Беларусь страцiла пакаленне

4

Працяглая адсутнасць рэформ, адносна нiзкiя даходы хатнiх гаспадарак i дэстабiлiзацыя нацыянальнай эканомiкi з’яўляюцца галоўнымi праблемамi Беларусi. Пра гэта гаворыцца ў даследаваннi “Беларусь страцiла пакаленне”, праведзеным польскiм фондам “Форум грамадзянскага развiцця” (FOR), паведамляе Польскае агенцтва друку.

Паводле аналiзу FOR, праз 20 гадоў з часу распаду СССР памiж Беларуссю i Польшчай утварылася “эканамiчная бездань”: беларуская сярэдняя зарплата ў тры разы менш за польскую i на 30% ніжэй, чым мiнiмальная зарплата ў Польшчы. Працягласць жыцця ў Беларусi на два гады карацейшая, чым у Польшчы.

Вынiкi даследавання прадставiла грамадскасцi ў Варшаве супрацоўнiк FOR Паўлiна Хылiньска. Яна нагадала журналiстам, што фонд быў створаны арганiзатарам польскай эканамiчнай рэформы Лешакам Бальцаровiчам у 2006 годзе. FOR займаецца асветнiцкай працай у галiне эканомiкi ў Польшчы, а таксама надае ўвагу эканамiчным праблемам iншых краiн.

Старшыня польскага Цэнтра сацыяльных i эканамiчных даследаванняў Беларусi Сяржук Наўдорскi падчас прэс-канферэнцыi адзначыў, што прычынай цяперашнiх праблем у суседняй краiне з’яўляецца шматгадовая адсутнасць рэформ. Ён растлумачыў, што ў канцы 1980-х гадоў тэмпы росту рэальнай заработнай платы ў Беларусi павялiчвалiся. “Таму сацыялiсты, якiя прыйшлi да ўлады на пачатку 1990-х, не бачылi прычын, каб штосьцi мяняць, як гэта адбылося ў Польшчы пасля 1989 года, дзе эканомiка была рэфармавана”, — сказаў эксперт.

Паводле меркавання Наўдорскага, яшчэ адной прычынай адсутнасцi рэформ стаў прыход да ўлады Аляксандра Лукашэнкi, бо пасля яго перамогi ўзраслi датацыi з боку Расii. “Такiм чынам, беларуская эканомiка, сацыялiстычная i неэфектыўная, не абвалiлася. Памiж Расiяй i Беларуссю быў уведзены бяспошлiнны гандаль, а такiя прыродныя рэсурсы, як нафта i газ, прадавалiся Беларусi па занiжаных цэнах”, — адзначыў ён.

Разам з тым, паводле слоў Наўдорскага, расiйскiя датацыi неўзабаве знiкнуць, бо Расiя iмкнецца ўступiць у Сусветную гандлёвую арганiзацыю, што патрабуе ўвядзення рыначных цэн на ўсе тавары i паслугi. “Усё гэта пачынае дэстабiлiзаваць беларускую эканомiку. Цяпер беларускiя ўлады прыцягваюць велiзарныя крэдыты. <…> Расце дзяржаўны доўг”, — падкрэслiў ён.

Наўдорскi заявiў, што калi 20 гадоў таму беларуская эканомiка не мела патрэбы ў зменах, бо яна iмклiва развiвалася i была стабiльнай, то цяпер уладам неабходна пачаць эканамiчныя рэформы. “З кожным годам няроўнасць памiж нашымi краiнамi будзе ўзрастаць, пакуль Беларусь не зменiць сваю эканомiку з сацыялiстычнай на капiталiстычную”, — сказаў эксперт.

Поделиться ссылкой: