“СААЗ не можа агалошваць афіцыйныя наступствы радыяцыйнага ўздзеяння на здароўе людзей”, — лічыць доктар медыцынскіх навук Юрый Бандажэўскі.

— Дэмаграфічная сітуацыя ў раёнах, што пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС, з’яўляецца ў цяперашні час катастрафічнай, — заявіў у інтэрвью Юрый Бандажэўскі. — Пры гэтым смяротнасць у некалькі разоў перавышае нараджальнасць. Павышаная смяротнасць насельніцтва ў вялікай ступені звязана з сардэчна-сасудзістай паталогіяй і злаякаснымі новаўтварэннямі, няўхільны рост якіх назіраецца штогод. Зніжэнне нараджальнасці абумоўлена парушэннем функцыянавання мужчынскай і жаночай рэпрадуктыўных сістэм, паталогіяй унутрывантробнага развіцця. Асноўную небяспеку для здароўя людзей прадстаўляюць радыенукліды Cs-137 i Sr-90, якія паступаюць у іхні арганізм з прадуктамі харчавання. Тэрыторыя многіх раёнаў Украіны і Беларусі таксама забруджана агентамі хімічнай і фізічнай прыроды (свінец, пестыцыды, злучэнні азоту), што з’яўляецца ў супольнасці з радыеактыўнымі элементамі крайне небяспечным для здароўя людзей і жывёл. Сталая прысутнасць радыенуклідаў Cs-137 у арганізме чалавека індуцыруе комплексныя змены, якія закранаюць жыццёва важныя органы і сістэмы і ўключаюць працэсы дэструкцыі і аднаўлення. У выніку гэтага ў асоб, што пражываюць у раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, працэсы абмену рэчываў і функцыянавання жыццёва важных органаў маюць пэўныя асаблівасці, якія не дазваляюць адносіць іх да катэгорыі здаровых.

Прафесар, калі праўда тое, пра што вы кажаце, чаму Сусветная арганізацыя аховы здароўя не абвяшчае пра небяспекі ядзернай энергетыкі для здароўя людзей?

— Існуе пагадненне паміж СААЗ і МАГАТЭ. Паводле гэтага пагаднення, на мой погляд, цалкам блюзнерскага для людзей, СААЗ не можа агалошваць афіцыйныя наступствы радыяцыйнага ўздзеяння на здароўе людзей. Гэта антыгуманны прынцып, гэта праява антыгуманных адносін да людзей. Я супраць такога кшталту пагадненняў, падтрымліваю ўсе магчымыя акцыі, накіраваныя на тое, каб гэтае пагадненне было разблакіравана, таму што на сённяшні дзень, праз шмат гадоў пасля заключэння гэтага пагаднення, людзі на Зямлі, у тым ліку і пасля чарнобыльскай катастрофы, паміраюць ад радыяцыйнага ўздзеяння. Трэба сказаць праўду людзям, трэба паказаць інфармацыю, і трэба сумеснымі намаганнямі шукаць рашэнне для таго, каб абараніць жыццё на планеце Зямля. Крайне небяспечная сітуацыя для ўсяго жывога на Зямлі ў сувязі з развіццём ядзернай атамнай энергетыкі.

Прадстаўляючы чытачам беларускага прафесара Юрыя Бандажэўскага, выданне заўважае, што радыёлаг Ю.Бандажэўскі праводзіў навуковыя даследаванні і займаўся выкладчыцкай працай у Гомелі, быў рэктарам Гомельскага медуніверсітэта. Ён аўтар 240 навуковых прац. У 1999 годзе прафесар Бандажэўскі выступіў на канферэнцыі ў Польшчы, дзе прачытаў даклад пра шкоднасць так званых “малых доз радыяцыі”. Пасля вяртання ў Беларусь адразу ж быў арыштаваны. Рэжымнае судзілішча на падставе фальшывых абвінавачанняў асудзіла яго на 8 гадоў турмы. «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязнем сумлення. Пад ціскам міжнароднай супольнасці рэжым вымушаны быў вызваліць яго па амністыі ў 2005 годзе. Цяпер прафесар жыве і працуе ў Францыі.

Поделиться ссылкой: