Паводле БХД, Міністэрствам  юстыцыі парушаны прадугледжаны  законам тэрмін разгляду заявы аб рэгістрацыі палітычнай партыі, паведамілі “Народнай Волі” у прэс-службе БХД.

Нагадаем,  12 верасня 2010 г. у Мінску адбыўся Устаноўчы  з’езд па стварэнні Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (Партыя БХД).  17 і 19 верасня ў Міністэрства юстыцыі  Рэспублікі Беларусь былі пададзены  неабходныя дакуманты. 30 кастрычніка 2010 г. БХД атрымала ліст Мінюста ад 29 кастрычніка, у якім паведамляецца, што пастановай Міністэрства юстыцыі № 81 ад 25 кастрычніка 2010 г. прынята рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Партыі БХД.

Між тым, месячны  тэрмін для разгляду заявы аб рэгістрацыі Партыі БХД скончыўся 16 кастрычніка 2010 г. Аднак пастанова № 81, на якую спасылаецца ў паведамленні аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Міністэрства юстыцыі, прынята 25 кастрычніка 2010 г., а паведамленне датуецца 29 кастрычніка 2010 г. Такім чынам, Мінюст парушыў прадугледжаны законам тэрмін разгляду заявы аб рэгістрацыі палітычнай партыі.

Адначасова, заяўляе  ў сваёй скарзе кіраўніцтва БХД, рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Партыі БХД прынята Міністэрствам юстыцыі беспадстаўна, з’яўляецца неабгрунтаваным і незаконным.

Так, Міністэрства юстыцыі беспадстаўна сцвярджае, што некаторыя асобы са Спісу заснавальнікаў Партыі БХД не прымалі ўдзел у сходах альбо не ставілі свае подпісы ў Спісе заснавальнікаў. Доказаў такіх фактаў Міністэрства не прыводзіць, грунтуючыся на ўласнай трактоўцы дадзеных апытанняў заснавальнікаў Партыі БХД, што праводзіліся паводле працэдуры, не прадугледжанай Законам.

БХД просіць  Вярхоўны суд прызнаць, што адмова Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у рэгістрацыі Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя з’яўляецца незаконнай і парушае правы яе заснавальнікаў, і абавязаць Мініюст  ажыццявіць дзяржаўную рэгістрацыю Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.

“Мы будзем працягваць нашу дзейнасць незалежна ад наяўнасці рэгістрацыі, нягледзячы ні на што мы вядзем прэзідэнцкую кампанію. Мы зноў пройдзем судовыя прыступкі, бо маем факты таго,  што на людзей ціснулі, запужвалі. Праўда за намі, і рана ці позна БХД будзе зарэгістравана”, – адзначыў лідэр Партыі Павал Севярынец.

Поделиться: