У “Сілічах” прымаць людзей плануюць пасля 17.00, у комплексе “Лагойск” — з 12.00. Новы сталічны гарналыжны цэнтр “Сонечная даліна”, што ў Курасоўшчыне, пачне працаваць не раней за 16 снежня. Яго супрацоўнікі кажуць, што адкрыццё затрымліваецца з-за таго, што не ўзгоднена пакуль дакументацыя.

Як аказалася, танней за ўсё паслугі ў “Лагойску”. Калі за арэнду лыж на гадзіну і пад’ёмнік у “Сілічах” давядзецца заплаціць 44 тысячы рублёў у выхадны і 30 тысяч у працоўны дзень, то ў “Лагойску” незалежна ад дня за той жа набор з вас папросяць 27 тысяч. Абанемент на суткі ў “Лагойску” каштуе 95 тысяч, у “Сілічах” 130 у выхадны і 100 тысяч рублёў у працоўны дзень.

— Нашы цэны засталіся на ўзроўні мінулага года, — распавядае “Народнай Волі” намеснік дырэктара комплекса “Лагойск” Сяргей ПАРАШЧАНКА.

— У гэтым годзе вы пачынаеце сезон раней…

— Так, дапамагло надвор’е. У мінулым годзе адкрыліся 15 снежня, у пазамінулым — толькі 28-га. Але зараз маразы далі магчымасць падрыхтаваць трасы раней. Гэта, як мне падаецца, добра і для комплекса, і для людзей.

— Як адпрацавалі мінулы год? Крызіс не паўплываў?

— Ды не. У нас на тыя навагоднія святы месцы браніравалі яшчэ з чэрвеня, уяўляеце! А былі і такія, хто сустрэў Новы год, а затым адразу ж заказваў бронь на наступны. І зараз да 10 студзеня ўжо ўсё прададзена. У нас шмат прапаноў на любы густ, так што кожны можа сабе выбраць тое, што яму даспадобы. Калі прыязджаюць людзі на некалькі дзён, то да іх паслуг гасцініца і хаткі. Для пачынаючых ці дзяцей ёсць школа інструктараў, якія вучаць дзяцей з чатырохгадовага ўзросту. Ставяць на лыжы. Пакатацца прыязджаюць тыя, хто прызвычаіўся да актыўнага адпачынку. Моладзь захапляецца сноўбордам, людзі сярэдняга ўзросту — горнымі лыжамі, кагосьці цікавяць пейнтбол ці квадрацыклы. Многія прыязджаюць адпачыць сем’ямі. Да нас едуць не толькі беларусы, але і расіяне, турысты з дальняга замежжа… На замежных гарналыжных курортах кошты значна вышэйшыя. Так што, карыстаючыся момантам, запрашаю да нас усіх, хто жадае цікава і з карысцю для здароўя правесці вольны час.