя героі і цудоўныя акцёры павінны стварыць адчуванне сапраўднай казкі.

Таксама святочныя ёлкі пройдуць ва ўсіх палацах культуры беларускіх гарадоў. Кошты на квіткі розныя, але пераважна не больш за 10 тысяч.

Для жыхароў рэгіёнаў таксама ёсць магчымасць патрапіць на святы ў Мінск. Некаторыя агенцтвы арганізуюць двухдзённыя экскурсіі ў сталіцу. У кошт падарожжа ўключаны пражыванне ў гатэлі, вячэра, абед і сняданак, экскурсія па Мінску і наведванне дзвюх святочных ёлак. Абыдзецца падарожжа па сталіцы ў розныя сумы — ад 100 тысяч рублёў.

Для тых, каму ЗА…

У святочныя дні кожны чалавек хоча верыць у казку. Колькі б нам год ні было, Новы год і Каляды падаюцца чароўным часам. Чаму б за сходную цану не наладзіць для сябе прыгоды? Тым больш што прапаноў для дарослых не менш, чым для дзяцей.

Арыгінальны падыход да святаў знайшла фірма “Краіна замкаў”. Усім жадаючым прапаноўваюць перанесціся ў мінулае. Ад’ехаўшы трохі больш за сто кіламетраў ад сталіцы, можна стаць сведкамі “Цуда на Каляды: вяртанне гусара”. Цяжка вызначыцца з фарматам гэтага інтэрактыўнага шоу. Хіба што гульня ці рэканструкцыя падзей ахіне вас хваляй гістарычнай атмасферы. Разам з панам Ракіцкім вы будзеце чакаць вяртанне яго сына з турэцкай вайны, потым святкаваць прыезд героя, а яшчэ заліхвацкі правучыце нахабнага суседа Чаплінскага. Усё на адкрытым паветры, вельмі дынамічна і ў рэальных месцах. Вы пабываеце ў Валожыне, Вішневе і фальварку Радзевічы. Кошт паездкі для індывідуальных турыстаў 100 тысяч, для карпаратываў — 95 тысяч з чалавека, а для школьнікаў — 70 тысяч рублёў. У гэтую суму ўваходзяць праезд, экскурсіі, пачастунак і нават памятныя сувеніры. За асобныя грошы можна замовіць абед.

Калі вы не хочаце пакідаць межы горада, то варта звярнуць увагу на пераднавагодняе шоу “Шары & Шышкі”, якое ладзіць клуб-рэстаран “Круіз”. Арганізатары абяцаюць прывезці самых вясёлых Дзеда Мароза і Снягурачку, забаўляць народ танцамі і эратычным шоу. “Шары & Шышкі” мусяць вярнуць дарослым веру ў цуд і казку. Яшчэ б не вярнулі, калі ўваход каштуе 200 тысяч, а замова століка вымагае папярэдняга заказу на 300 тысяч. Адбывацца вечарынкі будуць з 15 па 30 снежня з 20.00.

30 снежня клуб “НЛО” рыхтуе больш бюджэтны вечар. “Інтрыга. Навагодняя праграма” пройдзе ў звычайным фармаце маладзёжных дыскатэк са стрып-шоу і танцамі Go-Go. Безумоўна, заманлівы кошт — ад 20 да 30 тысяч рублёў, а ўладальнікі запрашальнікаў увогуле змогуць патрапіць у клуб за 5 тысяч беларускіх рублёў.

Для аматараў больш далікатнага адпачынку цудоўную праграму падрыхтаваў Тэатр оперы і балета. Да 12 снежня можна завітаць на Мінскі міжнародны калядны оперны форум. Кошт самага таннага квітка — 15 тысяч, ён не залежыць ад таго, вырашылі вы паглядзець “Севільскага цырульніка” ці завітаць на гала-канцэрт форума.

Надзвычай удалай аказалася ідэя каляднага бала ў адрэстаўраваным тэатры. Вялікі калядны бал адбудзецца 13 студзеня 2011 года. Самы танны квіток абыдзецца ў 250 тысяч, і замаўляць яго варта ўжо зараз, бо вялікая колькасць паважаных гасцей і цудоўная праграма вечара выклікае сапраўдны ажыятаж напярэдадні падзеі.

Поделиться ссылкой: