“Народная Воля” ўжо пісала пра сітуацыю, у якой апынулася сям’я Маркашанскіх. Нагадаем сутнасць справы. Ужо на працягу пяці гадоў дачка Надзеі Фёдараўны Аксана Маркашанская з сям’ёй не можа жыць у сваёй прыватызаванай кватэры. “Кватэра” – гэта гучна сказана. Па сутнасці, гэта невялічкі закуток у старым двухпакаёвым доме. Падчас капрамонту ў доме разбурылі печку, і, адпаведна, нейкім чынам трэба было вырашаць пытанне з ацяпленнем. Літаральна ў дзесяці метрах ад дома Аксаны праходзіць цеплатраса, ад якой і лагічна было яго правесці. І нават асфальт узрываць не прыйшлося б, бо такога там папросту няма. Аднак праекціроўшчыкі чамусьці вырашылі, што ў дом жанчыне трэба ўперці газавы кацёл.

Добра, няхай будзе кацёл. Але ж ёсць санітарныя і супрацьпажарныя нормы, якімі прадугледжана, дзе і як яго можна ўсталяваць. Напрыклад, на кухні кацёл стаяць можа, а вось у прыхожай, там, дзе ходзяць і дзеці, і дарослыя, – не. Што было зроблена ў выпадку Аксаны Маркашанскай? У сваім плане праекціроўшчыкі проста назвалі пярэдні пакой “кухняй”. Хаця кухні ў гэтай маленькай кватэры папросту няма і не было ніколі.

Далей – болей. Згодна з правіламі газазабеспячэння жылых дамоў, кацёл ці нават газавую пліту абы ў які закуток не запрэш. Але падобна на тое, што прадугледжаны мінімум у выпадку з кватэрай Аксаны Маркашанскай праекціроўшчыкі вырашылі “абысці” проста: напэўна, замест плошчы мералі аб’ём памяшкання. І такім чынам на паперы ўсе нормы сышліся.

Ужо даўно ўсе гэтыя хітрыкі выкрыты. Ужо даўно пажарныя прызналі, што памер так званай кухні не адпавядае нормам для ўстаноўкі газавай пліты і газавага катла. Ужо даўно не толькі дзяржаўныя інспектары па пажарным наглядзе, але і начальства мясцовага аддзела Міністэрства па надзвычайных сітуацыях выдала адпаведныя распараджэнні аб прывядзенні праекта ў адпаведнасць з дзеючымі нормамі. Але ацяплення ў кватэры Аксаны Маркашанскай як не было, так і няма. Камісіі ўсё мераюць і мераюць так званую кухню. І то знаходзяцца ў ёй патрэбныя метры, то не знаходзяцца. Але навошта ўвогуле ўсоўваць у невялічкае памяшканне газавы кацёл, калі літаральна побач праходзіць цеплатраса? Навошта загрувашчваць і без таго малюсенькую кватэру? Ужо пяць гадоў ніхто не можа адказаць на гэтае пытанне і нават не спрабуе гэта зрабіць.

З тым каб вырашыць праблему, Надзея Маркашанская пайшла па інстанцыях. А тут і перыяд падаспеў зручны – выбарчая кампанія. У гэты перыяд чыноўнікі “самай сацыяльна арыентаванай дзяржавы для народа ў свеце” паварочваюцца да гэтага самага народа тварам. Ненадоўга, але паварочваюцца.

“Як толькі стала вядома аб адкрыцці грамадскай прыёмнай дзеючага кіраўніка дзяржавы, я прыехала ў Мінск, – расказвае Надзея Фёдараўна. – З сабой прывезла стос адпісак, якія назапасіліся за пяць гадоў бессэнсоўнай перапіскі. 19 лістапада я трапіла на прыём да старшыні ФПБ Леаніда Козіка, які ў той дзень прымаў грамадзян у грамадскай прыёмнай. Той выслухаў, забраў маю перапіску, паабяцаў разабрацца ва ўсім і параіў патэлефанаваць праз тыдзень… Праз тыдзень Козік захварэў. Маім пытаннем стаў займацца кіраўнік грамадскай прыёмнай Лукашэнкі Сяргей Пікалаеў. Таксама паабяцаў разабрацца. У рэшце рэшт, у злашчасную кватэру прыехала камісія з Магілёўскага райвыканкама. Члены гэтай камісіі пакруціліся па хаце, абяцалі праблему вырашыць і з’ехалі… Але словы так і засталіся словамі…

Дачакаўшыся адкрыцця Усебеларускага сходу, Надзея Маркашанская стала тэлефанаваць на гарачую лінію “народнага хурала”. “Гэта не гарачая лінія, а нейкая прафанацыя рэспубліканскага маштабу! – абураецца жанчына. – З самага ранку і да самага вечара мой хатні тэлефон у аўтаматычным рэжыме набіраў нумар гэтай гарачай лініі – выніку не было. У слухаўцы не было нават гудкоў… Вось так і падманваюць простых людзей. Дэкларуюць, што гатовыя разабрацца з праблемамі, а насамрэч пляваць яны ўсе хацелі на простых людзей…”

Змарнаваўшы дзень на “аўтадазвон”, Маркашанская прыехала ў Мінск на другі дзень працы Усебеларускага сходу. “Я вырашыла проста, калі мерапрыемства і сапраўды УСЕНАРОДНАЕ, то мяне выслухаюць, разбяруцца дапамогуць… Але дарма спадзявалася. Яшчэ на подступах да Палаца Рэспублікі дарогу мне перагарадзілі маладыя людзі ў цывільным. “Жанчына, ідзіце адсюль… — сказалі яны. – Ніхто вас прымаць не будзе…” Стала крыўдна да слёз… Што ж у нас за дзяржава такая? З экранаў тэлебачання Лукашэнка і яго памагатыя клянуцца вырашаць праблемы простага чалавека, а ў рэальным жыцці нічога для людзей не робіцца – толькі пішуцца адпіскі і гучаць пустыя абяцанні разабрацца і дапамагчы. Нашай уладзе верыць нельга…”

Поделиться ссылкой: